Паўстанне Бар-Кохбы

Паўстанне Бар-Кохбы — выступленне іўдзеяў (132—135) супраць рымскага панавання пры імператары Адрыяне. Паўстанне ўзначаліў Шымон, які назваў сябе Бар-Кохбам (сынам зоркі). Паўстанне было спробай аднаўлення яўрэйскай дзяржаўнасці. Часам называецца таксама Трэцяй іўдзейска-рымскай вайной.

Падзеі правіць

Непасрэднай прычынай для пачатку паўстання магло стаць рашэнне імператара Адрыяна ў 129 годзе аб узвядзенні на месцы разбуранага Іерусалімскага храма святыні Юпітэра Капіталійскага ці забарона пад страхам смерці яўрэям праводзіць абразанне, якое рымляне разглядалі формай самакалецтва накшталт кастрацыі.

Паўстанне ўзначаліў Шымон Бар-Кохба, якога яўрэі лічылі Месіяй, што адновіць незалежнасць Ізраіля. У выніку бітваў паўстанцы вызвалілі ўсю тэрыторыю правінцыі з Іерусалімам і руінамі Святыні, на якіх былі адноўлены ахвярапрынашэнні. Цэнтрам паўстання стала крэпасць Бетар, агулам было вызвалена каля 50 крэпасцей і 1000 гарадоў і вёсак. За адмову выракчыся веры і прызнаць месіяй Шымона Бар-Кохбу паўстанцы пераследавалі і забівалі хрысціян[1].

Паўстанне Бар-Кохбы было задушана рымскім палкаводцам Юліем Северам, адкліканым з Брытаніі. У 135 годзе яго войска ўвайшло ў Іўдзею. Летам паў Іерусалім, апошняй кропкай супраціўлення заставалася крэпасць Бетар на паўднёвы захад ад Іерусаліма, дзе размяшчаўся Сінедрыён і сам Бар-Кохба. Амаль усе абаронцы разам з правадыром былі забіты, рэшта прададзена ў рабства.

Вынікі правіць

Агулам у Іўдзеі загінулі 580 000 яўрэяў, разбураны 50 крэпасцей і 985 гарадоў і вёсак[2], на Храмавай гары пастаўлена святыня Юпітэра і статуя Адрыяна. Іерусалім быў перайменаваны ў Калонію Элію Капіталіну, а Іўдзея — у Сірыю Палесцінскую. Іўдаізм быў забаронены.

Зноскі

  1. Юсцін Мучанік. 'Апалогія' I, 31
  2. The 'Five Good Emperors' (англ.). The High Point. Праверана 27 студзеня 2016.