Прэмія Цьюрынга (англ.: Turing Award) — самая прэстыжная прэмія ў інфарматыцы, якая ўручаецца Асацыяцыяй вылічальнай тэхнікі за выдатны навукова-тэхнічны ўклад у гэтай галіне.

Статус і парадак прысуджэння правіць

Прэмія заснавана Асацыяцыяй вылічальнай тэхнікі ў гонар выдатнага англійскага навукоўца Алана Цьюрынга, які атрымаў першыя глыбокія вынікі адносна вылічальнасці задоўга да з’яўлення першых электронна-вылічальных машын.

Прэмію штогадова атрымліваюць адзін або некалькі спецыялістаў у галіне інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі, чый уклад у гэтай галіне меў моцны і працяглы ўплыў на камп’ютарную супольнасць[1]. Прэмія можа быць прысуджана аднаму чалавеку не болей за адзін раз. У сферы інфармацыйных тэхналогій прэмія мае статус, аналагічны Нобелеўскай прэміі ў акадэмічных колах. Упершыню Прэмія Цьюрынга была прысуджана ў 1966 годзе Алану Перлісу за развіццё тэхналогіі стварэння кампілятараў.

У 2000-я гады прэміяльны фонд спансіраваўся карпарацыямі Intel і Google, штогадовы памер прэміі складаў $250 тыс., з 2014 года штогадовы прызавы фонд быў павялічаны да $1 млн, а кампанія Google стала адзіным спонсарам прэміі[2][3].

