Пега́ны, або пііка́ні (саманазва: Piikáni, літаральна "дрэнна апранутыя") — алганкінскі народ. Жывуць пераважна ў штаце Мантана (ЗША) і правінцыі Альберта (Канада). Агульная колькасць (2016 г.) — каля 48 000 чал.

Пеганы
Piikáni
Фота 1900 г.
Агульная колькасць 48000
Рэгіёны пражывання ЗША, Канада
Мова блэкфут
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы каінава, сіксікава

Сучасныя даследаванні паказваюць, што пеганы — аўтахтоннае насельніцтва ўсходу Скалістых гор. З'яўляліся часткай канфедэрацыі чарнаногіх, якая ў XVIII - XIX стст. кантралявала значныя тэрыторыі Вялікіх раўнін ад Саскачэвана на поўначы да Елостоўна на поўдні. Асноўнымі заняткамі з'яўляліся качавая конегадоўля і коннае паляванне. Адзінай палітычнай структуры не мелі. Падзяляліся на качавыя групы на чале абраных правадыроў. Да сярэдзіны XIX ст. у выніку эпідэмічных захворванняў, войн з кры і скарачэння колькасці бізонаў зведалі дэмаграфічны заняпад. З 1860-х гг. знаходзіліся ў залежнасці ад дапамогі з боку ўрадавых структур ЗША і Канады.

Хаця падчас Індзейскіх войн захоўвалі нейтралітэт, 23 студзеня 1870 г. часткі арміі ЗША памылкова атакавалі лагер правадыра пеганаў Далёкага Уцекача ў Мантане. Пры гэтым было забіта каля 200 індзейцаў. Некалькі груп пеганаў адкачавалі на тэрыторыю Канады, дзе ў 1877 г. падпісалі пагадненне з каралевай Вікторыяй. Яны атрымалі 46 677,8 га зямлі, на якіх была створана аўтаномная рэзервацыя. Паўночныя пеганы (Aapátohsipikáni) застаюцца часткай канфедэрацыі чарнаногіх.

Пеганы Мантаны (Aamsskáápipikani) ў 1874 г. і 1887 г. згубілі значную частку зямель у выніку іх перадачы ўрадам ЗША ў маёмасць белым пасяленцам. У 1896 г. яны падпісалі мірнае пагадненне з ЗША, паводле якога захавалі 7 800 км² сваіх тэрыторый, на якіх была створана сучасная рэзервацыя чарнаногіх. У 1935 г. яны абвясцілі сябе самастойнай нацыяй і фактычна вылучыліся з канфедэрацыі, хаця карыстаюцца назвай чарнаногіх.

Сучасныя заняткі — жывёлагадоўля, земляробства, будаўніцтва, праца ў прамысловасці і сферы абслугоўвання. У мінулым прытрымліваліся анімістычных вераванняў, шанавалі Месяц і Сонца. Большасць сучасных вернікаў — хрысціяне.

Спасылкі правіць