Нямецкая народная партыя (1868)

Нямецкая народная партыя (ням.: Deutsche Volkspartei, DtVP) — левацэнтрысцкая ліберальная палітычная партыя Германскай імперыі, створаная ў 1868 годзе групай членаў Нямецкай партыі прагрэсу, адкалоўшайся у ходзе ўнутрыпартыйнага канфлікту па тэме, павінна аб’яднанне Германіі адбывацца на чале з каралеўствам Прусія або пад эгідай Аўстра-Венгрыі. Іншая назва — Паўночнанямецкая народная партыя (ням.: Süddeutsche Volkspartei)[1].

Нямецкая народная партыя
Дата заснавання 1868
Дата роспуску 6 сакавіка 1910
Краіна
Ідэалогія ліберальная дэмакратыя, сацыял-лібералізм, прагрэсівізм[d], рэспубліканізм[d] і федэралізм

Партыя карысталася найбольшай папулярнасцю ў Паўднёвай Германіі, у асноўным у Вюртэмбергу (называлася Дэмакратычная народная партыя) Баварыі і Бадэне (да 1878 года называлася Дэмакратычная партыя).

Гісторыя правіць

Першапачаткова паўночнагерманскія дэмакраты падтрымлівалі Вялікагерманскі шлях вырашэння германскага пытання. Пасля стварэння Германскай імперыі ў 1871 годзе пад кантролем Прусіі і без удзелу Аўстрыі, яны выступілі за федэралізацыю Германіі і абаранялі правы паўночнагерманскіх дзяржаў супраць умацавання цэнтральнага ўрада ў Берліне. Нямецкая народная партыя настойліва патрабавала дэмакратычных рэформаў, у прыватнасці, выступала за ўзмацненне пазіцый парламента, які не меў права голасу пры фарміраванні ўрада і не аказваў уплыву на палітыку выканаўчай улады.

У адрозненне ад Нацыянал-ліберальнай партыі, Нямецкая народная стаяла ў апазіцыі да Ота фон Бісмарка з моманту стварэння Германскай імперыі. Партыя ставіла класічную ліберальную ідэю свабоды над перспектывай аб’яднання Германіі «зверху». Нямецкая народная партыя была вядомая рэзкай крытыкай пруска-германскай манархіі і выступала за падзел царквы і дзяржавы. Тым не менш, яна адхіляла «Культуркампф», кампанію, арганізаваную Бісмаркам супраць каталіцкай царквы, а таксама яго антысацыялістычныя законы.

Нямецкая народная партыя была самай левай[2] сярод немарксісцкіх партый і размяшчалася бліжэй за ўсё да сацыял-дэмакратыі з цэнтрысцкіх партыяў. Гэта была адзіная ліберальная партыя, якая супрацоўнічала з сацыялістамі ў рэйхстагу.

Лепшага выніку на выбарах у рэйхстаг Народная партыя дасягнула на выбарах 15 чэрвеня 1893 года, атрымаўшы 2,2 % галасоў выбаршчыкаў і выйграўшы адзінаццаць месцаў у імперскім парламенце. Амаль усе дэпутаты прыйшлі з Вюртэмберга.

Большасць членаў партыі былі рамеснікі, дробныя гандляры, фермеры і клеркі. Тым не менш, кіраўніцтва складалася пераважна з прадстаўнікоў вышэйшага класа інтэлектуалаў. Старшынямі партыі былі Леапольд Зонеман (уладальнік газеты Frankfurter Zeitung) і юрыст Фрыдрых фон Пайер. Сярод сябраў партыі можна вылучыць Людвіга Квідэ, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 1927 года.

У 1910 годзе партыя аб’ядналася з Вольнадумнай народнай партыяй і Вольнадумным аб’яднаннем у Прагрэсіўную народную партыю.

Найбольш уплывовым сярод зямельных арганізацый партыі была Дэмакратычная народная партыя ў Вюртэмбергу. Пасля таго, як Нямецкая народная партыя была расфармаваная, Дэмакратычная народная партыя стала рэгіянальным аддзяленнем Прагрэсіўнай народнай партыі, а затым створанай на яе базе Нямецкай дэмакратычнай партыі. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны многія былыя члены Дэмакратычнай народнай партыі прынялі ўдзел у стварэнні Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП). Да гэтага часу словы Дэмакратычная народная партыя з’яўляюцца часткай поўнай назвы СвДП у зямлі Бадэн-Вюртэмберг.

Нямецкая народная партыя часоў Веймарскай рэспублікі (1919—1933) не мае ніякага дачынення да Нямецкай народнай партыі часоў Германскай імперыі, з’яўляючыся пераемнікам імперскай Нацыянал-ліберальнай партыі.

Зноскі

  1. Hugo Preuss, Christoph Müller: Politik und Gesellschaft im Kaiserreich. S. 4: Zur Terminologie. Mohr Siebeck, 2007 — S. 811. ISBN 9783161490163 (ням.)
  2. Sperber, Jonathan. The Kaiser's Voters: Electors and Elections in Imperial Germany (англ.). — Cambridge University Press, 1997. — С. 164.