Напад на цягнік каля Лунінца

Напад на цягнік каля Лунінца здарыўся 25 верасня 1924 года. Належаў да найбольш вядомых і громкіх актаў бальшавіцкіх дыверсантаў міжваеннага перыяду гісторыі Польшчы.

Канец вайны не прынёс супакою мірнаму насельніцтву памежжа. Рабаванні, кантрабанда, атакі бальшавіцкіх банд не былі рэдкімі. Толькі ў 1924 годзе паліцыя зафіксавала на польска-савецкім памежжы 189 рабункаў і дыверсійных нападаў і 28 актаў сабатажу, у якіх удзельнічала каля 1000 чалавек.[1][2]. Мэтай усіх гэтых акцый было паказаць, што польская адміністрацыя некампетэнтная і не можа гарантаваць бяспеку сваіх грамадзян[2].

25 верасня 1924 года бальшавіцкая банда ў складзе каля 70 чалавек затрымала каля Лунінца цягнік кірунку Брэст — Сарны, на якім на сустрэчу з міністрам унутраных спраў ехала афіцыйная дэлегацыя Палескага ваяводства з ваяводам Станіславам Даўнаровічам, сенатарам Баляславам Выслоўхам, камендантам 14 палескай акругі Дзяржаўнай Паліцыі інспектарам Юзафам Менсавічам і біскупам мінскім Зыгмунтам Лазінскім. Пазнейшае следства не даказала, ці быў напад на гэтых знакамітых асоб выпадковым або ўсё ж адмысловым. Хаця абарону дэлегацыі даручылі больш за 10 паліцэйскім і салдатам, узброенае супраціўленне аказаў толькі адзін паліцэйскі — Уладзіслаў Дмоўскі, за што пазней ён быў павышаны і ўзнагароджаны Крыжам Заслуг[3].

Пасля затрымання і акружэння цягніка бандыты пачалі рабаванне пасажыраў. Некаторыя людзі, ў тым ліку ваявода і камендант, страцілі нават ніжнюю бялізну. У біскупа забралі залаты крыж. Тыя, хто спрабаваў супрацьстаяць, былі збіты; таксама быў забіты адзін яўрэйскі купец. Узамен за зрабаваныя прадметы бандыты далі «квітанцыю», якую падпісаў «атаман Трафім Каліненка»[3].

Напад на цягнік пад Лунінцом быў не першым і не апошнім, але моцна абурыў грамадства, у асноўным з-за пасіўнасці старэйшых службовых асоб. Ваявода і камендант былі адразу зняты са сваіх пасад[3].

Зноскі

  1. Jerzy Paciorkowski, Płonąca granica, Policja 997, nr 12 (57), grudzień 2009, ISSN 1734—1167, s. 36. (польск.)
  2. а б Jerzy Paciorkowski, Służba na wygnaniu, Policja 997, nr 1 (58), styczeń 2010, ISSN 1734—1167, s. 14. (польск.)
  3. а б в Jerzy Paciorkowski, Służba na wygnaniu, Policja 997, nr 1 (58), styczeń 2010, ISSN 1734—1167, s. 15. (польск.)