Памірскія мовы — арэальная сукупнасць роднасных моў, якія адносяцца да іранскіх моў (усходняя група).

Пашыраны ў далінах заходняга і паўднёвага Паміра (Таджыкістан, Афганістан, Пакістан, паўночная Індыя, Кітай). Да іх належаць: ваханская, язгулямская, ішкашымская мовы, шугнана-рушанская група моў (шугнанская, рушанская, хуфская, бартангская, арашорская, сарыкольская), па пэўных уласцівасцях — мунджанская і йідга, мёртвая старажытна-ванджская і, магчыма, саргулямская. Граматычны лад памірскіх моў пераважна сінтэтычны. Іх структурнае падабенства і агульнасць лексічнага фонду даюць падставы меркаваць пра іх канвергентнае развіццё ў моўным саюзе. Памірскія мовы беспісьмовыя. Для носьбітаў большасці з іх мовай пісьма і адукацыі служыць таджыкская мова, для носьбітаў сарыкольскай мовы — уйгурская мова.