Павілле (Павелле, Павіленне [1]) — гістарычная вобласць на паўночным захадзе Беларусі і поўдні Літвы. Ахоплівае частку тэрыторый сучасных Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей Беларусі і паўднёвыя раёны Літвы ў басейне ракі Вілія (Вялля). На тэрыторыях беларускага Павілля размешчаны сем раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Валожынскі, Маладзечанскі, Вілейскі, Мядзельскі і Смаргонскі. Агульная плошча — каля 12 тыс. км² (5,8 % плошчы Беларусі).

Беларускае Павілле на карце

Агульныя звесткі правіць

Павілле размешчана ў басейне ракі Вілія, на Нарачана-Вілейскай нізіне і Ашмянскім узвышшы. Тэрыторыя Павілля прыблізна супадае з Маладзечанскай вобласцю (1944—1960).

Даследванні правіць

Першым даследчыкам старажытнасцей Беларускага Павілля быў Я. П. Тышкевіч, які па праву лічыцца адным з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі. Важнейшай работай, у якой сабраны звесткі па археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, фальклору і тапаніміцы рэгіёну, з’яўляецца манаграфія «Вілія і яе берагі», якую завяршыў яго брат, К. П. Тышкевіч, у 1858 годзе. Падчас падарожжа К. П. Тышкевіч наведаў каля 300 вёсак і мястэчак, зрабіў падрабязныя апісанні шматлікіх гарадзішч і помнікаў старажытнай архітэктуры і правёў раскопкі некаторых могільнікаў.

У 1850-я гады вялікія разведачныя працы ў Павіллі правёў Адам Кіркор. У працы «Археалагічнае падарожжа па Віленскай губерні» ён змясціў кароткія гістарычныя даведкі пра Міхалішкі, Свір, Дабраўляны, Мядзел і іншыя мясціны.

Ф. В. Пакроўскі ў канцы XIX стагоддзя раскапаў каля 100 курганоў толькі ў межах сучасных Мядзельскага і Астравецкага раёнаў.

У пачатку XX стагоддзя тэрыторыі абследвалі С. Яроцкі, П. С. Рыкаў, Х. Цэглак-Галубовіч і У. Галубовіч.

У другой палове XX стагоддзя і пазней Павілле даследавалі А. Р. Мітрафанаў, М. А. Ткачоў, Я. Г. Звяруга, М. М. Чарняўскі і многія іншыя археолагі.

У выніку працы некалькіх пакаленняў археолагаў Павілле аказалася адным з найбольш грунтоўна даследаваных рэгіёнаў Беларусі. Па ступені археалагічнага асваення з ім хіба што могуць параўнацца ваколіцы Мінска ды яшчэ 2-3 рэгіёны краіны. Здабытыя матэрыялы дазваляюць даволі поўна ўстанавіць гісторыю насельніцтва за амаль два апошнія тысячагоддзі[2].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Чарняўскі М. М. Першыя людзі на ўзбярэжжы Віліі // Вілейскі краязнаўчы зборнік — Вілейка.: «Вілейскі гісторыка-краязнаўчы музей», 2001. — Стар. 4—9.
  2. Звяруга Я. Г. Беларускае Павілле у жалезным веку і раннім сярэднявякоўі Архівавана 29 лістапада 2014. // Матэрыялы па археалогіі Беларусі, вып. 10. Мінск, ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», 2005
  3. Рогач Анатоль Архівавана 18 чэрвеня 2015. // Рэгіянальная газета

Літаратура правіць

  • Чарняўскі М. М. Першыя людзі на ўзбярэжжы Віліі // Вілейскі краязнаўчы зборнік — Вілейка.: «Вілейскі гісторыка-краязнаўчы музей», 2001. — Стар. 4—9.

Спасылкі правіць