Пастаялка — свежае пастаялае каровіна малако.

Гістарычна вылучэнне паняцця «пастаялка» звязана з тым, што ў старажытнасці свежага малака (сырадою) не спажывалі. І цяпер у некаторых вёсках сырадой п'юць толькі як лекавы сродак. Цёплае, толькі што выдаенае малако, зліваюць з даёнкі ў гладышы або слоікі, бляшанкі і ставяць у халоднае месца. Праз некалькі (5 — 6) гадзін яно ўжо называлася пастаялкай. Яе даюць піць дзецям, ядуць з хлебам, кашай, ёю забельваюць крупеню. Пры такім спажыванні пастаялку перабоўтваюць, каб вяршкі перамяшаліся з малаком.

Паколькі нават за вельмі працяглы час знаходжання ў халодным месцы на версе малака ў гладышы (слоіку, бляшанцы) адстойваецца тлустая частка малака, то ў некаторых заходніх і цэнтральных мясцінах Беларусі пастаялкай называецца якраз вяршок, салодкая смятанка. Тады пастаялку зліваюць асобна. Яе п'юць, ёю забельваюць стравы, квасяць на смятану. Тут скажуць: «Злі пастаялку, а рэшту аддай парасяці». Мажліва, сувязь слова пастаялка з першым або другім значэннем звязана з заможнасцю гаспадарак, колькасцю малака і мэтамі яго спажывання.

Літаратура правіць

  • Вештарт Г. Пастаялка // Праект «Наша ежа»