Пакланенне вешчуноў

Пакланенне вешчуноў (грэч. μάγοι ἀπὸ ἀνατολῶν), у каталіцкай традыцыі таксама Пакланенне каралёў — папулярны багаслоўскі і іканаграфічны сюжэт, у аснову якога пакладзена сведчанне Евангелля паводле Матфея (Мф. 2:1-11) аб трох мудрацах, якія прыйшлі з Усходу ў Віфлеем, каб пакланіцца Дзіцяці-Хрысту[1] і прынесці яму дары. Аповед Матфея пазней дапоўнілі царкоўныя і апакрыфічныя паданні[1].

«Пакланенне вешчуноў» з Петрапаўлаўскага касцёла в. Дрысвяты, каля 1514 г. МСБК НАН
Пакланенне вешчуноў. Часаслоў Мёртлі. Канец XIII стагоддзя

Раннехрысціянская літаратура лічыла радзімай вешчуноў Аравію, Клімент Александрыйскі назваў персідска-месапатамскі рэгіён[1]. У аўтараў Блажэннага Аўгусціна (354—430) і Іаана Залатавуста (каля 347—407) вешчуноў налічвалася дванаццаць[2], а Арыген (184/185 — 253/254) сцвярджаў, што іх колькасць адпавядала колькасці дароў[1]. Багасловы суадносілі іх з трыма асобамі Тройцы ці з траістым складам чалавечага роду[1]. Беда Вялебны (каля 672/673 — 735) даў ім імёны — Каспар, Мельхіёр і Бальтазар, царскае паходжанне і радзіму[2].

Сюжэт атрымаў шырокую папулярнасць дзякуючы зборніку італьянца Якава Варагінскага (каля 1228/1230—1298) «Залатая легенда», складзенаму каля 1260 года. Мошчы каралёў з XIII стагоддзя зберагаліся ў Кёльнскім саборы, магчыма, таму «Пакланенне Каралёў» было незвычайна папулярным у жывапісе Паўночнай Еўропы[1].

У эпоху вялікіх геаграфічных адкрыццяў мудрацы становяцца ўвасабленнем белай, жоўтай і чорнай расаў ці трох частак свету — Еўропы, Азіі, Афрыкі[1].

Святкуецца хрысціянамі. У каталіцтве пакланенне вешчуноў адзначаецца 6 студзеня на свята Богаяўлення. У некаторых краінах свята носіць назву свята трох каралёў.

Гл. таксама правіць

Зноскі

Спасылкі правіць