Пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй

пратэсты ў Беларусі ў 2019—2020 гг.

Пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй — палітычныя акцыі, якія адбываліся 7—29 снежня 2019 года ў Мінску і некалькіх абласных цэнтрах у сувязі з перагаворамі паміж прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 7—8 i 20 снежня 2019 года аб паглыбленай інтэграцыі дзвюх дзяржаў. Пратэсты праходзілі пераважна ў форме мітынгаў і ланцугоў салідарнасці[1]. Частка ўдзельнікаў была аштрафавана, 13 атрымалі адміністрацыйны арышт паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь.

Пратэстоўцы на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, 8 снежня 2019 г.

Перадгісторыя правіць

2 красавіка 1996 года Беларусь і Расія заключылі пагадненне аб інтэграцыі, у выніку чаго была створана Саюзная дзяржава, але фактычна абедзве краіны захавалі свой суверэнітэт. З таго часу ўрад Расіі перыядычна вяртаўся да ідэі паглыблення інтэграцыі з Беларуссю. У верасні 2019 года ўрады Расіі і Беларусі дамовіліся аб распрацоўцы некалькіх практычных крокаў у кірунку інтэграцыі ў форме 33 дарожных карт, у якіх разбіраліся пытанні сінхранізацыі заканадаўства Беларусі і Расіі. Было прынята рашэнне аб сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расіі па пытанні ўзгаднення гэтых дарожных карт 7—8 снежня 2019 года.

Ход падзей правіць

7 снежня 2019 года па закліку апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца жыхары Мінска, якія выступалі супраць інтэграцыі з Расіяй, арганізавалі ланцуг уздоўж праспекта Незалежнасці ў раёне Кастрычніцкай плошчы і потым прайшліся па цэнтры горада. У акцыі было ад некалькіх сот да тысячы ўдзельнікаў[2]. Міліцыя папярэджвала аб тым, што на правядзенне акцыі няма дазволу Мінгарвыканкама, але сілу супраць удзельнікаў не выкарыстоўвала. 8 снежня акцыя паўтарылася з удзелам некалькіх сотняў чалавек, акцыя прайшла пераважна мірна, але вадзіцель машыны, які сігналіў у падтрымку пратэстуючых, быў затрыманы[3].

 
Пратэстоўцы каля пасольства Расіі ў Мінску, 8 снежня 2019 г.

20 снежня ў Санкт-Пецярбургу працягнуліся перамовы прэзідэнтаў аб пашырэнні інтэграцыі саюзных дзяржаў. У гэты дзень чарговая акцыя ў Мінску сабрала менш людзей, бо на 40 ўдзельнікаў акцый 7—8 снежня былі складзены пратаколы, пераважна з папярэджаннямі. Удзельнікі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, прайшлі да плошчы Незалежнасці і правялі там мітынг[4][5]. 21 снежня акцыю паўтарылі яшчэ раз. У гэты раз на мітынг на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску прыйшоў адзін прыхільнік інтэграцыі з Расіяй[6]. 29 снежня на Кастрычніцкай плошчы Мінска прайшоў яшчэ адзін мітынг супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй. Вячаслаў Сіўчык ад імя пратэстоўцаў патрабаваў апублікаваць усе дарожныя карты паглыблення інтэграцыі з Расіяй[7].

4 студзеня 2020 года ў Полацку прайшла яшчэ адна акцыя за незалежнасць Беларусі, удзельнікі якой былі аштрафаваныя[8].

Вынікі правіць

У снежні 2019 года і студзені 2020 года прайшлі суды над удзельнікамі пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй[9]. Удзельнікі акцый былі аштрафаваны за правядзенне несанкцыянаваных мітынгаў і шэсцяў у сталіцы і абласных цэнтрах. 13 чалавек асуджаныя на адміністрацыйны арышт, у тым ліку Павел Севярынец і аршанскі блогер Шэры Кот. Агульная сума штрафаў склала 34,5 тыс. рублёў[10]. Інфармацыя па ўзгадненні заканадаўства Расіі і Беларусі ў форме дарожных карт засталася закрытай, але снежаньскія перамовы 2019 года Пуціна і Лукашэнкі аб паглыбленні інтэграцыі не прывялі да фактычнага пашырэння гэтага працэсу па стане на 2021 год.

З другога боку ўтварэнне ланцугоў салідарнасці як форма пратэсту стала папулярнай падчас перадвыбарчых і паслявыбарчых акцый 2020 года.

Зноскі

  1. У прамым сэнсе гэтыя ланцугі не былі акцыяй салідарнасці, а акцыяй пратэсту, але такая назва замацавалася па аналогіі з ланцугом з жыхароў краін Прыбалтыкі, які быў як жывы шчыт супраць расійскай арміі як салідарнасць жыхароў гэтых краін у справе абароны сваёй незалежнасці
  2. В Минске прошла акция протеста против интеграции с Россией // РБК
  3. В Минске продолжаются протесты против интеграции с Россией // dw.com
  4. В Минске стартовала новая акция протеста против интеграции с Россией // Interfax.ru
  5. «Нет — союзу с Россией»: белорусы снова протестуют против интеграции с РФ // dw.com
  6. В Минске люди снова собрались на митинг против интеграции. Но участников было значительно меньше Архівавана 21 лютага 2021. // TUT.BY
  7. В Минске начался очередной митинг против интеграции с Россией // Лента Ру
  8. «За месяц более 150 судебных заседаний». В Беларуси продолжаются суды за акции против интеграции Архівавана 31 кастрычніка 2020. // TUT.BY
  9. Продолжаются суды над участниками декабрьских акций Архівавана 30 лістапада 2020. // TUT.BY
  10. Общая сумма штрафа — 34,5 тысячи рублей. Прошли суды над участниками акций против интеграции Архівавана 25 кастрычніка 2020. // TUT.BY

Спасылкі правіць