Павел Васілевіч Шэйн

Павел Васілевіч Шэйн (1826, Магілёў — 12 (25) жніўня 1900, Рыга) — педагог, этнограф, фалькларыст — збіральнік беларускай народнай вуснапаэтычнай творчасці.

Павел Васільевіч Шэйн
Дата нараджэння 1826[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 12 (25) жніўня 1900[3]
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мовазнавец, збіральнік народных казак, фалькларыст, этнограф, беларусазнавец
Навуковая сфера этнаграфія, фалькларыстыка, лінгвістыка, беларусістыка
Месца працы
Вядомы як адзін з заснавальнікаў беларускай этнаграфіі
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Вокладка кнігі «Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края»

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў сям’і магілёўскага яўрэя-гандляра. Благі стан здароўя прымусіў бацькоў уладкаваць сына ў Нова-Екацярынінскую бальніцу ў Маскве, дзе ён праляжаў тры гады. Тут ён вывучаў рускую і нямецкую мовы, захапіўся паэзіяй А. С. Пушкіна і В. Жукоўскага. Пад уплывам княгіні Кастровай прыняў лютэранства і, такім чынам, парваў з бацькамі, якія трымаліся іўдаізму. У сіроцкім аддзяленні нямецкага вучылішча пры лютэранскай царкве П. Шэйн атрымаў званне хатняга настаўніка і пачаў займацца прыватнай педагагічнай дзейнасцю. У 1865—1872 працаваў выкладчыкам нямецкай і рускай моў у Віцебскай гімназіі, а ў 1873—1879 настаўнічаў у Шуі, Зарайску, Калузе. Праўда, педагагічная дзейнасць мала цікавіла П. Шэйна. Яшчэ ў 1850-х пад уплывам славянафілаў ён пачаў збіраць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Праз некаторы час Шэйн пераехаў у Пецярбург дзе пад кіраўніцтвам Акадэміі навук заняўся навуковай работай. Яшчэ ў 1859 ён надрукаваў свой першы збор рускіх былін і гістарычных песень, запісаных у Корсунскім павеце Сімбірскай губерні. Першыя фальклорныя запісы насілі выпадковы і аматарскі характар. Пазней у выніку самаадукацыі, вывучэння прац тагачасных этнографаў і фалькларыстаў П. Шэйн падышоў да гэтага пытання з усёй адказнасцю. У 1870 выйшаў яго зборнік «Рускія народныя песні», у 1898—1902 — праца ў двух тамах «Вялікарус у сваіх песнях, абрадах, звычаях, вераваннях, казках, легендах і да т.п.», якой ён завяршыў выданне рускага фальклору.

Дзейнасць Паўла Шэйна ў Паўночна-Заходнім краі пачалася ў сяр. 1860-х, калі ён апынуўся ў Віцебску. Тут ён пачуў беларускую мову, якой да гэтага часу не ведаў, і атрымаў магчымасць пазнаёміцца з ужо існуючымі зборнікамі беларускіх народных твораў. Два гады Шэйн вывучаў асаблівасці мовы і побыту беларусаў, а ў 1867 распрацаваў падрабязную «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці», якую разаслаў створанай ім шырокай сетцы карэспандэнтаў з розных куткоў Паўнона-Заходняга края. Ужо да 1869 ён сабраў значную колькасць беларускіх песень, галоўным чынам Віцебскай губерні, дапоўніў іх песнямі са зборнікаў, якія ўжо выйшлі з друку, і прадставіў у геаграфічнае таварыства ў пач. 1870-х даволі аб’ёмны том пад назвай «Беларускія песні». Гэта была самая буйная праца сярод аналагічных зборнікаў 1860-1870-х. У ёй сабрана звыш 1000 беларускіх народных песень з апісаннем тых абрадаў, пры якіх яны выконваліся, некалькі казак, паданняў, запісаў прыкмет і забабонаў. У зборніку прыводзяцца апісанні радзінных і хаўтурных абрадаў, некалькі апісанняў абрадаў дзядоў. З каляндарных абрадаў запісаны: калядныя, велікодныя, юр’еўскія, купальскія, талочныя, жніўныя. Але асноўная каштоўнасць зборніка ў песенным матэрыяле. Акадэмік Я. Карскі адзначыў, што гэта адзін з лепшых збораў твораў беларускай народнай песні. У ім упершыню быў так шырока прадстаўлены песенны рэпертуар Віцебшчыны. Тагачасная крытыка аднеслася да зборніка станоўча. Багаты змест калекцыі, свежасць матэрыялу, пашпартызацыя і пэўнае ўпарадкаванне яго ўразілі рэцэнзентаў.

Пасля выдання зборніка Павел Шэйн з дапамогай карэспандэнтаў (у ліку якіх былі Мікалай Нікіфароўскі, Адам Багдановіч, Іван Карскі) назапасіў вялікую колькасць апісанняў народных звычаяў і абрадаў, якія пазней выйшлі пад назвай «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга края» (т. 1-3, 1887—1902). У гэта выданне ўключаны матэрыялы з усіх губерняў Паўночна-Заходняга края, а таксама з суседніх, дзе жыло этнічна беларускае насельніцтва. Тут атрымалі адлюстраванне амаль усе бакі духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў. Гэта песні абрадавыя, бытавыя, бяседныя, жартоўныя і так званыя разгульныя, апісанні абрадаў і звязаныя з імі песні, дзесяткі галашэнняў. Вясельная калекцыя П. Шэйна па багаццю не мела сабе роўных сярод дарэвалюцыйных выданняў беларускага фальклору. Звяртае на сябе ўвагу раздзел народных прывітанняў, пажаданняў, праклёнаў, лаянак, замоў. У самай працы над 3-ім томам «Матэрыялаў…», калі да даследчыка прыйшлі слава і прызнанне, П. Шэйн памёр. Акрамя названых прац ён быў аўтарам шэрага артыкулаў, рэцэнзій, нататак, якія змяшчаў у навуковых выданнях. Працы П. Шэйна, нягледзячы на часам тэндэнцыйны падыход да духоўнай спадчыны беларускага народа, — каштоўная крыніца фальклорна-этнаграфічных звестак пра побыт і культуру беларусаў 2-ой пал. 19 ст.

Зноскі

  1. P. V. Sheĭn // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Pavel Vasilʹevič Šejn // CERL ThesaurusConsortium of European Research Libraries.
  3. Яцимирский А. И. Шеин, Павел Васильевич // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1903. — Т. XXXIX. — С. 370–371.
  4. а б Шейн Павел Васильевич / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.

Літаратура правіць

  • Беларусы. У 8 т. Т. 3. Гісторыя этналагічнага вывучэння / В. К. Бандарчык; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. — Мн.: Беларуская навука, 1999. — 365 с. : іл. С. 99-102, 160—165.
  • Новиков Н. В. Павел Васильевич Шейн. — Мн., 1972.
  • Шэйн Павел // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / пад рэдакцыяй А. Мальдзіса. — Мн., 1995. Т. 6. С. 438—441.
  • Шэйн Павел Васілевіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мн., 2004. Т. 18, кн. 1. С. 25-26.
  • Шэйн Павел Васілевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мн., 2003. Т. 6, кн. 2. С. 248—249.
  • Шэйн Павел Васілевіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1995. С. 776.
  • Шэйн Павел Васілевіч // Асветнікі зямлі беларускай, X — пачатак XX ст.: энцыклапедычны даведнік. — Мн., 2001. С. 475—476.
  • Шэйн Павел Васілевіч // Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. Мінск, 1989. С. 542—543.