Міжзе́м’е (англ.: Middle-earth; Сярэдзінная зямля) — месца дзеяння ў выдуманым сусвеце легендарыума Дж. Р. Р. Толкіна. У Міжзем’і цалкам разгортваюцца падзеі «Хобіта» і «Уладара Пярсцёнкаў» і часткова — «Сільмарыліёна» і «Няскончаных паданняў». Міжзем’е — цэнтральны кантынент выдуманага сусвету, а не назва ўсяго свету Толкіна, як памылкова лічаць некаторыя.

Толкін падрыхтаваў некалькі карт Міжзем’я і асобных яго абласцей, дзе адбываюцца падзеі яго твораў. Не ўсе яны былі апублікаваны пры жыцці. Асноўнымі картамі былі тыя, што былі апублікаваны ў «Хобіце», «Уладары Пярсцёнкаў», «Сільмарыліёне» і «Няскончаных паданнях». Большасць падзей Першай Эпохі адбывалася на субкантыненце Белерыянд, які ў канцы таго перыяду пайшоў пад ваду. Блакітныя Горы на правым краю карты Белерыянда — гэта тыя ж Блакітныя Горы, якія з’яўляюцца ў левым верхнім вугле карты Міжзем’я ў Другой і Трэцяй Эпохах. Карты Міжзем’я Толкіна ахопліваюць толькі невялікую частку свету: не паказаны значныя часткі Руна і Харада, а таксама іншыя кантыненты.

Толкін не раз адзначаў, што Міжзем’е знаходзіцца на нашай Зямлі[1] (дакладней, «знаходзілася» ў далёкім мінулым). Ён казаў пра гэта і ва «Уладары Пярсцёнкаў»[2], і ў лістах.[3] Паводле яго слоў, Трэцяя Эпоха завяршылася прыкладна шэсць тысяч гадоў назад.[4] Наваколлі Шыра — гэта цяперашняя Паўночна-Заходняя Еўропа (Хобітан, напрыклад, размешчаны на той жа шыраце, што і Оксфард).[5] Зрэшты, у адказах на некаторыя лісты ён адклікаўся пра свае гісторыі як пра «іншую рэальнасць» (secondary or sub-creational reality, secondary belief).[6] Падчас інтэрв’ю ў студзені 1971 года, калі яго спыталі, ці можна лічыць, што апісанае ім адбывалася ў іншую эпоху, ён адказаў: «Не… на іншым узроўні ўяўлення — так».[1][7] Тым не менш ён пацвердзіў, што дзеянне адбываецца на Зямлі; параўноўваючы Мідгард і Міжзем’е, ён сказаў: «Так, гэта адно і тое ж слова. Большасць людзей робяць памылку, лічачы, што Міжзем’е — гэта іншы свет ці іншая планета, як у навуковай фантастыцы, але гэта проста старамоднае слова, якое пазначае свет у якім мы жывём і які ўяўляўся акружаным Акіянам».[1] У канцы 1971 года ён ізноў пацвердзіў, што апісанае ім — гэта «кароткі эпізод у гісторыі» Зямлі.[8]

Геаграфія правіць

Міжзем’е ўяўляе сабой вялікі кантынент з працяглай берагавой лініяй на захадзе, якая паступова адхіляецца на паўднёвы ўсход. Берагі Міжзем’я абмываюцца Вялікім Морам (акіянам). На поўначы воды мора ўтвараюць замярзальны заліў Форахел, агароджаны ланцугамі Блакітных гор, на поўдні — Белфалас, на берагах якога знаходзіцца гондарскі порт Пеларгір і магутны замак Дол-Амрат, яшчэ далей на поўдзень — Умбар, цытадэль карсараў. У заліве Лун стаіць эльфійскі горад-порт Шэрыя Гавані — адзіны, адкуль караблі адпраўляюцца ў Валінар. У Вялікае мора ўпадаюць рэкі Ізен (Ангрэн), Брендывайн (Барандуін) і Андуін.

Кантынент рассечаны напалам хрыбтом пад назвай Імглістыя горы, на поўначы якіх знаходзіцца Ангмар. Ля заходняга падножжа гор стаіць Рывендэл. На захад ад хрыбта размешчаны лясістыя раўніны Арнара і Эрыядара, з якімі на поўдні мяжуе Шыр. На ўсход ад хрыбта ляжаць гандлёвыя гарады Дэйл і Эсгарот на берагах Доўгага возера, вотчына Бардынгаў, а таксама вялікае царства гномаў Эрэбар; Адзінокая Гара. Ля паўднёвых адгор’яў Імглістых гор знаходзіцца лес Фангарн, на поўнач ад яго — Латлорыэн, а на паўднёвым захадзе — Ізенгард, цытадэль Сарумана.

З паўночна-ўсходніх адгор’яў Імглістых гор сцякае рака Андуін, якая працякае праз стэпы Рохана. Далей рака цячэ праз Анорыэн і Ітыліэн, аддзяляючы Гондар ад захопленага Мордарам Ітыліэна, і ўпадае ў Вялікае Мора ў раёне Белфаласа. На яе правым беразе ляжыць каралеўства паўднёвых дунэдайн Гондар са сталіцай у горадзе-крэпасці Мінас Тырыт, прама на рацэ стаіць гондарская крэпасць Асгіліят. На левым беразе, на ўсход ад ракі цягнецца ланцужок Папялістых гор, якія адразаюць ад усяго свету Мордар, краіну оркаў і цёмнага ўладара Саўрана. На поўдзень ад Гондара і Мордара ляжыць гарачая, пустынная краіна Харад.

Усход Міжзем’я мала вывучаны і населены, галоўным чынам, качавымі плямёнамі істэрлінгаў, якія насяляюць стэпы на ўсход ад Рохана і на паўднёвы ўсход ад Доўгага возера, на берагах унутранага мора Рун.

Тэрыторыя, якая ахопліваецца картай (створанай самім аўтарам) — прамавугольнік прыблізна 2000 на 1400 міль. Гэта прыкладна 7 млн км² (калі не ўлічваць моры, то гэта адпавядае тэрыторыі Еўропы).

Легендарыум правіць

Зноскі

  1. а б в Interview with J.R.R. Tolkien Архівавана 6 верасня 2012..
  2. Fellowship of the Ring, «Prologue» and Appendix D.
  3. Tolkien, Letters, ed. Humphrey Carpenter, nos. 151, 165, 183, 210, 211, 212, 294, 325.
  4. Letters, no. 211.
  5. Letters, no. 294.
  6. Letters, nos. 180, 200, 328.
  7. Rico Abrahamsen. Webwork by Varda. «Stages of Imagination» Архівавана 11 кастрычніка 2012..
  8. Letters, nos. 325, 328, and p 457.