Палац Патоцкіх (Львоў)

Палац Патоцкіх — помнік архітэктуры XIX стагоддзя ў Львове па вуліцы Каперніка, 15.

Палац
Палац Патоцкіх
Палац Потоцьких
Львоўскі палац Патоцкіх
Львоўскі палац Патоцкіх
49°50′17″ пн. ш. 24°01′37″ у. д.HGЯO
Краіна  Украіна
Горад Львоў, вул. Каперніка, 15
Тып будынка жыллёвы
Архітэктурны стыль барока
Архітэктар Луі Давернь (фр.: Louis Dauvergne)
Заснавальнік Альфрэд II Юзаф Патоцкі
Дата заснавання 1880
Будаўніцтва 1880
Асноўныя даты
19731974рэканструкцыя
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Род Патоцкіх, прадаўшы свой палац на плошчы Галіцкай (цяпер вядомы як Палац Бесядзецкіх), набыў ў 1822 г. нерухомасць на вуліцы Шырокай (цяпер Каперніка). На планах Львова XVIII — першай паловы XIX стагоддзяў на гэтым участку відаць распланаваны агарод і некалькі невялікіх будынкаў.

Першы палац пабудаваны ў стылі класіцызму па праекце архітэктара Ігнація Хамбрэза. Гэта быў двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з высокім дахам. Фасад сіметрычны цэнтральным рызалітам, увенчаны ацікам з балюстрадай. Першы ярус фасада рустованы, другі ярус рызаліту дэкараваны шасцю парамі іянічных пілястраў.

Уладальнікамі былі Марыя з Сангушка і яе муж Альфрэд Патоцкі. Палац быў разабраны ў 1860—1861 гг. Аднак збудаванне новай рэзідэнцыі зацягнулася на тры дзесяцігоддзі. Будаўніцтва пачалося толькі ў 1880 г.

Новы палац быў пабудаваны ў стылі барока эпохі французскага караля Людовіка XIV па праекце французскага архітэктара Луі Альфонса Рэнэ Довэрнь (фр. Louis Dauvergne). Праект мадыфікаваны львоўскімі архітэктарамі Юліюшам Цыбульскім і Людвікам Балдвінам-Рамултам і рэалізаваны пад іх кіраўніцтвам. у 1892 годзе праект экспанаваўся на будаўнічай выставе ў Львове.

Палац правіць

Будынак выкананы ў стылі французскага барока, цагляны, атынкаваны, Н-падобны ў плане, з развітым цэнтральным рызалітам і бакавымі крыламі. Трохпавярховы з мансардамі. Фасады дэкарыраваны фігурнымі абрамленнямі вокнаў і русцікацыяй, ляпнымі кансолямі балконаў і балюстрадамі. Парадны ўваход аформлены арачным порцікам з лепкай і іянічнымі калонамі. Ляпны дэкор аўтарства Пятра Гарасімовіча і, верагодна, Леанарда Марконі.

На першым паверсе размешчаны парадныя залы для прыёму гасцей, у афармленні якіх шырока выкарыстаны лепка, пазалота, рознакаляровы мармур, каштоўныя пароды дрэва, роспісы. З вуліцы ў двор вядуць парадныя манументальныя вароты з двума флігелямі, упрыгожаныя картушам. Для прыёмаў у палацы былі прадугледжаныя месцы для пад’езду экіпажаў, залы для сустрэч. З паўднёва-заходняга боку каля палаца былі пабудаваныя з чырвонай цэглы будынкі стайні з барэльефамі коней і службаў з выхадам на вул. Асалінскіх (цяпер Стэфаніка, 7а). Ад вул. Каперніка палац аддзяляе агароджа з параднай брамай і флігелямі для вартаўніка. Тыльная брама выходзяць на вул. Ціхую. Агульная плошча палаца складае 3100 м².

Да 1879 года палац меў вялікі парк. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў вакол палаца Патоцкіх пабудавалі цэлы шэраг шматпавярховых дамоў, частка з якіх выходзіла пярэднімі фасадамі на вуліцу, а тыльнымі часткамі на палац. Таму выгляд на палац Патоцкіх застаўся адкрытым толькі з вуліцы Каперніка.

У канцы 1980-х гадоў у палацавым парку зладзілі шахту для пракладкі тунэляў падземнага трамвая і пабудавалі непрывабную прыбудову, у якой цяпер знаходзіцца Музей мастацтва старажытнай украінскай кнігі (вул. Каперніка, 15а). Па ініцыятыве Б. Г. Вазніцкага ў 2010 годзе ў парку быў закладзены Парк замкаў і абарончых збудаванняў старажытнай Украіны, дзе дэманструюцца макеты абарончых збудаванняў у маштабе 1:50.

Літаратура правіць

  • Ковальчук Х. І. Особливості архітектури Львова наприкінці XVIII — початку XIX. — Львів : Ліга-Прес, 2005. — С. 102, 119. — ISBN 966-8293-67-3.
  • Архітектура Львова: Час і стилі. XIII—XXI ст. — Львів : Центр Європи, 2008. — С. 361. — ISBN 978-966-7022-77-8.
  • Grankin P. Lwowski architekt Julian Cybulski (1859—1924) // Статті (1996—2007). — Львів: Центр Європи, 2010. — С. 107. — ISBN 978-966-7022-84-6.
  • Orłowicz M. Ilustrowany przewodnik po Lwowie ze 102 ilustracjami i planem miasta. — Lwów—Warszawa, 1925. — S. 163.

Спасылкі правіць

  • Палац Патоцкіх Архівавана 5 студзеня 2012. 3D-віртуальны тур
  • Пам’ятники містобудівництва та архітектури Української ССР. — Київ, Будівельник, 1983—1986 — том 3, с. 14