Палмерстан (атол)

Па́лмерстан (англ.: Palmerston) — атол у Ціхім акіяне. Уваходзіць у склад Астравоў Кука. Плошча сушы — 2,1 км². Насельніцтва (2019 г.) — 35 чал.

Палмерстан
англ. Palmerston
Выгляд з паветра
Выгляд з паветра
Характарыстыкі
Плошча2,1 км²
Насельніцтва35 чал. (2019)
Шчыльнасць насельніцтва16,67 чал./км²
Размяшчэнне
18°03′18,40″ пд. ш. 163°11′21,60″ з. д.HGЯO
АрхіпелагАстравы Кука
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Палмерстан (атол) (Астравы Кука)
Палмерстан
Палмерстан
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія правіць

Палмерстан — атол у 490 км на паўночны захад ад вострава Раратонга і ў 704 км на паўночны ўсход ад Ніуэ. Ён месціцца на вяршыні старажытнага падводнага вулкана, чый цокаль знаходзіцца на глыбіні каля 4000 м. Уяўляе сабою шырокую лагуну плошчай 56 км² у атачэнні замкнёнага каралавага рыфа. Узвышшы на рыфе фарміруюць невялікія астраўкі моту з агульнай плошчай сушы 2,1 км². Самы высокі пункт дасягае 6 м над узроўнем акіяну. Адзіны стала населены астравок Палмерстан (0,404 км²) у заходняй частцы рыфа. Ва ўсходняй частцы месціцца другі па плошчы астравок Лестэр (0,4 км²). На астравах няма калодзежаў з пітной вадой. Насельніцтва вымушана назапашваць дажджавую ваду.

Для Палмерстана характэрны спякотны трапічны клімат з частымі ўраганамі і моцнымі вятрамі ў студзені і лютым.

Гісторыя правіць

Джэймс Кук адкрыў атол Палмерстан у 1774 г. 13 красавіка 1777 г. маракі яго экспедыцыі ўпершыню высадзіліся тут у пошуках харчовых прыпасаў. Астравы атола былі ненаселены, аднак сустракаліся рэшткі прысутнасці палінезійцаў у мінулым. Мяркуецца, што палінезійскія мараплаўцы ведалі атол пад назвай Аварау. Ён быў населены на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, аднак у выніку пакінуты з-за вычарпання прыродных рэсурсаў.

У 1859 г. атолам зацікавіўся брытанскі гандляр Джон Брандэр. Ён дамовіўся з суайчыннікам, цясляром Вільямам Мастэрсам аб арганізацыі какосавых плантацый. В. Мастэрс прыбыў на Палмерстан у 1863 г. разам з 2 жонкамі-палінезійкамі родам з Тангарэва. Праз некаторы час да іх далучылася трэцяя жонка родам з таго ж атола. Яны здолелі стварыць камерцыйна прыбытковую вытворчасць какосавага алею. Усе сталыя сучасныя насельнікі Палмерстана з'яўляюцца прамымі нашчадкамі 23 дзяцей В. Мастэрса і яго 3 жонак.

У 1891 г. Палмерстан быў анексаваны Вялікабрытаніяй. Урад заключыў з В. Мастэрсам дагавор арэнды, які падаўжаўся да 1954 г. У 1965 г. атол увайшоў у склад свабодна асацыяванай дзяржавы Астравы Кука. Тут было створана мясцовае самакіраванне на чале мэра.

Інфраструктура правіць

Адзінае сталае паселішча Палмерстан знаходзіцца на аднайменным востраве на захадзе каралавага рыфа. Галоўныя заняткі жыхароў — земляробства і рыбалоўства. Камерцыйны прыбытак прыносіць вырошчванне какосавай пальмы. З-за праблем з транспартам на атоле не развіты турызм, аднак яго наведваюць уладальнікі яхт і іншых маламерных суднаў. Адсутнасць сталай медыцынскай дапамогі, недахоп пітной вады, электрычнасці і сучасных сродкаў камунікацый вымушае маладых палмерстанцаў пераязджаць на Раратонга і ў Новую Зеландыю, дзе ў наш час жыве больш нашчадкаў В. Мастэрса, чым на самім атоле.

Спасылкі правіць