Лаўрэаты Прэміі Цьюрынга правіць

Год Лаўрэат Прычына прысуджэння
1966   Алан Дж. Перліс За яго ўплыў у галіне абагульненых тэхнік праграмавання і пабудавання кампілятараў.
1967   Морыс Уілкс Прафесар Уілкс найболей вядомы як праекціроўшчык EDSAC, першага камп’ютара, які дапускаў унутранае захоўванне праграм. Пабудаваны ў 1949 годзе, EDSAC выкарыстоўваў памяць на лініях затрымкі. Ён таксама вядомы, у сааўтарстве з Вілерам і Гілам, як аўтар кнігі «Preparation of Programs for Electronic Digital Computers», 1951 года, у якой уводзіцца найважнейшае паняцце бібліятэкі.
1968   Рычард Хэмінг За працы ў галіне лікавых метадаў, сістэм аўтаматычнага кадзіравання, кодаў выяўлення і выпраўлення памылак
1969   Марвін Мінскі За піянерскія працы па праблеме штучнага інтэлекта
1970   Джэймс Уілксан За яго даследаванні ў галіне вылічальнага аналізу, якія садзейнічалі выкарыстанню высокаскорасных лічбавых камп'ютараў і набылі асаблівае значэнне ў святле яго прац па вылічэннях у лінейнай алгебры і «адваротным» аналізе памылак
1971   Джон Мак-Карці Лекцыя доктара Мак-Карці «Сучасны стан даследаванняў па штучным інтэлекце» асвятляе стан рэчаў у галіне, якая абавязана многімі істотнымі поспехамі яго працам
1972   Эдсгер Дэйкстра За фундаментальны ўклад у праграмаванне як высокі інтэлектуальны выклік; за красамоўную настойлівасць і практычную дэманстрацыю таго, што праграмы павінны быць складзены правільна, а не проста адладжаныя; за асвятленне праблем, якія ляжаць у аснове распрацоўкі праграм
1973   Чарлз Бахман За яго выдатны ўклад у тэхналогіі баз даных
1974   Дональд Кнут За яго вялізны ўклад у аналіз алгарытмаў, распрацоўку моў праграмавання, асабліва за стварэнне шырока вядомай серыі кніг пад агульнай назвай «Мастацтва праграмавання»
1975   Алан Ньюэл
  Герберт Сайман
За іх агульныя намаганні на працягу дваццаці гадоў, у пачатку сумесна з Дж. К. Шоу, у складзе карпарацыі RAND, пазней разам з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнцкімі групамі універсітэта Карнегі-Мелан, адзначыліся фундаментальным укладам у штучны інтэлект, псіхалогію механізмаў чалавечага ўспрымання і апрацоўку спісаў
1976   Майкл Рабін
  Дана Скот
За іх агульны артыкул пад назвай ”Канечныя аўтаматы і праблема вырашальнасці для іх”, у якой была прапанавана ідэя недэтэрмінаванага аўтамата, канцэпцыі, якая даказала пазней сваю выключную каштоўнасць. Іх артыкул, які стаў класічным, паслужыў крыніцай натхнення для многіх наступных прац у гэтай галіне
1977   Джон Бэкус За яго глыбокі, станоўчы, не пазбаўлены працяглага ўплыву ўклад у праектаванне практычных высокаўзроўневых праграмных сістэм, у прыватнасці за яго працу над мовай Фартран, і яго арыгінальную публікацыю па фармалізацыі спецыфікацый моў праграмавання
1978   Роберт Флойд За яго несумненны ўплыў на метадалогію стварэння эфектыўнага і надзейнага праграмнага забяспечэння і за яго дапамогу ў станаўленні такіх галін камп'ютарных навук, як тэорыя парсінга, семантыка моў праграмавання, аўтаматычная верыфікацыя праграм, аўтаматычнае праграмаванне і аналіз алгарытмаў
1979   Кенет Айверсан За яго піянерскую працу ў галіне моў праграмавання і матэматычнага запісу, якія мелі вынікам тое, што зараз вядома сярод спецыялістаў як APL, за яго ўклад у рэалізацыю інтэрактыўных сістэм, выкарыстанне APL у адукацыйных мэтах, а таксама ў тэорыю і практыку моў праграмавання
1980   Ч. Энтані Р. Хоар За яго фундаментальны ўклад у вызначэнне і распрацоўку моў праграмавання”
1981     Эдгар Код За яго фундаментальны і працяглы ўклад у тэорыю і практыку сістэм кіравання базамі даных, асабліва рэляцыйнага тыпу
1982   Стывен Артур Кук За істотны прагрэс, дасягнуты ім у разуменні складанасці вылічэнняў. Яго праца легла ў аснову тэорыі NP-поўнасці. Даследаванне ўласцівасцей і меж гэтага класа стала адным з найважнейшых напрамкаў тэорыі вылічальных сістэм за апошнія дзесяць гадоў
1983   Кен Томпсан
  Дэніс Рычы
За іх распрацоўку агульнай тэорыі аперацыйных сістэм і ў прыватнасці за рэалізацыю аперацыйнай сістэмы UNIX
