Павел Мажэйка

беларускі журналіст

Павел Іванавіч Мажэйка (нар. 25 мая 1978, Гродна) — беларускі журналіст, грамадскі актывіст, культурны менеджар, палітзняволены, вязень сумлення.

Павел Мажэйка
Род дзейнасці журналіст
Дата нараджэння 25 мая 1978(1978-05-25) (45 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Месца працы
Альма-матар
Член у

Біяграфія правіць

Маці працавала на кансервавым заводзе і ў гандлі, бацька працаваў у Дэпартаменце аховы, але быў вымушаны звольніцца пасля першага зняволення сына.

Скончыў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы (2000), выкладчык гісторыі і культаралагічных дысцыплін.

Дыпломная работа: «Моладзь Беларусі на пераломе эпох: 80-ыя — 90-тыя гады ХХ ст».

Працаваў журналістам у газеце «Пагоня» (Гродна 1996—2001), рэдактарам газеты «Дзень» (2003—2004). Супрацоўнічаў з інфармацыйным агенцтвам БелаПАН, тэлевізійнай кампаніяй TVP (Польшча), друкаваўся ў шэрагу польскіх і амерыканскіх выданняў.

Стажыраваўся ў Польшчы («Gazeta Wyborcza»), ЗША («The Asheville Citizen-Times»), Чэхіі (Радыё Свабода).

Сябра грамадскага аб’яднання «БАЖ» (з 1997), старшыня Гродзенскай філіі БАЖ (з 2003)[1].

У 2005—2007 — прэс-сакратар палітыка, лідара апазіцыі, кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча.[2].

Сябра рады Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Рух „За свабоду“» (з 2007).

Ганаровы сябра Беларускага і Брытанскага ПЭН-цэнтраў[3].

З 2007 г. — журналіст на Белсаце[4]. Аўтар і вядучы праграм «Два на два», «Госьць „Белсату“», Intermarium[2].

У 2009 годзе заявіў пра зыход з Белсата па прычыне звальнення дырэктара канала Агнешкі Рамашэўска-Гузы[5]. Пасля вырашэння канфлікту вярнуўся ў тэлекампанію і ў чэрвені 2009 года стаў выканаўчым дырэктарам «Белсата»[6].

Мае жонку і дваіх дзяцей.

Выдавецкая і грамадская дзейнасць правіць

У 2006 годзе стаў адным з заснавальнікаў выдавецкай ініцыятывы і кніжнай серыі «Гарадзенская бібліятэка»[2][7]. У ёй выходзілі кнігі гродзенскіх аўтараў і выданні, прысвечаныя Гродну. У серыі пабачылі свет больш за 30 выданняў: гістарычныя манаграфіі, біяграфіі і мемуары, мастацкая, гістарычная і сучасная проза, даведнікі па Гродне. Сярод выдадзенага пры падтрымцы Паўла Мажэйкі — невядомыя раней творы Васіля Быкава, эсэ Віктара Шалкевіча, грунтоўны даведнік «Біяграфія гарадзенскіх вуліц», падручнік па гісторыі Гродна «Гродназнаўства»[8].

З 2008 года быў адным з арганізатараў штогадовых гістарычных канферэнцый у Гродне («Гарадзенскі палімпсест», «Гарадзенскі соцыум», «Grodnae et orbi») і «Гарадзенскіх дыктовак».

У 2016 годзе заснаваў у Гродне прастору «Цэнтр гарадскога жыцця», якая спачатку дзяліла памяшканне з прыватнай галерэяй «Крыга» на вуліцы Савецкай, а пазней пераехала ў асобнае памяшканне на вуліцы Кірава. У Цэнтры адбываліся культурніцкія імпрэзы: навуковыя канферэнцыі, мастацкія і фотавыставы, прэзентацыі кніг, кінапаказы, курсы беларускай мовы «Мова Нанова», канцэрты і адукацыйныя мерапрыемствы, «Беларускія ялінкі» для дзяцей. Шмат спраў Павел рабіў непублічна, у тым ліку дапамагаў людзям у патрэбе[9].

У 2020 годзе Цэнтр гарадскога жыцця аддаў сваё памяшканне для працы валанцёраў, якія дапамагалі гродзенскім медыкам у барацьбе з пандэміяй каранавіруса[10].

12 траўня 2021 года эканамічны суд Гродзенскай вобласці пастанавіў ліквідаваць «Цэнтр гарадскога жыцця». Пад зваротам у абарону прасторы падпісаліся больш за 1200 чалавек[11].

Пераслед за журналісцкую дзейнасць правіць

Павел Мажэйка быў адным з першых палітычных зняволеных у незалежнай Беларусі[8]. 1 верасня 2002 г. быў арыштаваны і абвінавачаны ў паклёпе на кіраўніка дзяржавы. Падставай стала публікацыя ў газеце «Пагоня» падчас прэзідэнцкай кампаніі 2001 г[12].

Следствам былі праігнараваныя тры літаратуразнаўчыя экспертызы, якія паказалі, што паклёп у тэкстах «Пагоні» адсутнічаў. Адна экспертыза была незалежнай, дзве іншыя праводзіліся самім следствам.

24 чэрвеня 2002 года разам з рэдактарам «Пагоні» Мікалаем Маркевічам быў асуджаны на два гады абмежавання волі (галоўны рэдактар Мікалай Маркевіч асуджаны да двух з паловай год абмежавання волі). Суд Ленінскага раёна г. Гродна (суддзя Таццяна Клімава) прызнаў журналіста вінаватым у паклёпе на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 367 ч.2 Крымінальнага кодэксу РБ)[13].

Адбываў пакаранне ў г. Жлобін Гомельскай вобласці ў папраўчай установе адкрытага тыпу — працаваў чорнарабочым на лесапільні[3].

Міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International прызнаны вязнем сумлення[14]. Ліст падтрымкі Мажэйку і Маркевічу даслаў, будучы яшчэ на пасадзе прэзідэнта Чэхіі, Вацлаў Гавел[15]. Акцыі ў падтрымку зняволеных журналістаў праводзілі ў тым ліку Беларуская асацыяцыя журналістаў і Партыя БНФ[16].

Паводле амністыі тэрмін пакарання быў зменшаны на год. Вызвалены ўмоўна-датэрмінова 22 сакавіка 2003 г., да 1 верасня таго ж года мусіў адзначацца ў міліцэйскай установе[17].

22 мая 2017 года П. Мажэйка судом Ленінскага раёна г. Гродна быў прызнаны вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюджанні інфармацыі для замежных СМІ. Падставай для абвінавачання сталі падзеі 25 сакавіка 2017 года, калі Павел Мажэйка ў Дзень Волі на дазволеным мітынгу ў Гродна праводзіў каментаванне. Суддзя Алена Пятрова вынесла пастанову аб пакаранні Паўла Мажэйкі штрафам на 23 базавыя велічыні — 529 рублёў[18].

26 сакавіка 2021 года Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу на Паўла Мажэйку, а таксама на Алеся Пушкіна за ягоны партрэт Яўгена Жыхара, выстаўлены ў мажэйкавым «Цэнтры гарадскога жыцця», за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму». 29 сакавіка Паўла Мажэйку выпусцілі з гродзенскай турмы[19].

Зноў Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 года, калі ён прыехаў у Гродна з Польшчы[20]. У кватэры журналіста, а таксама па месцы жыхарства яго бацькоў былі праведзеныя ператрусы[21]. 20 верасня 2022 года праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі яго палітычным зняволеным[22]. У ліпені 2023 года Мажэйку прысудзілі 6 гадоў калоніі[23]. Па справа разам з ім праходзіла былая гродзенская адвакатка Юлія Юргілевіч — нібыта яна ў змове з Мажэйкам перадала інфармацыю «экстрэмісцкаму фармаванню»[24].

Узнагароды правіць

  • Лаўрэат нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека, заснаванай Хартыяй’97[25].

Зноскі

  1. [Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. — Вільня , 2007. — 256 с. (С.130) УДК 32 ББК 92.2 Х 97.]
  2. а б в Павал Мажэйка: мяне ўжо дасталі каньюнктурныя палякі.(недаступная спасылка)
  3. а б [Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. —Вільня , 2007. — 256 с. (С.130) УДК 32 ББК 92.2 Х 97.]
  4. Павел Мажэйка: Мой сыход абсалютна звязаны са звальненнем Рамашэўскай
  5. Павел Мажэйка: Мой сыход абсалютна звязаны са звальненнем Рамашэўскай.
  6. Выканаўчым дырэктарам «Белсату» стаў Павел Мажэйка. Архівавана 15 лістапада 2016.
  7. Гарадзенская бібліятэка . Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org. Праверана 16 кастрычніка 2023.
  8. а б Рабіў Гродна горадам, якім хочацца ганарыцца. Чым вядомы журналіст і актывіст Павел Мажэйка, які зараз у СІЗА . Hrodna.life (9 верасня 2022). Праверана 16 кастрычніка 2023.
  9. freepavelmazhejka. freepavelmazhejka.tilda.ws. Праверана 16 кастрычніка 2023.(недаступная спасылка)
  10. Як гродзенцы робяць для медыкаў ахоўныя экраны і як ты можаш дапамагчы . Hrodna.life (16 кастрычніка 2023). Праверана 16 кастрычніка 2023.
  11. “Цэнтр гарадскога жыцця” ўсё ж ліквідуюць. Апеляцыйная камісія пакінула у сіле рашэнне суда . Hrodna.life (21 чэрвеня 2021). Праверана 16 кастрычніка 2023.
  12. Павал Мажэйка.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2017. Праверана 18 чэрвеня 2017.
  13. Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2002 годзе. С.23-31.
  14. . [Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. —Вільня , 2007. — 256 с. (С.130) УДК 32 ББК 92.2 Х 97.]
  15. Биржа информации. Гродно. Вацлав Гавел написал письмо осужденным журналистам. gazeta.grodno.net. Праверана 16 кастрычніка 2023.
  16. Биржа информации. Гродно. Книги для осужденных. gazeta.grodno.net. Праверана 16 кастрычніка 2023.
  17. Павал Мажэйка(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2017. Праверана 18 чэрвеня 2017.
  18. У Гародні судзілі Паўла Мажэйку.
  19. Вызвалілі гаспадара «Цэнтра гарадскога жыцця» Мажэйку, якога затрымалі за карціну. Новы Час (29 сакавіка 2021).
  20. К, А.. У Гродне затрыманы Павел Мажэйка. Ён у ізалятары . Hrodna.life (31 жніўня 2022). Праверана 16 кастрычніка 2023.
  21. «Адпусціце сітуацыю, не нагнятайце». Палітзняволены журналіст Павел Мажэйка даслаў на волю першы ліст. Новы Час (27 верасня 2022).
  22. Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні 11 новых палітвязняў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» (20 верасня 2022).
  23. Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч прысудзілі па 6 гадоў калоніі. Наша Ніва (26 ліпеня 2023).
  24. К, А.. Стала вядома, у чым абвінавачваюць Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч . Hrodna.life (10 ліпеня 2023). Праверана 16 кастрычніка 2023.
  25. Лідары свабоднай Беларусі.

Літаратура правіць

  • Адзін дзень палітвязьня. — Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода : Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе, 2009, — 364 с. ISBN 978-0-929849-27-0.
  • Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. —Вільня , 2007. — 256 с. (С.130) УДК 32 ББК 92.2 Х 97.