Мікалай Міхайлавіч Селяшчук

Мікалай Міхайлавіч Селяшчук (4 жніўня 1947, в. Велікарыта, Маларыцкі раён — 25 верасня 1996, Італія) — беларускі мастак.

Мікалай Міхайлавіч Селяшчук
Дата нараджэння 4 жніўня 1947(1947-08-04)
Месца нараджэння
Дата смерці 25 верасня 1996(1996-09-25) (49 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, экслібрысіст, графік
Вучоба
Вядомыя працы «Анжэла» (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь)
Прэміі
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь

Біяграфія правіць

Вучыўся ў мастацкай студыі ў Брэсце пад кіраўніцтвам П. А. Данеліі, Мінскім мастацкім вучылішчы (1965—1970, аддзяленне жывапісу). Пасля службы ў Савецкай арміі, скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1970—1976, кафедра графікі) у П. К. Любамудрава, В. П. Шаранговіча. Член Беларускага саюза мастакоў (з 1977).

Патануў у Тырэнскім моры падчас паездкі ў Італію. Пахаваны на могілках у Камяніцы-Жыравецкай.

Творчасць правіць

Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, станковым жывапісе, жывапісе і экслібрысе.

Першыя гады творчасці прысвечаныя графіцы, М. Селяшчук стварыў вялікую колькасць станковых работ і кніжных ілюстрацый. У 1980-я г. выйшлі аформленыя ім дзіцячыя кнігі: зборнік народных казак «Бацькаў дар», асобнае выданне казкі «Прагны багацей», кніга вершаў Р. Барадуліна «Індыкала-Кудыкала». Значнай працай М. Селяшчука гэтага кірунку стала афармленне паэмы Я. Коласа «Сымон-музыка» (1990). М. Селяшчук таксама аздобіў кнігі паэзіі «Слухаю сэрца», «Такое кароткае лета» Р. Баравіковай, «Пара любові і жалю» Я. Янішчыц, «Усміхніся мне» Я. Сіпакова, «Скарб» З. Бядулі і інш.

Адметнымі рысамі стылістыкі жывапісных кампазіцый аўтара з’яўляюцца разгорнутая апавядальная алегорыя, ёмістая метафара, сімволіка. М. Селяшчук імкнуўся да стварэння вобразаў-ідэй, а яго карціны, па словах крытыкаў, нагадваюць тэатр. Мастак выкарыстоўваў элементы сюррэалізму, фантасмагорыю і гратэск. Кніжная графіка мастака насычана дэкаратыўнымі дэталямі, фантастычнымі выявамі, прадметамі побыту і адзення.

Удзельнічаў у выстаўках з 1966 года. У канцы 1970 — пачатку 1980-х гадоў актыўна выстаўляў жывапісныя працы. У 1987 г. у Гродна адбылася персанальная выстаўка. Творы экспанаваліся ў Расіі, Літве, Эстоніі, Азербайджане, Венгрыі, Польшчы, Балгарыі, Чэхіі, Славакіі, Італіі, Канадзе, ЗША, Грэцыі, Іспаніі, Інданезіі, Бельгіі, Францыі, Шры-Ланке, Японіі, Фінляндыі, Германіі, Англіі, Партугаліі.

У верасні 2012 года, да 65-годдзя з дня нараджэння мастака, яго творы былі паказаны на персанальнай выстаўцы «Мікалай Селяшчук (1947–1996). Паміж святлом і ценем», Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

Жывапіс і графіка М. Селяшчука захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, калекцыі Беларускага саюза мастакоў, Магілеўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Музеі сучаснага мастацтва Экватарыяльнай Гвінеі, Галерэі Костакі ў Афінах (Грэцыя), Галерэі Хагельстам у Хельсінкі (Фінляндыя), Салоне Світа Капланскага ў Таронта (Канада), Гандлёва-прамысловым цэнтры Мінеапаліса (ЗША), у Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Нью-Джэрсі (ЗША) і інш., а таксама прыватных калекцыях Беларусі, Грэцыі, Францыі, Фінляндыі, Канады, ЗША, Ізраіля, Літвы, Чэхіі, Славакіі, Расіі, Германіі.

Узнагароды і прэміі правіць

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1992) за серыю графічных лістоў «Святы» («Каляды», «Гуканне вясны», «Вербніца»), цыкл карцін «Мая Беларусь», ілюстрацыі да кніг «Сымон-музыка» Я. Коласа і «Сказки белорусских писателей»). Узнагароджаны 18 дыпломамі і прэміямі рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных конкурсаў кнігі. За малюнкі да казак беларускіх пісьменнікаў узнагароджаны залатым медалём і дыпломам біенале кніжнай ілюстрацыі ў Браціславе (1989).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць