Нанайцы, хэчжэ (саманазвы нанай, нани «людзі зямлі, тутэйшыя») — народ у Азіі, карэнныя насельнікі басейна ракі Амур.

Нанайцы
(нани)
Агульная колькасць 12003 у Расіі, 4640 у Кітаі
Рэгіёны пражывання Расія, Кітай
Мова нанайская
Рэлігія Праваслаўе, будызм, анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы ульчы, орачы, оракі, удэгейцы

Рассяленне правіць

Па прынцыпу рассялення, падзяляюцца на нізавых і верхавых нанайцаў. Нізавыя жывуць пераважна па ніжнім цячэнні ракі Амур і правых прытоках ракі Усуры ў Хабараўскім краі і Прыморскім краі Расіі (12003 чал. у 2010 г.). Верхавыя (хэчжэ) жывуць у памежнай правінцыі Хэйлунцзян у Кітаі (4640 чал. у 2000 г.), расселены паміж рэкамі Сунгары і Усуры[1].

Паходжанне і гісторыя правіць

Нанайцы захавалі многія рысы культуры, якія набліжаюць іх да аўтахтоннага насельніцтва, што насяляла ўзбярэжжа р. Амур яшчэ ў неаліце, магчыма продкаў ніўхаў. Аднак з кан. I тыс. да н. э. у Прыамур’і таксама сяліліся прадстаўнікі тунгуса-маньчжурскіх народаў (ілоу, сушэнь, махэ, эвенкі, маньчжуры і інш). Нанайцы і блізкія да іх ульчы і орачы сфарміраваліся ў выніку іх змяшэння з аўтахтонамі. Некаторыя нанайскія роды вядуць свой радавод ад эвенкаў, айнаў ці з Маньчжурыі і Кітая.

У XII—XIV стст. прыамурскія землі падвяргаліся нашэсцям чжурчжэняў і манголаў. У XV ст. яны былі на некаторы час далучаны да Кітая, прычым мясцовае насельніцтва выплочвала натуральныя падаткі. У XVII ст. Прыамур’е зноў стала арэнай каланіяльнай экспансіі кітайцаў і рускіх. Згодна звесткам рускіх казакоў у сяр. XVII ст. паўднёвыя тэрыторыі пазнейшага рассялення нанайцаў займалі земляробы-дзючэры, моўныя сваякі маньчжураў. Але з 1654 г. яны былі выселены кітайцамі, а іх землі занятыя нанайцамі. У кан. XVII — сяр. XIX стст. Прыамур’е фармальна ўваходзіла ў склад Кітая. Кітайскімі ўладамі ўтрымоўваліся вартавыя пасты, прызначаліся старшыні нанайскіх родаў і паселішчаў. Нанайцы актыўна гандлявалі з кітайцамі і маньчжурамі. Сярод іх сяліліся кітайцы-сяляне. Меліся сумесныя шлюбы і праслойка мяшанцаў.

У 1850 г. Прыамур’е было анэксіравана Расійскай імперыяй. Верхавыя нанайцы засталіся ў складзе Кітая, але да 30-ых гг. ХХ ст. мелі магчымасць падтрымліваць сталыя кантакты са сваякамі з Расіі. У XIX—XX ст. значная частка нанайскіх зямель была занятая рускімі і кітайскімі перасяленцамі. Прычым, ў Кітае назіраліся больш высокія тэмпы запазычвання нанайцамі іншароднай культуры.

У Расіі сярод нанайцаў праводзілася хрысціянізацыя, працавалі місіянерскія школы з інтэрнатамі. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў палітычныя рэпрэсіі вымусілі многіх нанайцаў перасяляцца ў Кітай. У пач. 1930-ых гг. быў створаны Нанайскі раён, пачалося выкладанне нанайскай мовы ў школах, група нанайскай моладзі была накіравана ў Ленінград для атрымання вышэйшай адукацыі. Зноў цікавасць да развіцця роднай мовы і культуры прасочваецца з сяр. 1980-ых гг.

У 2006 г. адбылася першая афіцыйная сустрэча нанайцаў Расіі і Кітая.

Традыцыйная культура правіць

 
Традыцыйны жаночы халат

Нанайцы вялі комплексную гаспадарку — займаліся ловам рыбы, палявалі на капытных, мядзведзяў, футравых звяроў. Гандаль футрам і асятровай рыбай меў важнае значэнне з XVII ст. Рыба была асноўнай крыніцай ежы. Яе елі сырую, печаную, вяленую, нарыхтоўвалі рыбны жыр, рабілі сухі рыбны парашок. Ежу запраўлялі ляснымі травамі і ягадамі. Найбольш прынадная страва бода — прэсная каша з проса і ікры. Лавілі рыбу і палявалі з дапамогай рознага тыпу сетак, дзід, восцяў, самастрэлаў і г. д.

Галоўны транспартны сродак — лодка. Узімку карысталіся лыжамі і самацяглымі нартамі, у якія маглі ўпрагаць паляўнічых сабак.

Існаваў падзел працы паміж мужчынамі і жанчынамі. Мужчыны забяспечвалі сям’ю, майстравалі зброю, сеткі, займаліся кавальскай справай, рабілі лыжы, нарты і г. д. Жанчыны клапаціліся пра гаспадарку, збіралі ягады, травы, карэнні, аднак у адсутнасці мужа таксама маглі лавіць рыбу. Частка заможных нанайцаў займалася пасрэдніцкім гандлем.

У сувязі з сезоннымі перамяшчэннямі нанайцы будавалі летнія і зімовыя жытлы. Летнія — звычайна буданы — мелі часовы характар. Зімовыя зямлянкі-серома, паўзямлянкі-хурбу і фанзы ладзілі капітальна з бярвенчатых зрубаў. Паляўнічыя карысталіся часовымі зімовымі каркаснымі ундхэн, падобнымі на дахі з 4 пахіламі. Кожны жыхар хаты меў вызначанае толькі для яго спальнае месца на гліняных нарах, якія ўцяплялі з дапамогай комінаў ад печы або агменю. Перад жытлом шамана ставілі слупы з выявамі цмокаў, жаб, яшчарак і іншых пачвар. Перад жытлом высакароднага чалавека, меўшага сувязі з Маньчжурыяй, — слуп з выявай зязюлі. Гаспадарчыя пабудовы ўзводзілі на палях.

Вопратку шылі з рыбных, ласіных, аленевых і сабачых скур або з тканіны, якую звычайна прывозілі кітайскія гандляры. Асноўныя часткі традыцыйнай вопраткі мужчын і жанчын — халат без каўняра з вузкімі рукавамі, вузкія і кароткія штаны, нагавіцы, жаночы нагруднік-лэлу. Узімку насілі некалькі халатаў, часам уцепленых ватай або футрам. Нанайскі абутак ота меў кароткую халяву і разрэз спераду, пад яго апраналі панчохі. Нарукаўнікі і рукавіцы пакрывалі рыбнай скурай. Галаўныя ўборы разнастайныя. Асабліва вылучалася зімовая ватная шапка ў форме шлема.

У канцы XIX ст. асновай сацыяльнай арганізацыі былі вялікія пашыраныя і малыя нуклеарныя сем’і. Згодна з рускім перапісам 1897 г., нуклеарныя пераважалі. Гэта можна растлумачыць тым, што з XVII ст. кітайская адміністрацыя падтрымлівала працэс разлажэння абшчын, замацоўвала за пэўнымі малымі сем’ямі паляўнічыя і рыбацкія ўгоддзі. Сем’і аб’ядноўваліся ў роды, кожны з якіх меў асабістае паходжанне і здзяйсняў судовыя функцыі. Малаколькасныя роды стваралі саюзы-доха. Іх чальцамі таксама былі ульчы, орачы, удэгейцы. Палігамныя сем’і складалі не меней за 10 % і сустракаліся нават у пасляваенны час. У заможных нанайцаў меліся рабы. Цікава, што слова «раб» нихан азначала таксама этнічнага кітайца.

Асноўныя віды вуснай творчасці — казкі ненгма і паданні тэлунгу. Вылучаліся мужчынскія казкі са спевамі і жаночыя без спеваў. Жанчынам наогул забаранялася спяваць. Нанайцы славіліся сваімі арнаментам, жаночым гафтам і аплікацыяй. Драўляная скульптура насіла архаічныя рысы.

Мова правіць

Нанайская мова адносіцца да амурскай падгрупы тунгуса-маньчжурскіх моў. Вылучаюць розныя гаворкі, якія, у сваю чаргу падзяляюцца на нізавую і верхавую групы. Мова верхавых нанайцаў непісьменная. У 1928 г. энтузіястамі быў складзены буквар для нізавых нанайцаў на аснове кірыліцы, але ў 1929 г. афіцыйна з’явілася нанайская пісьмовая мова на аснове лацінкі. У 1937 г. зноў пераведзена на кірыліцу. Нанайская мова выкладаецца ў школах, але колькасць яе носьбітаў паступова памяншаецца.

Рэлігія правіць

 
Нанайскі шаман

У кан. XIX ст. нанайцы, што трапілі ў склад Расіі былі ахрышчаныя ў праваслаўе. Некаторыя вернікі ў Кітае спавядаюць будызм.

Аднак нават пасля прыняцця сусветных рэлігій сярод нізавых і верхавых нанайцаў працягвалі пераважаць анімістычныя культы і шаманізм. У кожным прадмеце нанайцы бачылі яго матэрыяльную форму і жывы пачатак. Агонь, вада, неба, зоркі мелі сваіх «гаспадароў». У ахвяру ім прыносілі свінняў і сабак. У штодзённым жыцці асабліва шанавалася гаспадыня агню Фадзя мама. Шматлікім духам надаваліся зааморфныя і антрапаморфныя рысы. Зямныя духі падзяляліся на злых бусю і адносна нейтральных сэвен. Кожны род меў свяшчэннае дрэва омя мони, з якога ў лона жанчын рода прыляталі птушкі-душы дзяцей омя гаса.

Шаманы выконвалі лекарскія і пахавальныя функцыі. Імі маглі быць мужчыны і жанчыны, але найбольш магутныя шаманы-касатэй, што суправаджалі душу нябожчыка ў іншы свет, — толькі мужчыны. Памерлых немаўлят хавалі ў дрэвах, дарослых — у зямлі, радзей у драўляных склепах. У пач. ХХ ст. распаўсюдзіўся культ Хэры Мапа — легендарнага шамана з роду Хадзэр, які ўяўляўся заступнікам прадстаўнікоў розных родаў.

Зноскі

  1. Народы и религии мира: Энииклопелия. — М., 1999. С. 365

Літаратура правіць

  • Народы и религии мира: Энииклопелия / Гл. ред. В. А. Тишков, Редкол.: О. Ю. Артемова, С. А. Арутюнов, А. Н. Кожановский и др. — М.: Большая Российская энциклопедия, 1999. - 928 с.: ил. ISBN 5-85270-155-6

Спасылкі правіць