Мядзельскі замак

помнік археалогіі

Мядзельскі замак — помнік абарончай архітэктуры, у якім увасобілася імкненне прыстасаваць замак для абароны ад агнястрэльнай зброі. У выніку ён атрымаў дзве лініі абароны з бастэямі і бастыёнамі. Замак існаваў у XV — пачатку XVIII стст. і размяшчаўся на востраве Замак возера Мястра, займаў пляцоўку гарадзішча.

Замак у Мядзеле. XVI стагоддзе. Мастацкая рэканструкцыя П. Татарнікава.

Рэшткі замка знаходзяцца каля заходняй ускраіны горада Мядзел на сучасным паўвостраве Замак, пры ўпадзенні ў возера Мястра ракі Дробні, якая злучае яго з возерам Баторына.

Гісторыя правіць

 
Выява Мядзельскага замка з Радзівілаўскай карты XVII ст.
  • 2-я палова XV ст. — узвядзенне вялікай мураванай вежы замка Багданам Саковічам на востраве возера Мястра.
  • 1-я палова XVI ст. — час росквіту замка. У першых дзесяцігоддзях з паўночна-заходняга боку да вежы быў прыбудаваны мураваны палац. Да гэтага часу належаць шматлікія фрагменты Мядзельскай кафлі, знойдзеныя на тэрыторыі замкавага пагорка.
  • 2-я палова 1540-х гадоў — пераход Мядзельскага замка ў каралеўскія ўладанні.
  • 2-я палова XVI ст. — першая палова XVII ст. — правядзенне прац па мадэрнізацыі фартыфікацый. Замак абведзены бастыённымі ўмацаваннямі.
  • 1654—1667 гады — час імавернага разбурэння замка падчас Вайны Расіі з Рэччу Паспалітай.[1]

Архітэктура правіць

Мядзельскі замак быў збудаваны на тэрыторыі старажытнага гарадзішча. У комплексе ўмацаванняў сярод пераважна драўляных веж і сцен меў масіўную вежу-данжон дыяметрам да 17,5 метраў і вышынёй да 30 метраў.

У 1-й палове XVI ст. да вежы прыбудаваны мураваны палац, які відавочна і пераняў ад яе функцыі жытла. Аснову абароны замка складалі пяць паўкруглых мураваных бастэй. Пазней замак быў умацаваны дадаткова валам з бастыёнамі.

Замак з’яўляецца прыкладам спалучэння асаблівасцей заходнееўрапейскай фартыфікацыі з мясцовымі элементамі абароны. Замак з’яўляўся надзейным сховішчам для жыхароў Мядзела і прылеглых паселішчаў падчас ваеннай небяспекі.

Муры правіць

Пляцоўка замка была ўмацавана мурам з валуноў на вапнавай рошчыне, што з’яўлялася традыцыйным для сярэднявечнай Беларусі. У аснове ніжняй часткі падмурку знаходзілася гліна, а самы ніжні шэраг валуноў ляжаў на дубовых плахах.

Таўшчыня замкавых муроў з бакоў, прыкрытых возерам складала 1,5—1,7 м. З усходняга боку, які з’яўляўся неабароненым, таўшчыня сцен дасягала 2 м. Па перыметры ўсёй пляцоўкі размяшчаліся 5 паўкруглых мураваных бастэй, таўшчыня сцен якіх складала 2,5 м. У бастэях мусілі размяшчацца гарматы для магчымасці стральбы ўздоўж сцен. Бастэі Мядзельскага замка лічацца самымі раннімі на тэрыторыі Беларусі і папярэднічаюць бастыёнам.

Замкавая вежа правіць

У склад замка ўваходзілі мураваныя вежа і палац. Вежа мела форму кола і яе знешні дыяметр складаў 17,5 м, а ўнутраны — 10 м. Таўшчыня сцен была роўная каля 3,5 метраў. Падмурак вежы быў паглыблены ў зямлю на глыбіню 3,5 метры і выконваў ролю цокальнага паверху. Падмурак быў складзены з шэрагаў валуноў і цэглы буйнога памеру, якія мацаваліся вапнавым растворам.

Паводле малюнка з карты Вялікага Княства Літоўскага 1613 года Тамаша Макоўскага, вежа мела некалькі ярусаў. Найбольш імаверна, што іх было 5. Мяркуецца, што вышыня вежы дасягала 30 м, па памерах яна была блізкай да Камянецкай вежы. Паводле Тамаша Макоўскага, у Мядзельскім замку былі 3 вежы.

Палац правіць

Палац Мядзельскага замка быў пабудаваны ў першай палове XVI ст. і быў дабудаваны да заходняга боку замкавай вежы. У плане палац меў прамавугольную форму. Сцены палаца мелі таўшчыню каля 2 м, шырыню — каля 10 м. У палацы таксама знаходзіліся сутарэнні глыбінёй у 3 м, якія былі перакрытыя скляпеннем.

На сённяшні дзень даўжыня палаца дакладна не вызначана. Але вядома, што на замкавым дзядзінцы размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы, а таксама жылыя дамы служак. Адметна, што дамы мелі печы, кафля з якіх мела найбліжэйшыя аналогіі з матэрыялаў раскопак Віленскіх замкаў.

Бастыённыя ўмацаванні замка правіць

 
Мядзельскі замак у 1560-я гады. Мастацкая рэканструкцыя Паўла Татарнікава.

Вядома, што ў XVII стагоддзі замак быў дастаткова ўмацаваны ніжнім поясам абароны, які складаў земляны вал з бастыёнамі і ровам. Роў запаўняўся вадой з возера. Умацаванні адсутнічалі толькі з усходняга боку, дзе да замка блізка падступала вада возера. Сувязь з берагам ажыццяўлялася праз драўляны мост, даўжыня якога складала 400 м. Паводле легенды, замак быў злучаны з Старым Мядзелам тунэлем, пракапаным пад дном возера Мястра.

Арсенал замка правіць

Паводле гістарычных крыніц, у 1564 годзе ў арсенале Мядзельскага замка знаходзіліся 2 сярэднія фальканеты і 2 серпанціны. Апроч гэтага ў арсенале захоўвалася ручная агнястрэльная зброя.

Археалагічныя даследаванні правіць

Падчас археалагічных даследаванняў у сутарэннях замка была знойдзеная кераміка XV—XVII стст. Таксама была выяўлена прывазная белаглінная паліхромная кафля з разнастайнымі малюнкамі. Сярод іншых скарбаў — грош 1535 года, трохшыпавыя салдацкія падковы пад абцасы, фрагмент жалезнай завесы ад аканіцы, цвікі, шылы, дзвярныя кручкі і іншыя рэчы. На поўдзень ад вежы Мядзельскага замка былі знойдзеныя матэрыялы часоў Кіеўскай Русі XI—XIII стст. Сярод іх — ганчарная кераміка, нажы, косткі дзікай і свойскай жывёлы і іншыя. Таксама былі выяўленыя рэчы перыяду Вялікага Княства Літоўскага XIV—XVII стст., сярод якіх — кераміка, у тым ліку белаглінная, паліваная і паліхромная кафля з расліннымі, геаметрычнымі і сюжэтнымі малюнкамі, а таксама жалезныя вырабы, манеты XVI—XVII стст. і іншыя.

Заўвагі правіць

  1. Волкаў М. А., Плавінскі М. А. Мядзельскі замак у святле пісьмовых і археалагічных крыніц // Архіварыус. Вып. 13. — Мінск, 2015. — С. 67.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць