Цяглі́цавая тка́нка, або Цяглі́чная тка́нка, або Мы́шачная тка́нка, або Му́скульная тка́нка (лац.: textus muscularis) — тып тканкі, што ўтворана выцягнутымі мышачнымі клеткамі або мышачнымі валокнамі.

Гладкая мышачная тканка
Шкілетная мышачная тканка

Характэрнай асаблівасцю мышачных валокнаў з'яўляецца наяўнасць у іх цытаплазме некалькіх ядраў. I мышачныя валокны, і мышачныя клеткі маюць у цытаплазме ўпарадкаваныя танюткія бялковыя ніці, якія забяспечваюць іх скарачэнне.

Адрозніваюць тры віды мышачнай тканкі: гладкую, папярочнапаласатую шкілетную і папярочнапаласатую сардэчную.

Гладкая (нясчэрчаная) мышачная тканка знаходзіцца ў сценках полых унутраных органаў (страўніка, кішэчніка і інш.) і крывяносных сасудаў. Яна складаецца з падоўжаных, завостраных на канцах клетак з адным ядром. Скарачаецца гладкая мышачная тканка міжвольна, без удзелу свядомасці.

Папярочнапаласатая шкілетная мышачная тканка прадстаўлена мнагаядзернымі мышачнымі валокнамі. У састаў мышачнага валакна ўваходзяць тоўстыя і тонкія бялковыя ніці. 3 прычыны іх неаднолькавай святлопраламляльнай здольнасці мышачныя валокны здаюцца папярочна счэрчанымі (адсюль іх назва). Папярочнапаласатая шкілетная мышачная тканка адрозніваецца ад гладкамышачнай тканкі не толькі будовай. Скарачэнні шкілетных мышцаў кантралююцца свядомасцю і забяспечваюць рух адных частак цела адносна другіх, перамяшчэнне арганізма ў прасторы, а таксама ажыццяўленне мімічных рэакцый.

Папярочнапаласатая сардэчная мышачная тканка складаецца з мышачных валокнаў, паміж якімі маюцца спецыяльныя кантакты. Яны забяспечваюць вельмі хуткую перадачу ўзбуджэння ад адной клеткі да другой. Сардэчная мышца, як і гладкая мышачная тканка, скарачаецца міжвольна. Але ў залежнасці ад стану арганізма і характару работы, якая выконваецца, сіла яе скарачэнняў можа павялічвацца або змяншацца.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Машчанка М. Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М.В.Машчанка, А.Л.Барысаў; пер. з рус. мовы В.У.Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1531-1.