Наўсет (саманазва: Nauset) — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ўсходу ЗША. У XVII ст. займалі мясцовасць каля Кейп-Код, таму ў дакументах таго часу часцяком завуцца «індзейцамі Кейп-Код». У нашы дні не вызначаюцца як асобны народ, хаця ў ЗША жыве ад 1000[1] да 4500[2] іх нашчадкаў.

Наўсет
Nauset
Наўсет на карце Новай Англіі XVII ст.
Агульная колькасць 4500
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова масачусет
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы масачусет, вампаноаг, ніпмук

Традыцыйнае грамадства правіць

 
Кошык наўсет у музеі Пібадзі Гарвардскага ўніверсітэта

Наўсет мелі агульнае паходжанне з масачусет і вампаноаг, размаўлялі на адзінай з імі мове.

Першым еўрапейцам, які апісаў землі наўсет, быў французскі вандроўнік Самюэль дэ Шамплейн у 1605 г. У 1606 г. ён адзначыў іх агульную колькасць — 650 - 750 чалавек. Мяркуюць, што да кантактаў з еўрапейцамі іх агульная колькасць магла быць і большай — каля 1500 чалавек. Пасля трох эпідэмій 16141617 гг., выкліканых распаўсюджваннем захворванняў, да якіх у індзейцаў не было імунітэта, у 1621 г. колькасць скарацілася да 500.

Асноўным заняткам з'яўлялася ручное земляробства. Наўсет вырошчвалі кукурузу, фасолю, кабачкі. Зямлю апрацоўвалі прыладамі з каменнымі навершамі. Акрамя таго, лавілі рыбу, займаліся паляваннем і збіральніцтвам.

Перыяд англійскай каланізацыі правіць

У 1620 г. англійскае судна «Мейфлаўэр» кінула якар каля Кейп-Код. Каланісты выйшлі на бераг і знайшлі катахі кукурузы на могілках наўсет, загінулых падчас эпідэміі. Англічане прынялі могілкі за ямы з харчамі і разрылі зямлю. Наўсет атакавалі англічан. Тыя былі вымушаны збегчы на «Мейфлаўэр» і шукаць новае месца для высадкі і заснавання Плімуцкай калоніі. У 1621 г. адносіны паміж каланістамі і наўсет палепшыліся пасля выплаты кампенсацыі індзейцам. Наўсет аказвалі дапамогу плімутцам падчас голаду ў 1622 г.

У 1639 г. частка каланістаў перасялілася на традыцыйныя тэрыторыі наўсет і заснавала на іх паселішча Істхэм. Місіянер Джон Эліят пачаў распаўсюджванне сярод індзейцаў хрысціянства і стварэнне хрысціянізаваных вёсак. Да 1675 г. большасць наўсет стала пратэстантамі. Яны не прымалі ўдзел у вайне караля Філіпа, аднак з-за падазронаў былі часова пераселены на востраў у Бостанскам заліве, дзе пакутвалі ад нястач. Пасля вайны для наўсет была створана рэзервацыя плошчай 129,5 км² з цэнтрам ў Машпі.

У складзе ЗША правіць

У канцы XVIII ст. наўсет значна пацярпелі ад воспы і сухотаў. На працягу XIX ст. іх колькасць заставалася прыкладна роўнай 300 чалавекам. Традыцыйная культура прыйшла ў заняпад, была згублена родная мова. У 1842 г. тэрыторыя рэзервацыі ў Машпі была скарочана і падзелена паміж сем'ямі на прыватныя ўчасткі, прыкладна роўныя 24 га. У выніку асіміляцыі нашчадкі наўсет страцілі племянную еднасць.

Зноскі

Спасылкі правіць