Мязецкае княства

Мязецкае княства — феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе, адно з Вярхоўскіх княстваў. Было створана пасля скасавання самастойнасці Тарускага княства (1393 г.), частка князёў якога не пажадала служыць Маскве і ад’ехала да вялікага князя літоўскага Вітаўта. Ён даў ім у вотчыну значную частку зямель са складу скасаванага ім Карачаўскага княства, а таксама Казельскага і Бялёўскага княстваў. Цэнтрам новага тэрытарыяльнага ўтварэння каля 14061408 стаў г. Мязецк (Мязочаск, Мяшчоўск), ад якога князі-ўладальнікі атрымалі прозвішча Мязецкія. Вялікія князі літоўскія Жыгімонт і Казімір пацвердзілі сваімі граматамі Мязецкім валоданне шэрагам валасцей. Спіс уладанняў, якія належалі гэтым князям, паступова павялічваўся. Існуючы фармальна, Мязецкае княства не мела самастойнасці, яго князі не заключалі дагавор з правіцелямі ВКЛ і валодалі пэўнымі тэрыторыямі на правах надання («даніна», «выслуга»). Тэрыторыя княства не была кампактнай з акрэсленымі межамі і займала прастору на паўднёвым усходзе ад свайго цэнтра. На працягу XV ст. род Мязецкіх моцна разросся, са складу Мязецкага княства вылучыліся ўдзелы (Баратынскі, Гаўдырэўскі), г. Мязецк быў падзелены на т.зв. дольніцы. У канцы XV ст. пачаўся ціск на Мязецкіх з маскоўскага боку. У 1487 г. людзі князёў Адоеўскіх і Перамышльскага, якія служылі Івану III, прыходзілі ваяваць пад горад Мязецк. Разлічваючы на пэўную выгаду, у жніўні — кастрычніку 1492 г. на бок Масквы перайшоў князь Міхаіл Раманавіч Мязецкі. Горад Мязецк разам з Сярпейскам захапіў князь Сямён Фёдаравіч Варатынскі, які ў той час таксама вырашыў перайсці на маскоўскі бок. Аднак значнае войска ВКЛ на чале са смаленскім намеснікам Юрыем Глебавічам, князем Сямёнам Іванавічам Мажайскім і іншыя адваявалі абодва гарады. У адказ зімой 1493 г. пад Мязецк прыйшло аб’яднанае маскоўска-разанскае войска, падтрыманае сіламі вярхоўскіх князёў. Горад здаўся без бою. Аднак паводле дагавора аб «вечным міры» 1494 г. Мязецкае княства засталося ў сумесным уладанні паміж князямі — прыхільнікамі літоўскага і маскоўскага бакоў. 3 пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1500—1503 гг. апошнія Мязецкія перайшлі на маскоўскую службу, а сам г. Мязецк у 1504 г. паводле завяшчання Івана III быў далучаны да ўладанняў яго 3-га сына Дзмітрыя. Мязецкія князі атрымалі кампенсацыю ў іншых раёнах Маскоўскай дзяржавы.

Гістарычная дзяржава
Мязецкае княства
< 
другая палова XIV ст. — 1504 г.

Сталіца Мязецк
Рэлігія Праваслаўе
Дынастыя Рурыкавічы
Мязецкае княства на карце Чарнігаўска-Северскіх земляў сяр.15 ст. (уверсе)

Літаратура правіць

  • Цемушаў В. Мязецкае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 332. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  • Kuczyński S.M. Ziemie czernihowsko-siewierskie pod rządami Litwy. — Warszawa, 1936. — (Prace Ukraińskiego institutu naukowego. Tom 33).
  • Базилевич К. В. Внешняя политика русского централизованного государства: Вторая половина XV века / К. В. Базилевич; [Предисловие М. Е. Бычкова]. — 2-е издание. — М.: Территория, 2001. — 541, [1] с. ил. — (Памятники русской исторической мысли). — ISBN 5-900829-09-X
  • Кром, М. М. Меж Русью и Литвой: Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI вв. / М. М. Кром; Российский государственный архив древних актов. — М.: Археографический центр, 1995. — 292, [3] с. — (Исследования по русской истории, Выпуск 4).
  • Шеков, А. В. Верховские княжества: (Краткий очерк политической истории XIII — середины XVI вв.) / А. В. Шеков. — Тула, 1993. — 93 с.: рис., табл. — (Труды Тульской археологической экспедиции, Выпуск 1).