Палау́нг (бірм.: ပလောင်လူမျိုး), або дэанг (кіт.: 德昂族; саманазва: Ta-ang) — аўстраазіяцкі народ. Жывуць на памежжы М’янмы, Кітая і Тайланда на поўнач і захад ад народа ва. Агульная колькасць (2022 г.) — 736 600 чалавек[1][2][3][4][5].

Палаунг
(Ta-ang)
Агульная колькасць 736600 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання  Кітай — 36400

 М’янма — 694000
 Тайланд — 6200

Мова палаунг
Рэлігія анімізм, будызм
Блізкія этнічныя групы моны, кхмеры, горныя кхмеры, ва

Гісторыя правіць

Палаунг лічаць сябе нашчадкамі змей нага. Яны падзяляюцца на 3 галіны: пале («срэбраныя»), швэ («залатыя») і румаі («чорныя»), кожная з якіх мае сваю гістарычную тоеснасць. Відавочна, у мінулым яны займалі паўночную частку рэчыша Іравадзі і, згодна іх паданням, мелі сваю дзяржаву, якая магла ўваходзіць у склад цывілізацыі п’ю. Міграцыя ў даліну Іравадзі ў другой палове 1 тысячагоддзя тыбета-бірманскіх народаў выціснула іх у горы. Тэрыторыя, населеная палаунг, стала змянялася. У апошнія 200 гадоў яны перасяляліся на поўнач пад ціскам карэнаў. У 19631991 гг. вялі ваенныя дзеянні супраць урадавых сіл М’янмы. Многія палаунг у Кітаі і Тайландзе — бежанцы або нашчадкі бежанцаў з гэтай краіны. Разам з гэтым, у іх склад уваходзілі групы кая, дробных аўстраазіяцкіх горных плямён.

Культура правіць

Асноўны занятак палаунг — земляробства. Яны спецыялізуюцца на вытворчасці чаю, але таксама вырошчваюць рыс, кукурузу, каноплі, кунжут, тытунь, садавіну і гародніну. У гарах захоўваецца лядная сістэма апрацоўкі палеткаў. Палаунг — вегетарыянцы, таму не палююць, жывёлу трымаюць для апрацоўкі палеткаў, пеўневых боек або ахвярапрынашэнняў. У мінулым рамеснікі выраблялі агнястрэльную зброю, апрацоўвалі металы, у тым ліку срэбра. У нашы дні рамесная вытворчасць амаль знікла. Большасць дарослых так ці інакш занятая перапрацоўкай і гандлем чаем. Перапрацоўка ўключае ферментацыю для прыгатавання сыравіны для напою і квашанне для спажывання чайнага лісця ў якасці прыправы.

Вёскі палаунг кампактныя, будуюцца на схілах гор або на вяршынях пагоркаў, абносяцца частаколам. Над брамай пры ўваходзе ў вёску пішуць замовы для абароны ад эпідэмічных хвароб. Хаціны месцяцца паабапал галоўнай вясковай дарогі. Каля іх узводзяць гаспадарчыя пабудовы. У цэнтры вёскі — плошча, дзе могуць быць будысцкі кляштар, ступы, гасцёўня для вандроўнікаў, базар. Хаціны каркаснага тыпу будуюць на па́лях. Найбольш распаўсюджаны будаўнічы матэрыял — бамбук. Пад хацінай знаходзіцца агароджаная пляцоўка для свойскай жывёлы. Памеры хацін залежаць ад запатрабаванняў гаспадароў. У М’янме ў адной хаціне могуць жыць некалькі сем’яў, звычайна сваяцкіх. Народная вопратка палаунг мала адрозніваецца ад вопраткі іх больш моцных суседзей шанаў. Яны носяць шмат упрыгожванняў са срэбра, мужчыны робяць татуіроўкі.

Перасяленні, якія вымушана рабілі палаунг на працягу ўсёй сваёй гісторыі, прывялі да розніцы ў развіцці сацыяльных адносінаў жыхароў розных раёнаў. Так, у М’янме вылучаюцца родавыя арганізацыі, якія могуць мець выбраных правадыроў. У некаторых мясцовасцях роды знаходзяцца ў залежнасці ад магутных шанскіх родаў, фактычна выступаюць ў ролі іх кліентаў. У палаунг Кітая роды не маюць істотнага ўплыву, улада засяроджана ў руках абшчыннікаў канкрэтнай вёскі. У раёнах, дзе вырошчванне чаю набыло камерцыйны размах, склалася эліта ў выглядзе заможных гаспадароў і гандляроў. Так ці інакш, асноўная сацыяльная адзінка — малая нуклеарная сям’я на чале мужчыны, які нясе адказнасць за астатніх чальцоў перад уладамі, абшчынай або родам. Сямейная маёмасць перадаецца па спадчыне пароўну сынам, незамужнім дочкам і ўдовам.

Палаунг слынныя сваёй музычнай культурай. Народныя музычныя інструменты: гонг і барабаны розных відаў. Песні адлюстроўваюць генеалагічныя паданні, прысвечаны працы і каханню.

Мова правіць

Родная мова палаунг належыць да мон-кхмерскай групы аўстраазіяцкай моўнай сям'і. Падзяляецца на шэраг рэгіянальных дыялектаў. Палаунг карыстаюцца некалькімі формамі пісьмовасці.

У нашы дні з-за моўнай асіміляцыі мова палаунг апынулася пад пагрозай знікнення.

Рэлігія правіць

Сярод палаунг вылучаецца род Рыянг, чальцы якога жывуць у розных рэгіёнах. Яны захоўваюць старажытную анімістычную рэлігію, у аснове якой — шанаванне продкаў правадыроў саубва. Характэрна, што Рыянг прымаюцца іншымі палаунг за ведзьмакоў, імкнуцца трымацца падалей ад іх, таму Рыянг вымушаны заключаць шлюбы знутры свайго роду.

Астатнія палаунг спавядаюць будызм напрамку тхеравада. Тым не меней, у іх таксама захоўваюцца многія анімістычныя вераванні ў духаў людзей, жывёл, замагільных пачвар. Духам прыносяць у ахвяру свойскую жывёлу. Алтары для ахвярапрынашэнняў часцяком будуюцца ўздоўж дарог, дзе вандроўныя людзі падвяргаюцца большай рызыке трапіць пад уплыў духаў, чым у вёсках. Будысцкія кляштары маюць значны сацыяльны ўплыў, паколькі з'яўляюцца асноўнымі месцамі атрымання адукацыі, дапамагаюць бедным і хворым, арганізуюць пахаванні памерлых.

Зноскі

Спасылкі правіць