Нікі́фар Грыгара́ (грэч. Νικηφόρος Γρηγοράς; ~1295, Іраклея — 1360) — візантыйскі гісторык, навуковы і рэлігійны палеміст.[4]

Нікіфар Грыгара
грэч. Νικηφόρος Γρηγορᾶς
Дата нараджэння каля 1295[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 1360[2][3][…]
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці астраном, гісторык, астролаг, філосаф
Навуковая сфера гісторыя, астраномія

У раннім узросце пасяліўся ў Канстанцінопалі. Пра яго рэпутацыю вучонага стала вядома імператару Андроніку II, і той прызначыў Грыгару хартафілаксам (захавальнікам архіваў). У 1326 Грыгара прапанаваў (у працы, якая дайшла да нашага часу) змены ў календары, ад увядзення якіх імператар адмовіўся з-за страху хваляванняў; праз каля дзвесце гадоў каляндарныя рэформы былі ажыццёўленыя папам Грыгорыем XIII практычна на тых жа ўмовах.[4]

Калі Андронік II быў скінуты са стальца (1328) сваім унукам Андронікам III, Грыгара праявіў салідарнасць і пакінуў публічную дзейнасць. Яго з цяжкасцю пераканалі прыняць удзел у дыспуце з вядомым калабрыйскім манахам Варлаамам, дзе апошні быў пасаромлены, што спрыяла рэпутацыі Грыгары і прывяло да яго мноства вучняў[4] (у т.л. Ісаак Аргір і інш.).

Грыгара заставаўся адданы Андроніку Старэйшаму да апошняга. Пасля яго смерці ён заваяваў добразычлівасць яго ўнука, і быў прызначаны весці беспаспяховыя перамовы аб уніі Грэчаскай і Лацінскай цэркваў з пасланцамі папы Яна XXII (1333). Пасля Грыгара згуляў важную ролю ў ісіхасцкіх спрэчках, у якіх ён зацята супрацьстаяў Грыгорыю Паламе, галоўнаму натхніцелю гэтага руху. Пасля таго, як у 1351 годзе вучэнне Паламы было прызнана 5-ым Канстанцінопальскім саборам (1341-1351), Грыгара, які адмовіўся яго прыняць, быў фактычна зняволены ў манастыр (Хора[5]) на два гады. Пра апошнія гады яго жыцця нічога не вядома.[4]

Галоўнай працай Грыгары з'яўляецца «Гісторыя рамеяў» («Рымская гісторыя») у 37 кнігах (з іх кнігі 30-35 дагматычнага характару, прысвечаныя аналізу і абвяржэнню паламізма[5]), якая апісвае падзеі з 1204 па 1359 гады. Яна часткай дапаўняе, часткай працягвае працу Георгія Пахімера. Грыгара вельмі ўважліва апісвае дэталі, але стыль яго пампезны і тэндэнцыйны. Больш пільная ўвага нададзена рэлігійным пытанням і дагматычным спрэчкам. Дадзеная праца і праца Іаана Кантакузіна дапаўняюць і ўдакладняюць адна адну, і іх рэкамендуецца вывучаць разам.[4]

Іншыя творы Грыгары, якія (за рэдкім выключэннем) дагэтуль застаюцца нявыдадзенымі, дэманструюць яго незвычайную рознабаковасць. Сярод іх варта згадаць гісторыю спрэчкі з Паламой, біяграфіі яго дзядзькі і выхавальніка Іаана, мітрапаліта Іраклеі, а таксама мучаніка Кандрація Антыяхійскага, прамовы на смерць Феадора Метахіта, свайго настаўніка[5], і двух імператараў Андронікаў, каментарыі да падарожжаў Адысея і трактата Сінезія пра сны, трактаты па арфаграфіі і аб словах з няясным значэннем, філасофскі дыялог «Фларэнтый, або Аб мудрасці», астранамічныя працы па вылічэнню пасхаліі і падрыхтоўцы астралябіі; вялікая перапіска.[4]

Творы правіць

Зноскі

  1. Swartz A. Nikephoros Gregoras // Open Library — 2007. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Nicephorus Gregoras // Biblioteca Virtual Miguel de Cervantes — 1999. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Nikeforos Gregoras // Store norske leksikon — 1978. — ISSN 2464-1480
  4. а б в г д е Nicephorus…
  5. а б в Исихазм:…

Літаратура правіць

  • Нікіфар Грыгара // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. С. 341.
  • C. Krumbacher, Geschichte der byzantinischen Litteratur (1897);
  • Guillana R., Essai sur Nicéphore Grégoras, P., 1926. (найбольш поўны пералік і агляд рукапісаў Н. Грыгары);
  • Nicephorus Gregoras // Encyclopædia Britannica. Eleventh Edition, 1911;
  • Исихазм: Аннотированная библиография // Под общ. и научн. ред. С. С. Хоружего, -М.: Издательский Совет Русской Православной Церкви, 2004.