Прыпяцкі прагін — адмоўная тэктанічная структура Усходне-Еўрапейскай платформы. Размяшчаецца на паўднёвым усходзе Беларусі ва ўсходняй частцы Палесся. На поўначы мяжуе (па глыбінных разломах з амплітуй 4—5 км) з Беларускай антэклізай і Жлобінскай седлавінаю, на поўдні — з Украінскім шчытом, на захадзе — з Палескай седлавінаю, на ўсходзе праз Брагінска-Лоеўскую седлавіну пераходзіць у Дняпроўска-Данецкі прагін. Даўжыня да 260 км, шырыня да 130 км. Складаецца з уласна Прыпяцкага грабена і яго паўночнага пляча — Гарадоцка-Хацецкай ступені.

Тэктанічныя структуры Беларусі

Крышталічны фундамент на глыбіні ад 1 да 4—6 км. У платформавым чахле выяўлены адклады верхняга пратэразою, дэвонскай, каменнавугальнай, пермскай, трыясавай, юрскай, мелавой, палеагенавай, неагенавай і чацвярцічнай сістэм. Асноўнае месца ў разрэзе займаюць верхнедэвонскія адклады, ¾ якіх складаюць саляносныя (ніжняя франская і верхняя фаменская) і міжсалявая (ніжнефаменская) тоўшчы. Фарміраванне Прыпяцкага прагіну як інтракратоннага грабена адбылося ў герцынскі этап, якому адпавядаюць 3 асноўныя структурныя паверхі: ніжні (складзены эйфельска-жывецкімі і ніжнефранскімі ўтварэннямі), сярэдні (верхнефранскімі, фаменскімі, каменнавугальнымі, ніжнепермскімі адкладамі) і верхні (верхнепермскімі і ніжне-сярэднетрыясавымі). У ніжнім структурным паверсе і ніжняй частцы сярэдняга пераважаюць дыз’юнктыўныя дыслакацыі, а ў верхняй частцы сярэдняга і ў верхнім — выразныя плікатыўныя формы са значным уздзеяннем саляной тэктонікі.

Паверхня фундамента, ніжні структурны паверх і ніжняя частка сярэдняга падзелены сістэмай субшыротных разломаў на тэктанічныя ступені, горсты і грабены, якія аб’ядноўваюцца па марфалагічных прыкметах у 3 структурныя зоны: Паўночную, Цэнтральную і Паўднёвую. У Паўночнай структурнай зоне вылучаны: Бярэзінская, Рэчыцка-Шацілкаўская і Маладушынска-Чырвонаслабодская ступені; у Цэнтральнай — Капаткевіцка-Велікаборская, Шастовіцкая і Мазырская ступені, Петрыкаўскі і Хобненска-Хойніцкі пахаваныя выступы; у Паўднёвай — Нараўлянскі горст, Ельскі грабен і Выступовіцкая ступень. Тэктанічныя ступені, грабены і горсты ўскладнены зонамі прыразломных падняццяў і апусканняў, складзеных лакальнымі структурамі, якіх больш за 140. У сярэднім і верхнім структурных паверхах вылучаюцца валы, падняцці і сінклінальныя зоны. У этапы найбольш актыўнага развіцця Прыпяцкага прагіну праявілася глыбінная і саляная тэктоніка, вулканізм і фарміраваліся асноўныя структурныя элементы.

У Прыпяцкім прагіне выяўлены і эсплуатуюцца радовішчы нафты, калійных і каменнай солі, будаўнічых матэрыялаў; ёсць паклады каменнага і бурага вугалю, гаручых сланцаў, багатыя рэсурсы прэсных, мінеральных і тэрмальных вод.

Літаратура правіць