Парыжскі мірны дагавор (1856)

Парыжскі мірны дагавор (Парыжскі трактат[1]) — міжнародны дагавор, падпісаны 18 (30) сакавіка 1856 года на Парыжскім кангрэсе, які адкрыўся 13 (25) лютага 1856 г. у сталіцы Францыі. У працы кангрэса ўдзельнічалі Расія, з аднаго боку, і саюзнікі па Крымскай вайне Асманская імперыя, Францыя, Брытанская імперыя, Аўстрыя, Сардзінія, а таксама Прусія.

Няўдалы для Расіі ход вайны прывёў да ўшчамлення яе правоў і інтарэсаў; тэрытарыяльныя страты ў выніку апынуліся для яе, аднак, мінімальныя (першапачаткова Англія патрабавала, апрача іншага, саступкі Бесарабіі і знішчэння Мікалаева): Расія адмаўлялася ад умацавання Аландскіх астравоў; згаджалася на свабоду суднаходства па Дунаі; адмаўлялася ад пратэктарата над Валахіяй, Малдавіяй і Сербіяй і ад часткі паўднёвай Бесарабіі; саступала Малдавіі свае ўладанні ў вусцях Дуная і частку Паўднёвай Бесарабіі, вяртала заняты ў Турцыі Карс (у абмен на Севастопаль і іншыя крымскія гарады).

Прынцыповае значэнне для Расіі меў пункт аб нейтралізацыі Чорнага мора. Нейтралізацыя азначала забарону ўсім чарнаморскім дзяржавам мець на Чорным моры ваенныя флоты, арсеналы і крэпасці. Такім чынам Расійская імперыя ставілася ў нераўнапраўнае становішча з Асманскай, якая цалкам захавала свае ваенна-марскія сілы ў Мармуровым і Міжземным морах.

Да трактата прыкладалася канвенцыя аб пралівах Басфор і Дарданэлы, якая пацвярджала іх закрыццё для замежных ваенных караблёў у мірны час.

Парыжскі мірны дагавор 1856 года цалкам змяніў міжнароднае становішча ў Еўропе, знішчыўшы еўрапейскую сістэму, якая была заснавана на Венскіх трактатах 1815 г. «Вяршэнства ў Еўропе перайшло з Пецярбурга ў Парыж», — пісаў пра гэты час К. Маркс [2]. Парыжскі дагавор стаў стрыжнем еўрапейскай дыпламатыі аж да франка-прускай вайны 1870—1871 гг.

Расія дамаглася адмены забароны трымаць ваенна-марскі флот у Чорным моры на Лонданскай канвенцыі 1871 года. Вярнуць частку страчаных тэрыторый Расія змагла ў 1878 годзе паводле Берлінскага трактату, падпісанаму ў рамках Берлінскага кангрэса, які адбыўся па выніках Руска-турэцкай вайны 1877—1878.

Прадстаўнікі краін-удзельнікаў правіць

  • Францыя — Старшынстваваў на паседжаннях французскі міністр замежных спраў, стрыечны брат імператара Напалеона III граф А. Валеўскі. Другі ўдзельнік Ф. Буркенэ — пасол Францыі ў Турцыі ў 1844—1851 гг.
  • Аўстрыя — Міністр замежных спраў Аўстрыйскай імперыі Карл Буаль і І. Гюбнер
  • Вялікабрытанія — лорды Кларэндон (George Villiers, 4th Earl of Clarendon) і Г. Каўлі (Henry Wellesley, 1st Earl Cowley)
  • Расія была прадстаўлена першым упаўнаважаным графам А. Ф. Арловым і другім — П. І. Брунавым, які доўга служыў рускім паслом у Лондане.
  • Сардзінія — граф К. Кавур, С. Віламарына.
  • Турцыя — вялікі візір Алі-паша і турэцкі пасол у Парыжы Джэміль-бей
  • Прусія — О. Мантэйфель, М. Гарцфельт

Зноскі

  1. История дипломатии. М.-Л.: ОГИЗ, 1945. т.3, с.803.
  2. К. Маркс и Ф. Энгельс. Соч., т. X, изд. I, стр. 599

Спасылкі правіць