Набе́дранік — частка богаслужэбнага аблачэння праваслаўнага ці грэка-каталіцкага духавенства, шчыльны прамавугольны плат, які носіцца на доўгай стужцы каля сцягна. Права нашэння набедраніка даецца святарам у якасці ўзнагароды. Набедранік разглядаецца як сімвалічная выява духоўнай зброі — Слова Божага. З'явіўся ў РПЦ каля XVI стагоддзя, магчыма, як змененая форма паліцы.

Набедранік XIX стагоддзя

Апісанне правіць

Мае выгляд крамніннага даўгаватага прамавугольніка (плата), у цэнтры якога знаходзіцца выява крыжа. Носіцца на доўгай стужцы ля правага сцягна, а калі ёсць паліца, то ля левага сцягна (у протаіерэя і архімандрыта) злева. Гэтак жа як і паліца, сімвалізуе «меч духоўны, які ёсць Слова Божае» (Эф. 6:17).

Гістарычна працэс фарміравання сучаснага спісу адзення святарства, неабходнага для набажэнства, завяршыўся, каля VI стагоддзя. Да гэтага часу ў вопратцы святара ўжо вылучаюцца падрызнік, епітрахіль і рыза (Фелонь). Гэтыя тры рэчы з’яўляюцца самымі старажытнымі па сваім паходжанні.

У наш час распаўсюджаны таксама іншыя элементы богаслужбовага адзення, права насіць якія епіскап дае святарам як узнагароду за шчырую і доўгую службу. Гэта — набедранік, паліца і мітра, якія былі запазычаныя з візантыйскага свецкага касцюма. Паліцу і набедранік насілі імператар і вышэйшыя ваенныя чыны, як асаблівы плат, які абараняў нагу ад шмаравання ножнамі з мячом. Пасля паліца была элементам толькі епіскапскага адзення, толькі пазней, пачынаючы з XVII стагоддзя ёю сталі ўзнагароджваць некаторых святароў.

Гісторыя правіць

Набедранік з’явіўся ў рускай літургічнай традыцыі ў XVI стагоддзі. Па матэрыялах рукапісаў XVII стагоддзя, прыналежнасцю архімандрытаў, ігуменаў і пратапапоў быў адзін толькі набедранік, без паліцы[1]. Аднак архімандрытаў некаторых знакамітых манастыроў узнагароджвалі граматамі маскоўскага патрыярха ці расійскага цара альбо граматамі епархіяльных архіерэяў і яны маглі адначасова насіць паліцу і набедранік. У «Нарысе гісторыі Рускай Царквы» будучага епіскапа Гермагена (Дабранравіна) згадваецца, што ў 1561 годзе архімандрыт Троіца-Сергіевай лаўры першы атрымаў права служэння ў мітры, набедраніку, паліцы і з рыпідамі. У 1651 годзе царом Аляксеем Міхайлавічам аналагічныя правы былі падараваныя архімандрыту Салавецкага манастыра. На працягу XVII стагоддзя архімандрытам розных манастыроў даравалася таксама права служэння як з адной паліцай, так і з паліцай і набедранікам. Пры гэтым якой-небудзь паслядоўнасці ў прадастаўленні літургічных адрозненняў не было: архімандрыту маглі дараваць права служэння ў мітры («шапцы срэбракаванай»), з рыпідамі, «на дыване» і з асвячэннем свечкамі, але без паліцы і набедраніку.

У 1675 годзе на Маскоўскім саборы былі ўпарадкаваны іерархічныя ўзнагароды. Магчыма, пад уплывам прысутных на саборы прадстаўнікоў грэчаскага духавенства набедранік знік са спісу літургічнага адзення духавенства ў Масковіі, у той час як паліцу (у тэкстах пастаноў сабора — «епіганатый») апраналі архімандрыты трох манастыроў — Троіца-Сергіева, Уладзімірскага Раства Найсвяцейшай Багародзіцы і Маскоўскага Цудава. Астатнія архімандрыты, ігумены і протапрэсвітары маглі насіць набедранік толькі ў якасці ўзнагароды з боку цара або патрыярха. Пры гэтым рабілася заўвага аб недапушчальнасці самавольнага прысваення літургічных адрозненняў[2], што кажа аб стыхійным характары іх распаўсюду. Аднак адразу пасля сабора падараваныя раней архімандрытам манастыроў права нашэння некаторага архіерэйскага адзення, уключаючы паліцу, а таксама набедранік, было пацверджана.

З пачаткам Сінадальнага перыяду РПЦ, набедранік пераўтварыўся ў узнагароду, якая пачала давацца вялікай колькасці духавенства. Аднак у 1780-я гады Амвросіем (Падабедавым), калі ён быў архіепіскапам Круціцкім архімандрытам Лужэцкага Мажайскага манастыра было «наказан ... насіць мантыю са скрыжалямі, служыць з набедранікам, паліцай, у капялюшы, на дыване і мець жазло».

Пасля забароны каталіцтва візантыйскага абрада ў Полацку ў 1839 годзе, набедранік пачаў пераходзіць таксама і да грэка-каталікоў, у першую чаргу ў Холмскай вобласці. Сёння сярод каталікоў набедранікам карыстаецца Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, Украінская Грэка-Каталіцкая Царква, Руская Грэка-Каталіцкая Царква (РКЦВО) і ў Каталіцкая Царква візантыйска-славянскага абраду ў Польшчы.

Набедранік даецца святару (іерэю і іераманаху) за дбайнае служэнне Царкве ў якасці першай узнагароды (звычайна праз тры гады пасля хіратоніі), альбо адразу на хіратоніі стаўленіка, які мае семінарскую адукацыю і фармацыю. Узнагароджанне знаходзіцца ў кампетэнцыі епархіяльнага архірэя (ардынарыя) і адбываецца на Боскай Літургіі падчас Малога Уваходу.

Малітва пры апрананні правіць

Паколькі набедранік — гэта толькі ўсходнеславянская традыцыя, якой няма нідзе больш на Усходзе, сваёй асабістай малітвы набедранік не мае, таму прамаўляецца тая ж самая малітва, што і пры апрананні паліцы.

Апрануўшы свой набедранік, святар моліцца:

  «Падперажы меч твой да боку твайго, сільны, у дабрыні тваёй, і напружся і паспявай, і пануй дзеля Праўды, лагоды і справядлівасці, і правая рука твая дзівосна падвядзе цябе» (Пс. 44:4,5)  

Зноскі правіць

  1. Амвросий 1807, с. 320.
  2. Амвросий 1807, с. 338—341.

Літаратура правіць

  • Завальнюк У. М. Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. — Мінск, Изд-во Гревцова, 2013. — 808 с. — ISBN 978-985-6954-73-6.
  • Амвросий, иеромонах. История российской иерархии (руск.). — Ч. 1. — М.: Синодальная тип, 1807. — 651 с.