Пал Малетэр (венг.: Maléter Pál; 4 верасня 1917, Эпер’еш — 16 чэрвеня 1958, Будапешт) — венгерскі ваенны дзеяч, генерал. Міністр абароны ва ўрадзе Імрэ Надзя (лістапад 1956).

Пал Малетэр
венг.: Maléter Pál
міністр абароны Венгрыі[d]
3 лістапада 1956 — 4 лістапада 1956
Папярэднік Карай Янза
Пераемнік Ферэнц Мюніх
Нараджэнне 4 верасня 1917(1917-09-04)[1][2]
Смерць 16 чэрвеня 1958(1958-06-16)[1][2] (40 гадоў)
Месца пахавання
Веравызнанне лютэранства
Партыя
Адукацыя
Дзейнасць афіцэр, палітык
Род войскаў Венгерская каралеўская армія[d]
Званне генерал-маёр і генерал-палкоўнік
Бітвы
Узнагароды
Order of Merit of Hungarian Freedom
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сям’я і юнацкасць правіць

Нарадзіўся ў сям’і прафесара права. Яго родны горад пасля Першай сусветнай вайны ўвайшоў у склад Чэхаславакіі, у 1938, згодна «Венскаму арбітражу» быў перададзены Венгрыі, а пасля Другой сусветнай вайны ізноў стаў чэхаславацкім. Два гады вучыўся на медыцынскім факультэце Карлава ўніверсітэта ў Празе, працаваў практыкантам у бальніцы. Неўзабаве пасля далучэння свайго роднага горада да Венгрыі пераехаў у Будапешт.

Ваенная кар’ера правіць

Скончыў вайсковую Акадэмію Людовікі ў Будапешце, у 1942 атрымаў чын лейтэнанта і быў скіраваны на Усходні фронт. Браў удзел у баях, трапіў у савецкі палон, дзе скончыў спецыяльную школу, што рыхтавала партызан-парашутыстаў. Быў камандзірам партызанскага атрада, што ваяваў супраць немцаў у Трансільваніі, атрымаў званне капітана. Уступіў у Камуністычную партыю (з 1948 — Венгерская партыя працаўнікоў).

У 19451947 — начальнік аховы ўрада і прэзідэнта Венгерскай рэспублікі. З 1953 — палкоўнік, камандуючы дапаможнымі інжынернымі батальёнамі міністэрства абароны.

Дзейнасць у кастрычніка-лістападзе 1956 правіць

Да кастрычніка 1956 быў малавядомы за межамі венгерскай арміі. Шырокая слыннасць да яго прыйшла пасля таго, як ён — адзіны старэйшы афіцэр — перайшоў на бок паўстанцаў у час кастрычніцкіх падзей 1956 года.

25 кастрычніка міністр абароны Іштван Бата даручыў палкоўніку Малетэру прыбыць да будапешцкіх жаўнерняў Кіліян, у якіх былі раскватараваны вайсковыя будаўнікі, і запабегчы іх захоп дэманстрантамі, якія выступалі супраць урада. Для выканання баявога задання Малетэру было вылучана пяць танкаў. Спачатку дзеяў супраць паўстанцаў, але ўжо ўвечары 25 ці на працягу 26 кастрычніка ўступіў з імі ў перамовы. 26 кастрычніка абвясціў міністру абароны, што перайшоў на бок паўстанцаў. Браў удзел у баявых дзеяннях супраць савецкіх войскаў у Будапешце.

Пасля таго, як 28 кастрычніка баявыя дзеянні па ініцыятыве ўрада Імрэ Надзя былі спынены і савецкія войскі пакінулі Будапешт (але не краіну ў цэлым), паводзіны Малетэра былі афіцыйна ўхвалены ўладамі. Пісьменнік Ласла Дзюрка пазней адзначаў: «Адразу ж пасля аб’явы ўрадам перамір’я гэты высокі, станісты вайсковы палкоўнік стаў адной з найболей прыцягальных фігур не толькі для журналістаў, з ім захацелі сустрэцца і некаторыя замежныя дыпламаты; асоба яго апынулася ў цэнтры ўвагі».

З 30 кастрычніка — сустаршыня (разам з генералам Белай Кіраем) Камітэта рэвалюцыйных узброеных сіл, што кіраваў паўстанцкімі фармаваннямі. Але паміж Малетэрам і Кірэем існавала саперніцтва і нязгоды ў палітычным падыходзе. Кірай падтрымваў расправы над прыхільнікамі ранейшага рэжыму, тады як Малетэр, наадварот, імкнуўся ўтрымваць баевікоў у рамках дысцыпліны і законнасці і нават караў смерцю некаторых з іх за пазасудовыя расправы. Гэта прывяло да таго, што большая частка ўзброеных сіл аказалася непадкантрольная камітэту[3].

З 31 кастрычніка — член Рэвалюцыйнага камітэта абароны. З 1 лістапада — першы намеснік міністра абароны. У той жа дзень сустракаецца з толькі што вызваленым з турмы кіраўніком венгерскай Каталіцкай царквы кардыналам Ёжэфам Міндсенці. Разам з Кіраем выступаў супраць захавання ў складзе ўрада міністраў, цесна злучаных з камуністычным рэжымам Ракашы-Геры. Спрабаваў усталяваць кантроль над усімі паўстанцкімі атрадамі, аднак дамогся толькі частковага поспеху — для некаторых паўстанцаў вайсковы афіцэр і член партыі Малетэр быў падазронай фігурай. Быў адным з ініцыятараў звальнення з кіроўных пастоў у арміі партыйных прызначэнцаў і іх замены на кадравых вайскоўцаў.

3 лістапада прызначаны міністрам абароны ва ўрадзе Імрэ Надзя з прысваеннем звання генерал-маёра. Выступаў за найхутчэйшы вывад з Венгрыі савецкіх войскаў.

Арышт, турма, пакаранне смерцю правіць

Вечарам 3 лістапада ў складзе афіцыйнай дэлегацыі прыбыў на савецкую вайсковую базу Цекель на востраве Чэпель недалёка ад Будапешта. Разам з ім у склад дэлегацыі ўваходзілі міністр Ферэнц Эрдэі, начальнік Генштаба генерал Іштван Ковач і начальнік аператыўнага кіравання Генштаба палкоўнік Міклаш Сюч. Апоўначы ў залу, дзе праходзілі перамовы, прыбыў старшыня КДБ СССР Іван Сяроў і абвясціў пра арышт усёй венгерскай дэлегацыі. Досвіткам 4 лістапада савецкія войскі зноў уступілі ў Будапешт і зрынулі ўрад Імрэ Надзя.

Генерал Малетэр і іншыя члены дэлегацыі адразу ж пасля арышту былі адпраўлены на гаўптвахту, дзе ўтрымваліся пад узмоцненай аховай. Там з імі гутарыў савецкі генерал Яўген Малашанка, які пазней успамінаў, што венгерскіх афіцэраў «агаломшыла тое, што здарылася, але яны імкнуліся трымацца з годнасцю».

Паўтара гады знаходзіўся ў зняволенні, потым паўстаў перад зачыненым судом, на якім быў прысуджаны да смяротнага пакарання. 16 чэрвеня 1958 прысуд быў прыведзены ў выкананне — разам з Малетэрам былі пакараны смерцю Імрэ Надзь і журналіст Міклаш Гімеш.

Рэабілітацыя правіць

Праз роўна 31 год пасля пакарання смерцю, у чэрвені 1989 года, рэшткі Надзя, Малетэра, Гімеша, а таксама пакаранага смерцю некалькі раней палкоўніка Ёжэфа Сіладзьі і памерлага падчас следства міністра Гезы Лашонцы былі з ушанаваннямі перапахаваны ў будапешцкім скверы Герояў.

Зноскі

  1. а б Pál Maléter // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Pal Maleter // Munzinger Personen Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Мифы о восстании // Полит. РУ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2012. Праверана 19 кастрычніка 2016.

Спасылкі правіць