1984   Ніклаўс Вірт За распрацоўку паслядоўнасці інавацыйных камп'ютэрных моў EULER, ALGOL-W, Pascal, MODULA і Oberon
1985   Рычард Карп За яго працяглы ўклад у тэорыю алгарытмаў, уключаючы распрацоўку эфектыўных алгарытмаў для сеткавых патокаў і іншых задач камбінаторнай аптымізацыі, атаясамліванне вылічальнасці за палінаміальны час з інтуітыўным паняццем алгарытмічнай эфектыўнасці і, асабліва, за ўклад у тэорыю NP-поўнасці
1986   Джон Хопкрафт
  Роберт Тар'ян
За фундаментальныя дасягненні ў дызайне і аналізе алгарытмаў і структур даных
1987   Джон Кок За значны ўклад у дызайн і тэорыю кампілятараў, архітэктуру вялікіх сістэм і распрацоўку камп'ютараў са скарочаным наборам каманд (RISC)
1988   Айвен Сазерленд За яго наватарскі і дальнабачны ўклад у камп'ютарную графіку, пачынаючы з Sketchpad і працягваючы пасля яго.
1989   Уільям Кахан За фундаментальны ўклад у лікавы аналіз. Адзін з вядучых спецыялістаў па вылічэннях з плаваючай кропкай. Кахан прысвяціў сябе задачы «зрабіць свет бяспечным для лікавых вылічэнняў»
1990   Фернанда Карбата За яго наватарскую працу па арганізацыі канцэпцый і кіраўніцтву распрацоўкай універсальных буйнамаштабных камп'ютэрных сістэм з падзелам часу і рэсурсаў, CTSS і Multics
1991   Робін Мілнер За тры розных паўнавартасных дасягненні: 1) LCF, які аўтаматызуе доказы ў логіцы вылічаных функцый Скота, відаць першы, інструмент аўтаматызаванага канструявання доказаў, пабудаваны на тэарэтычным падмурку і пры гэтым карысны на практыцы; 2) ML, першая мова праграмавання, якая выкарыстоўвае паліморфны вывад тыпаў разам з тыпізаваным механізмам апрацоўкі памылак; 3) CCS, агульная тэорыя паралельных вылічэнняў. Таксама ён сфармуляваў і развіў поўную абстракцыю, тэорыю аб сувязі паміж аперацыйнай і дэнатацыйнай семантыкамі
1992   Батлер Лэмпсан За ўклад у распрацоўку размеркаваных персанальных вылічальных асяроддзяў і тэхналогій для іх рэалізацыі: працоўныя станцыі, сеткі, аперацыйныя сістэмы, сістэмы праграмавання, дысплеі, бяспеку і абмен дакументамі
1993    Юрыс Хартманіс
  Рычард Стэрнс
У знак прызнання іх асноўнай працы, якая заклала асновы тэорыі складанасці вылічэнняў
1994   Эдвард Фейгенбаўм
  Радж Рэдзі
За наватарства ў распрацоўцы і стварэнні буйнамаштабных сістэм штучнага інтэлекту, дэманстрацыю практычнай важнасці і патэнцыяльнага камерцыйнага ўплыву тэхналогіі штучнага інтэлекту
1995   Мануэль Блюм У знак прызнання яго ўкладу ў асновы тэорыі складанасці вылічэнняў і яе прымянення ў крыптаграфіі і верыфікацыі праграм
1996   Амір Пнуэлі За асноўную працу па ўключэнні часовай логікі ў камп'ютарныя навукі і за выдатны ўклад у верыфікацыю праграм і сістэм
1997   Дуглас Энгельбарт За натхняльнае бачанне будучыні інтэрактыўных вылічэнняў і вынаходніцтва ключавых тэхналогій, якія дапамогуць яго рэалізаваць
1998   Джым Грэй За важны ўклад у даследаванне баз даных, даследаванне апрацоўкі транзакцый і тэхнічнае лідэрства у рэалізацыі сістэм
1999   Фрэдэрык Брукс За значны ўклад у архітэктуру камп'ютараў, аперацыйныя сістэмы і распрацоўку праграмнага забеспячэння
2000   Эндру Яо У знак прызнання яго фундаментальнага ўкладу ў тэорыю вылічэнняў, уключаючы заснаваную на складанасці тэорыю генерацыі псеўдавыпадковых лікаў, крыптаграфію і складанасць сувязі
2001   Олі-Ёхан Далеч
  Крыстэн Нюгорд
За ідэі, фундаментальныя для з'яўлення аб'ектна-арыентаванага праграмавання, дзякуючы распрацоўцы моў праграмавання Simula I і Simula 67
2002   Рональд Рывест
  Адзі Шамір
  Леанард Адлеман
За іх геніяльны ўклад у практычнае прымяненне крыптаграфіі з адкрытым ключом
2003   Алан Кэй За рэалізацыю многіх ідэй, якія ляжаць у аснове сучасных аб'ектна-арыентаваных моў праграмавання, кіраўніцтва камандай, якая распрацавала Smalltalk, і за фундаментальны ўклад у персанальныя камп'ютары
2004   Вінтан Серф
  Роберт Кан
За наватарскую працу па міжсеткавых узаемадзеяннях, уключаючы распрацоўку і ўкараненне асноўных пратаколаў сувязі ў Інтэрнеце, TCP/IP, і за натхнёнае лідэрства ў стварэнні сетак
