Міжнародная Акадэмія Валапюка

Міжнародная Акадэмія Валапюка (Kadem bevünetik volapüka) была створана падчас другога валапюкісцкага кангрэса ў Мюнхене ў жніўні 1887 дзеля захавання і ўдакладнення валапюка.

Яе мэтай было дапамагаць стваральніку валапюка Іагану Марціну Шлееру ў далейшым развіцці мовы. Кіраўніцтва ажыццяўлялася іерархічным камітэтам, што складаўся з кіраўніка (cifal), якім быў сам Шлеер, і справавода (ці дырэктара, dilekel), вядомага французскага піянера-валапюкіста Аўгуста Керкгоффса. 17 чалавек, добра ведаючых мову, з 12 краін былі выбраны як акадэмікі першай ступені (kademals), была створана магчымасць для выбару акадэмікаў другой ступені (kademels) і членаў-карэспандэнтаў (kademans) — агулам 31 члена акадэміі. Рэзідэнцыя Акадэміі была ў Парыжы.

Шлеер згадзіўся з Керкгоффсам, што арганізацыйная форма, прынятая ў Мюнхене, павінна разглядацца як часовая і што пытанне аб канчатковым прыняцці (альбо змене) акадэмічнай структуры павінна быць вырашана падчас наступнага кангрэса, які меў адбыцца ў Парыжы ў 1889 годзе. Акрамя таго, Керкгоффс атрымаў ад Шлеера дазвол на выбранне да 17 акадэмікаў яшчэ 7 дадатковых са спецыяльна адабраных людзей. Друкаванымі органамі Акадэміі былі цыркуляры дырэктара (Zulags) і выданне, якім кіраваў сам Керкгоффс: Le Volapuk.

Граматыкі Аўгуста Керкгоффса ўжо з 1887 года фундаментальна адрозніваліся ад валапюка Шлеера. Галоўным чынам дзеля таго, каб скончыць барацьбу паміж імі, Керкгоффс арганізаваў трэці кангрэс валапюкістаў.

19-21 жніўня 1889 года ў Парыжы адбыўся трэці міжнародны кангрэс валапюка. Падчас гэтага кангрэса быў ухвалены новы статут Акадэміі, згодна з якім мэтай акадэміі было дапаўняць і ўзбагачаць граматыку і слоўнік валапюка. Але ўжо ў 1889 годзе выбухнуў канфлікт паміж Шлеерам і Керкгоффсам з-за таго, што першы інтэрпрэтаваў гэту мэту ў звужаным варыянце, а менавіта дазволіў максімальна ўзбагачаць валапюк, у той жа час Керкгоффс меў намер радыкальна рэфармаваць мову з мэтай яе спрашчэння. Керкгоффс паспяхова знішчыў права вета Шлеера ў Акадэміі. Сам Шлеер так ніколі і не згадзіўся з такім істотным абмежаваннем сваіх аўтарскіх правоў, і калі Керкгоффс прапанаваў блок рэформ валапюка, Шлеер адправіў у адстаўку ўсю Акадэмію.

У 1890 Шлеер сам выбраў новую Акадэмію Валапюка з людзей, згодных з яго моўнай канцэпцыяй. Яна складалася з 49 членаў, яе рэзідэнцыя знаходзілася ў Канстанцы. Яна, аднак, была па сутнасці неактыўнай: згодна з нешматлікімі звесткамі, якія з’яўляліся ў яе цэнтральным выданні Volapukabled lezenodik, яе дзейнасць была абмежавана адабрэннем пастаноў Шлеера. Гэтая Акадэмія знікла без вестак ужо ў 1893 годзе.

Пад кіраўніцтвам Вальдэмара Росенберга, які ўзначаліў былую Kadem у 1892 годзе, Акадэмія, новая рэзідэнцыя якой знаходзілася ў Санкт-Пецярбургу, пачала працаваць з 1895 года на карысць нэўтраль і змяніла сваю назву на Akademi Internasional de Lingu Universal (Міжнародная Акадэмія Універсальнай Мовы). Пад кіраўніцтвам Джузэпэ Пеана з 1915 года ранейшая акадэмія пачала падтрымліваць лаціна-сінэ-флексіонэ і змяніла сваё імя на Акадэмія інтерлінгвы.

Такім чынам, у другой палове 1890-х гадоў паралельна існавалі дзве Акадэміі Валапюка: руская, схільная да рэформ, і канстанцкая, артадаксальная. Канстанцкая фармальна існавала, але фактычна ў хуткім часе знікла. У другой палове 1890-х гадоў ужо ніводная з дзвюх акадэмій не мела падтрымліваючага яе руху, бо адсутнічала сацыяльная база іх моўных праектаў.

Гл. таксама правіць