Нацыянальны авіяцыйны ўніверсітэт

універсітэт у Кіеве

Нацыянальны авіяцыйны ўніверсітэт — украінская дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова політэхнічнага профілю са статусам нацыянальнага ўніверсітэта, якая знаходзіцца ў Кіеве.

Нацыянальны авіяцыйны ўніверсітэт
Національний авіаційний університет
Выява лагатыпа
Арыгінальная назва Національний авіаційний університет
Міжнародная назва National Aviation University
Заснаваны 1933
Тып політэхнічны ўніверсітэт
Рэктар Максім Георгіевіч Луцкі[1]
Студэнты 25000
Дактары 185
Юрыдычны адрас пр-т Любаміра Гузара 1,
03680 г. Кіеў, Украіна
Сайт nau.edu.ua
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Вытокі навучальнай установы паходзяць з авіяцыйных курсаў, арганізаваных на пачатку XX стагоддзя, а самастойная гісторыя ўстановы пачалася ў 1933 годзе з пастановы Савета Народных Камісараў СССР, калі на базе Авіяцыйнага факультэта Кіеўскага машынабудаўнічага інстытута быў створаны Кіеўскі Авіяцыйны Інстытут (КАІ).

У далейшым назва ўстановы змянялася: Кіеўскі інстытут грамадзянскага паветранага флоту (1947), Кіеўскі інстытут грамадзянскай авіяцыі (1964), Кіеўскі інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі (1965), Кіеўскі міжнародны ўніверсітэт грамадзянскай авіяцыі (1994), Нацыянальны авіяцыйны ўніверсітэт (2000).

Улічваючы агульнадзяржаўнае і міжнароднае прызнанне вынікаў дзейнасці і значны ўклад у развіццё нацыянальнай вышэйшай адукацыі і навукі, указам Прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы ў верасні 2000 года ўніверсітэту прысвоены статус нацыянальнага.

Структура правіць

  • Інстытут ІКАО;
  • Інстытут міжнароднага супрацоўніцтва і развіцця;
  • Інстытут новых тэхналогій і лідарства;
  • Інстытут бесперапыннай адукацыі;
  • Інстытут інавацыйных асветных тэхналогій;
  • Аэракасмічны факультэт
  • Факультэт аэранавігацыі, электронікі і тэлекамунікацый;
  • Факультэт архітэктуры, будаўніцтва і дызайна;
  • Факультэт экалагічнай бяспекі, інжынерыі і тэхналогій;
  • Факультэт эканомікі і бізнес-адміністравання;
  • Факультэт кібербяспекі, камп’ютарнай і праграмнай інжынерыі;
  • Факультэт лінгвістыкі і сацыяльных камунікацый;
  • Факультэт міжнародных адносін;
  • Факультэт транспарту, менеджменту і лагістыкі;
  • Юрыдычны факультэт.

Вядомыя выпускнікі правіць

  • Уладзімір Мікалаевіч Чаламей — доктар тэхнічных навук, прафесар, Генеральны канструктар ракетна-касмічнай тэхнікі СССР, акадэмік Акадэміі навук СССР, член Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, распрацоўшчык «ядзернага шчыта» Савецкага Саюза, спецыяліст у галіне дынамікі ўстойлівасці складаных вагальных сістэм, механікі і тэхнічнай кібернетыкі. Скончыў Кіеўскі авіяцыйны інстытут у 1937 годзе, працаваў старшым выкладчыкам КАІ ў 1939—1941 гг.[2]
  • Мікалай Лукіч Галега — доктар тэхнічных навук, прафесар, Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі УССР, член-карэспандэнт НАН Украіны, вучоны ў галіне механікі і машынабудавання, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі авіяцыйны інстытут у 1938 годзе.
  • Юрый Уладзіміравіч Курлін — лётчык-выпрабавальнік, Герой Савецкага Саюза, узнагароджаны ордэнам «За заслугі» ІІІ ступені, майстар спорту міжнароднага класа па самалётным спорце. Скончыў Кіеўскі інстытут інжынераў грамадзянскага паветранага флоту ў 1956 годзе.
  • Аляксандр Фядотавіч Аксёнаў — доктар тэхнічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Украіны, спецыяліст у галіне авіяцыйнага матэрыялазнаўства, трэння і зносу металаў, заснавальнік напрамку авіяцыйнай хіматалогіі. Скончыў механічны факультэт Кіеўскага інстытута грамадзянскага паветранага флоту ў 1953 годзе.
  • Уладзімір Аляксеевіч Ігнатаў — доктар тэхнічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны, акадэмік Акадэміі сувязі Украіны, акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі пры ААН, заснавальнік навуковай школы ў галіне авіяцыйнай і касмічнай радыёэлектронікі. Скончыў Кіеўскі інстытут грамадзянскага паветранага флоту ў 1961 годзе.
  • Міхаіл Рыгоравіч Харчанка — дырэктар авіятранспартнага прадпрыемства «Авіялініі Антонава» дзяржаўнага прадпрыемства «Антонаў». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Украіны ў галіне навукі і тэхнікі за дасягненні ў галіне самалётабудавання, Заслужаны работнік транспарту Украіны, вядучы інжынер-выпрабавальнік першага класа.
  • Уладзімір Уладзіміравіч Мохар — доктар тэхнічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Украіны, дырэктар Інстытута праблем мадэлявання ў энергетыцы імя Г. Я. Пухава НАН Украіны. Скончыў факультэт аўтаматыкі і вылічальнай тэхнікі Кіеўскага інстытута інжынераў грамадзянскай авіяцыі ў 1977 годзе.
  • Бенард Аліу Алумуіва — пяты прэзідэнт Савета Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО), Ганаровы доктар НАУ. Скончыў Кіеўскі інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі ў 1983 годзе.
  • Аляксандр Дзмітрыевіч Данец — прэзідэнт Дзяржаўнага прадпрыемства «Антонаў», Заслужаны авіябудаўнік Украіны, спецыяліст у галіне тэхнічнай эксплуатацыі авіяцыі. Скончыў Кіеўскі інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі ў 1988 годзе.
  • Аляксандр Васільевіч Більчук — старшыня Дзяржавіяслужбы Украіны, спецыяліст у галіне самалётабудавання і менеджменту. Скончыў навучанне ў Кіеўскім міжнародным універсітэце грамадзянскай авіяцыі ў 2000 годзе.
  • Ціна Караль — Народная артыстка Украіны, спявачка, тэлевядучая, актрыса і грамадскі дзеяч. Скончыла Нацыянальны авіяцыйны ўніверсітэт у 2005 годзе.
  • Злата Огневіч — Заслужаная артыстка АР Крым, спявачка, тэлевядучая і актрыса дубляжу. Скончыла навучанне ў Нацыянальным авіяцыйным універсітэце ў 2008 годзе.

Зноскі

  1. Структура власності НАУ (укр.). opendatabot.ua. Праверана 13 сакавіка 2023.
  2. Гордість університету. nau.edu.ua. Праверана 4 мая 2022.

Спасылкі правіць