Палац Агінскіх (Віцебск)

Віцебск

Палац Агінскіх у Віцебску — адзіная вядомая на сённяшні дзень сядзіба Агінскіх, якая існавала на Віцебшчыне ў XVII стагоддзі. Уяўляла сабой арыгінальнае драўлянае палацавае збудаванне з рысамі готыкі і рэнесансу, у якім жылі прадстаўнікі як мінімум чатырох пакаленняў князёў Агінскіх, нашчадкаў троцкага стольніка Самуэля Льва Агінскага[1]. Пабудовы віцебскай рэзідэнцыі былі знішчаны ўжо ў XVIII стагоддзі.

Адзіная захаваная выява палаца Агінскіх з «Чарцяжа места Віцебска 1664 года», складзенага падчас акупацыі горада рускімі войскамі Аляксея Міхайлавіча.

Гісторыя правіць

Сведчаннем існавання прэзентабельнай магнацкай рэзідэнцыі Агінскіх у Віцебску з'яўляюцца звесткі пра дзейнасць пры двары інструментальнай капэлы віцебскага ваяводы Марцыяна Міхала Агінскага, якая, паводле паведамляенняў газеты «Kurier Polski», абслугоўвала сямейныя і грамадскія ўрачыстасці[2].

У 1730 годзе капэла іграла на прыёме, зладжаным з нагоды прызначэння князя Марцыяна на пасаду віцебскага ваяводы; у жніўні 1731 года — на ўрачыстасці ўнясення абраза Св. Юзафа ў Віцебскі езуіцкі касцёл; у 1742 годзе — на прыёме з нагоды атрымання сынам ваяводы Станіславам ордэна Белага Арла; у 1744 годзе — на вяселлі дачкі Марыяны[2].

Віцебская рэзідэнцыя была знішчана да канца XVIII ст. У першае дзесяцігоддзе XIX ст. побач або нават часткова на падмурках колішняга палаца Агінскіх быў узведзены мураваны будынак езуіцкага вучылішча.

Зноскі

  1. Людміла Хмяльніцкая. Культурна-мецэнацкая дзейнасць князёў Агінскіх на Віцебшчыне // Гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні. — Беларусь паміж Усходам і Захадам, ч. 2. — Мінск: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, 1997. — (Беларусіка-Albaruthenica; Кніга 6, Ч. 2). — ISBN 985-6419-04-2.
  2. а б Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII веке. — Мн., 1992. — С. 18, 28, 71.