Па-дэ-Кале (фр.: Pas de Calais [pɑˈdə kaˈlɛ]), у англамоўных краінах Дуўрскі праліў (англ.: Strait of Dover) — праліў паміж востравам Вялікабрытанія і мацерыковай часткай Еўропы, самая вузкая частка Ла-Манша. Даўжыня — 37 км, найменшая шырыня — 32 км, найменшая глыбіня — 21 м. Парты — Дуўр, Кале, Дзюнкерк. Пад дном Па-дэ-Кале праходзіць Еўратунэль.

Па-дэ-Кале
англ.: Strait of Dover
Размяшчэнне
51°00′ пн. ш. 1°27′ у. д.HGЯO
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Па-дэ-Кале на карце Еўропы

Гісторыя правіць

Сфарміраваўся пры паніжэнні і затапленні сушы, якая злучала цяперашні мацярык Еўропа і Брытанскія астравы ў чацвярцічным перыядзе[1][2]. У перыяды высокага ўзроўню сусветнага акіяна (каля 350 000 гадоў таму) паміж Брытаніяй і кантынентам ужо ўзнікаў вузкі праліў, аднак большую частку часу, нават калі размешчаны на поўдзень праліў Ла-Манш уяўляў сабой марскі заліў або ледавіковае возера, на месцы Па-дэ-Кале знаходзіўся сухапутны «мост»[3]. Сучаснае затапленне адбылося ў параўнальна нядаўні па геалагічных маштабах час: яшчэ прыкладна ў 5000 годзе да н.э. на гэтым месцы знаходзілася адкрытая рачная даліна[4].

У старажытнасці называўся «гальскі праліў» («Фрэтум-Галікум», лац.: Gallicum Fretum[4], «Fretum Gallicum»[5]) па размяшчэнні на беразе Галіі[6]. У ранняе і высокае сярэднявечча праз праліў ішоў ажыўлены гандаль паміж краінамі кантынента (у першую чаргу Францыяй) і Англіяй; размешчаны на англійскай беразе Дуўр уваходзіў у саюз пяці партоў. Хоць у пачатку XIII стагоддзя англійская карона страціла кантроль над французскім берагам праліва, а наступныя 600 гадоў прайшлі ў амаль пастаянным супрацьстаянні Англіі і Францыі, аб’ёмы гандлю працягвалі ўзрастаць[7].

З пачаткам Стогадовай вайны, пасля таго, як армада Эдуарда III аднавіла англійскі кантроль над Кале, Па-дэ-Кале набыў стратэгічнае значэнне як самы кароткі маршрут лагістыкі англійскіх войск. Аднак у асноўным праз праліў здзяйсняліся толькі рабаўніцкія рэйды або «аперацыі адплаты» з абодвух бакоў[8].

 
Капітан Мэцью Уэб

У 1588 годзе ў праліве адбылася бітва паміж іспанскай і англійскай эскадрамі, падчас якой іспанскай непераможнай армадзе нанесены першы сур’ёзны ўрон[4]. У далейшым праліў і паўночныя подступы да яго сталі месцам шэрагу марскіх бітваў англа-галандскіх войнаў. У XVIII і пачатку XIX стагоддзя Францыя, якая па-ранейшаму варагавала з Англіяй і мела мацнейшую сухапутную армію, неаднаразова спрабавала ажыццявіць марское ўварванне праз Па-дэ-Кале, але англійскі флот паспяхова блакаваў гэтыя спробы[9].

У 1875 годзе зарэгістравана першая дакументальна пацверджаная паспяховая спроба пераплыць праліў Па-дэ-Кале ўплаў. Заплыў з Дуўра ў Кале здзейсніў Брытанскі капітан Мэцью Уэб, які пераадолеў дыстанцыю 64 кіламетры за 21 гадзіну 45 хвілін[10].

У ходзе Першай сусветнай вайны ў Па-дэ-Кале і Ла-Маншы дзейнічалі германскія падводныя лодкі, якія атакавалі судны Антанты. Некалькі разоў германскія мінныя загараджальнікі здолелі на кароткі час перапыніць грамадзянскае суднаходства ў пралівах. У гэтых умовах Дуўр служыў базай патрульнага флоту, які забяспечваў навігацыю праз праліў гандлёвых суднаў. У 1916 і 1917 гадах праліў Па-дэ-Кале стаў месцам дзвюх бітваў германскіх флатылій тарпедных катараў і брытанскіх ваенна-марскіх сіл. У першай бітве немцы здолелі патапіць брытанскія эсмінец і транспарт; у другой немцы страцілі два катары, хоць здолелі нанесці пашкоджанні эсмінцам «Broke» і «Swift»[11].

У 1940 годзе, пасля паражэння англа-французскіх войск каля Дзюнкерка, праліў стаў месцам правядзення Дзюнкеркскай аперацыі па эвакуацыі брытанскага ваеннага кантынгенту і часткі французскіх вайскоўцаў[4].

Крыніцы правіць

  1. Па-де-Кале // П — Пертурбационная функция. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2014. — С. 49. — (Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов; 2004—). — ISBN 978-5-85270-362-0.
  2. Па-де-Кале (пролив) (руск.) — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі
  3. Phil Gibbard. How Britain Became An Island: the report. Cambridge Quarternary (30 лістапада 2009). Архівавана з першакрыніцы 12 красавіка 2021. Праверана 19 кастрычніка 2017.
  4. а б в г Strait of Dover | Map, Length, Depth, & Facts | Britannica (англ.). www.britannica.com (27 кастрычніка 2023). Праверана 30 кастрычніка 2023.
  5. Па-де-Калэ, пролив // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907. — Т. XXIIa.
  6. Поспелов Е. М. Географические названия мира: Топонимический словарь. — М.: АСТ, 2001.
  7. Cuyvers 1986, pp. 3–4.
  8. Cuyvers 1986, p. 4.
  9. Cuyvers 1986, pp. 6–7.
  10. Lorraine. Captain Matthew Webb – the first Person to swim the Channel (англ.). The Dover Historian (3 студзеня 2015). Праверана 30 кастрычніка 2023.
  11. Mambra, Shamseer. The Strait Of Dover- The Busiest Shipping Route In The World (англ.). Marine Insight (26 красавіка 2023). Праверана 30 кастрычніка 2023.

Літаратура правіць