2005   Петэр Наур За фундаментальны ўклад у распрацоўку моў праграмавання і стварэнне ALGOL 60, у распрацоўку кампілятара, а таксама ў мастацтва і практыку камп'ютарнага праграмавання
2006   Фрэнсіс Ален За наватарскі ўклад у тэорыю і практыку аптымізацыі метадаў кампіляцыі, які заклаў аснову сучасных аптымізуючых кампілятараў і аўтаматычнага паралельнага выканання
2007   Эдмунд Кларк
  Ален Эмерсан
   Іосіф Сіфакіс
За іх ролю ў развіцці праверкі мадэляў у высокаэфектыўную тэхналогію праверкі, шырока распаўсюджаную ў апаратных і праграмных галінах
2008   Барбара Ліскоў За ўклад у практычныя і тэарэтычныя асновы мовы праграмавання і праектавання сістэм, асабліва звязаныя з абстракцыяй даных, устойлівасцю да памылак і размеркаванымі вылічэннямі
2009   Чарльз Тэкер За наватарскія дызайн і рэалізацыю Xerox Alto, першага сучаснага персанальнага камп'ютара, а таксама за яго ўклад у Ethernet і планшэтны камп’ютар
2010   Леслі Вэліант За трансфармацыйны ўклад у тэорыю алгарытмаў, уключаючы тэорыю верагодна прыблізна правільнага навучання (англ.: Probably approximately correct (PAC) learning), складанасць пералічэння і алгебраічных вылічэнняў, а таксама тэорыю паралельных і размеркаваных вылічэнняў
2011    Джуда Перл За фундаментальны ўклад у штучны інтэлект праз распрацоўку вылічэння для імавернасных і прычынна-следчых разважанняў
2012   Сільвіа Мікалі
  Шафі Гольдвасер
За пераўтваральную працу, якая заклала тэарэтычна складаныя асновы навукі аб крыптаграфіі, і пры гэтым увяла новыя метады эфектыўнай праверкі матэматычных доказаў у тэорыі складанасці вылічэнняў
2013   Леслі Лэмпарт За фундаментальны ўклад у тэорыю і практыку размеркаваных і паралельных сістэм, у прыватнасці, за вынаходніцтва такіх паняццяў, як прычыннасць і лагічны гадзіннік, бяспека і жывучасць, рэпліцыраваныя канечныя аўтаматы і паслядоўная ўзгодненасць
2014   Майкл Стоўнбрэйкер За фундаментальны ўклад у канцэпцыі і практыкі, якія ляжаць у аснове сучасных сістэм баз даных
2015   Уітфілд Дзіфі
  Марцін Хелман
За фундаментальны ўклад у сучасную крыптаграфію
2016   Цім Бернерс-Лі За вынаходніцтва World Wide Web, першага вэб-браўзера і асноўных пратаколаў і алгарытмаў, якія дазваляюць маштабаваць Інтэрнэт
2017   Джон Хэнэсі
  Дэвід Патэрсан
За наватарскі сістэматычны колькасны падыход да распрацоўкі і ацэнкі камп'ютарных архітэктур, якія маюць працяглы ўплыў на індустрыю мікрапрацэсараў
2018   Джошуа Бенджыа
  Джэфры Хінтан
  Ян Лекан
За канцэптуальныя і інжынерныя прарывы, якія зрабілі глыбокія нейронныя сеткі важным кампанентам вылічальных прылад
2019   Эд Кэтмел
  Пэт Ханрахан
За фундаментальны ўклад у 3D-камп'ютарную графіку і ўплыў створаных камп'ютарам вобразаў (англ.: computer-generated imagery (CGI)) на кінавытворчасць і іншыя сферы
2020   Альфрэд Аха
  Джэфры Ульман
За фундаментальныя алгарытмы і тэорыю, якія ляжаць у аснове рэалізацый моў праграмавання, і за іх сінтэз у вельмі ўплывовых кнігах, якія выхавалі пакаленні інфарматыкаў
2021   Джэк Дангара За наватарскі ўклад у лікавыя алгарытмы і бібліятэкі, якія дазволілі вылічальным праграмам ісці ў нагу з экспаненцыяльным развіццём абсталявання на працягу больш як чатырох дзесяцігоддзяў
2022   Роберт Меткалф
За вынаходніцтва, стандартызацыю і камерцыялізацыю Ethernet

Зноскі

  1. A. M. Turing Award(недаступная спасылка). ACM. Архівавана з першакрыніцы 13 лютага 2012. Праверана 5 лістапада 2007.
  2. "Google to Provide All Funding for Most Prestigious Award in Computing" (PDF) [англійская]. Асацыяцыя вылічальнай тэхнікі. 2014-11-13. Праверана 2014-11-21. ACM (the Association for Computing Machinery) is today announcing that the funding level for the ACM A.M. Turing Award is now $1,000,000, to be provided by Google Inc
  3. "Грашовая ўзнагарода за прэмію Цьюрынга амаль зраўнялася з Нобелеўскай" [руская]. OSZone. 2014-11-21. Праверана 2014-11-21.

Спасылкі правіць