Паўночна-Сібірская нізіна

Паўночна-Сібірская, Таймырская нізіна (руск.: Северо-Сибирская низменность, Таймырская низменность) — палога-ўвалістая нізменная раўніна паміж Сярэдне-Сібірскім пласкагор’ем і гарамі Быранга ў паўночнай частцы Усходняй Сібіры ў Краснаярскім краі і Якуціі. Размешчана паміж нізоўямі рэк Енісей і Алянёк.

Даўжыня 1400 км, шырыня 600 км, вышыня да 300 м. Уяўляе сабой чаргаванне плоскаверхіх град вышынёй 200—300 метраў, якія выцягнуты ва ўсход-паўночна-ўсходнім напрамку, з моцна забалочанымі паніжэннямі, дзе размешчана вялікая колькасць тэрмакарставых азёр. Распаўсюджаны таксама іншыя тыпы азёр, буйнейшае з якіх — возера Таймыр. У цэнтральнай частцы — возера Лабаз.

Нізіна складзена марскімі і ледніковымі адкладаннямі, якія падсцілаюцца пясчанікамі і гліністымі сланцамі. На яе тэрыторыі маюцца радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю.

Клімат субарктычны кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад −30 °C на захадзе да −35…-37 °C на ўсходзе. Колькасць ападкаў 250—300 мм у год.

Рэкі: Пясіна, Таймыра, Хатанга, Анабар і інш.

На паўднёвай ускраіне нізіны размешчана лесатундра, на поўнач — кустарнікавая тундра, у паўночнай частцы — лішайнікавая тундра. Глебы малапрадуктыўныя, балотныя, глеева-балотныя, на ўзвышэннях тундрава-глеевыя.

У межах нізіны знаходзіцца Таймырскі запаведнік.

Спасылкі правіць