Пляба́нія (праз польск.: plebania з сярэднелацінскага plebania ад лац.: plebs — народ) — двор святара каталіцкай, рэфарматарскай або ўніяцкай царквы ў Польшчы і Беларусі. У рымска-каталіцкай царкве ад назвы святарскага двара плябаніяй часта называюць агулам царкоўную парафію (прыход).

Плябанія ў Янішаве.

Вядомы з 16 ст. На Беларусі аснову двара, які звычайна размяшчаўся каля храма, складалі жылы дом і гаспадарчыя пабудовы (свіран, хлявы, стайня і інш.). Забудова часцей была драўляная (хата 3-камерная) і вырашалася ў традыцыях народнага дойлідства.

Каталіцкі цэнтр касцёла Св. Міхаіла ў Смаргоні

Некаторыя дамы мелі ганкі, галерэі, падчэні на галоўным фасадзе (Ішкалдзь Баранавіцкага, Касцяневічы Вілейскага раёнаў, 19 ст.). З канца 19 ст. будавалі плябаніі больш складанай планіровачнай структуры: 2-павярховыя, мураваныя (Мядзел, Глыбокае, Мінск і інш.). Выкарыстоўваліся плябаніі і як своеасаблівыя грамадскія цэнтры (друкарня ў нясвіжскай плябаніі, 18 ст.). Сучасныя плябаніі маюць шматфункцыянальныя залы для сходаў, бібліятэкі, вучэбныя і камп’ютарныя класы, канцылярыі і інш. (плябанія ў Смаргоні, 2000, архітэктар А. Базевіч).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць