Натавэй (саманазва: Cheroenhaka) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Жывуць пераважна ў садружнасці Вірджынія. Агульная колькасць — 272 чал.

Натавэй
(Cheroenhaka)
Агульная колькасць 272
Рэгіёны пражывання Садружнасць Вірджынія
Мова натавэй
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы тускарора, чэрокі, мехерын

Гісторыя правіць

Натавэй маюць агульнае паходжанне з тускарора. Археалагічныя раскопкі паселішча натавэй на паўднёвым захадзе Вірджыніі, якое датуецца 1580 г., паказалі, што яно магло існаваць ужо ў IX ст. н. э. Да прыходу еўрапейцаў натавэй насялялі ўзбярэжную раўніну Вірджыніі і Паўночнай Караліны. На поўдні межавалі з мехерын і продкамі тускарора, на поўначы і паўночным захадзе — з алганкінамі, на захадзе — з катоба. У 1650 г. агульная колькасць насельніцтва ацэньвалася ў некалькі сот чалавек. Саманазва Cheroenhaka можа перакладацца як «людзі тытуню» або «людзі на скрыжаванні ручая». Сучасная назва натавэй была запазычана англічанамі ў алганкінаў і значыла «атрутныя змеі».

Кантакты з англійскімі каланістамі пачаліся ў 1607 г. Яны мелі мірны характар. У 1647 г., 1677 г., 1713 г. і 1776 г. падпісваліся мірныя дагаворы з Садружнасцю Вірджынія. У 1705 г. была вызначана мяжа рэзервацыі. У 1776 г. натавэй разам з амерыканцамі ўдзельнічалі ў выгнанні індзейцаў-аканічы.

Развіццё ўзаемаадносінаў з амерыканскім грамадствам суправаджалася сталай асіміляцыяй. З пачатку XVIII ст. натавэй атрымалі магчымасць вучыцца ў англамоўных школах. Асобныя натавэй пакідалі рэзервацыю і пераязджалі ў гарады. У 1877 г. частка сямей вылучылася з рэзервацыі разам з зямлёю (575 акраў), якая перайшла ў іх прыватную маёмасць. У 2002 г. іх нашчадкі зноў былі фармальна прыняты ў супольнасць натавэй.

Мова правіць

Родная мова натавэй адносіцца да іракезскай моўнай сям'і. У 1820 г. заставалася толькі 3 старых чалавекі, якія ёй валодалі. Да нашых дзён захавалася 275 запісаных слоў. Яны паказваюць блізкасць мовы натавэй да мовы тускарора.

Спасылкі правіць