Прэфект горада (лац.: Praefectus urbi) — рымская службовая асоба, якая прызначалася для кіравання Рымам (пазней і Канстанцінопалем) у адсутнасць консулаў ці, пазней, імператара. Пасада ўзнікла ў царскі перыяд, існавала ў часы рэспублікі і імперыі. Прэфект горада меў вялікае значэнне ў позняй антычнасці. Гэта служба перажыла распад Заходняй Рымскай імперыі і праіснавала да XIII стагоддзя ў Канстанцінопалі.

Царскі перыяд правіць

У 753 годзе да н.э. Ромул заснаваў горад Рым і заснаваў манархію. Ён таксама стварыў службу Custos Urbis (апякун горада) у якасці намесніка цара ў яго адсутнасць. Як другая па значэнні службовая асоба ў дзяржаве, Custos Urbis быў асабістым прадстаўніком цара. У адсутнасць цара Custos Urbis ажыццяўляў усе яго паўнамоцтвы, уключаючы паўнамоцтвы склікаць сенат, народныя сходы і ўжыванне сілы ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі. Тым не менш, сапраўдная абсалютная ўлада ў яго была толькі ў межах сцен Рыма. Ромул прызначыў Дэнтэра Рамулія ў якасці першага Custos Urbis, трэці цар Тул Гастылій прызначыў на гэту пасаду Нуму Марцыя, а сёмы цар Тарквіній Горды прызначыў Спурыя Лукрэцыя Трыцыпіціна.

Рэспубліканскі перыяд правіць

Пасля выгнання Тарквінія Гордага ў 510 годзе да н.э. і ўтварэння Рэспублікі ў 509 годзе да н.э. абавязкі Custos Urbis заставаліся нязменнымі: наяўнасць улады толькі ў межах горада Рыма і пажыццёва прызначаныя консуламі. Custos Urbis ажыццяўляў бы ўсе паўнамоцтвы консулаў, калі б яны былі выгнаны з Рыма. Гэтыя паўнамоцтвы ўключалі скліканне сената і курыятных каміцый, а падчас вайны — вяршэнства над арміяй. Першая значная змена на пасадзе адбылася ў 487 годзе да н.э., калі служба стала выбарнай магістратурай. Custos Urbis абіраўся цяпер курыятнымі каміцыямі, і ім мог стаць толькі былы консул. Каля 450 гады да н.э., з прыходам да ўлады дэцэмвіраў, пасада Custos Urbis была пераназвана ў praefectus urbi (прэфект горада Рыма). Прэфект горада, пазбаўлены большыя часткі сваіх паўнамоцтваў і абавязкаў, стаў адыгрываць толькі цырыманіяльную ролю. Большасць паўнамоцтваў і абавязкаў прэфекта былі перададзены прэтару. Прэфект горада абіраўся кожны год з дазволу консула, каб адсвяткаваць свята лацінаў. Прэфект горада доўга не меў права склікаць сенат і засядаць у ім.

Імператарскі перыяд правіць

Рым правіць

Калі першы рымскі імператар Актавіян Аўгуст ператварыў Рымскую рэспубліку ў Рымскую імперыю ў 27 годзе да н.э., ён рэфармаваў службу прэфекта па прапанове свайго сябра Мецэната. Аўгуст падаў прэфекту горада ўсе паўнамоцтвы, неабходныя для падтрымання парадку ў горадзе. Улада прэфекта горада выходзіць за межы Рыма ў порт Осція, а таксама ў зону 140 кіламетраў вакол Рыма. Выступаючы ў якасці начальніка Рыма, прэфект быў начальнікам усіх цэхаў і калегій, нёс адказнасць (праз прэфекта аноны) у забеспячэнні горада збожжам з-за межы, кантраляваў службовых асоб, адказных за асушванне Тыбра і падтрыманне гарадской каналізацыі і сістэмы водазабеспячэння, а таксама помнікаў. Калі прэфект не мог забяспечыць дастатковыя запасы, часта ўспыхвалі бунты. Для прыгнечання іх прэфекту перадалі пад кіраванне рымскую паліцыю з іх начальнікам. У абавязкі прэфекта ўваходзіла таксама выданне законаў, прынятых імператарам. Паступова судовыя паўнамоцтвы прэфекта былі пашыраны, яму былі вернуты абавязкі, раней аднятыя. Нават намеснікі правінцый падвяргаліся суду прэфекта. Прэфект таксама валодаў судовай уладай па крымінальных справах. Першапачаткова гэтыя паўнамоцтвы ажыццяўляліся сумесна з квестарамі, а ў трэцім стагоддзі яны ўжо ажыццяўляліся адным прэфектам. У позняй імперыі прэфекту было прадстаўлена шмат улады ў сувязі з выдаленнем імператарскага двара з Рыма. Гарадская прэфектура перажыла падзел Заходняй Рымскай імперыі. Апошняя згадка пра рымскіх гарадскіх прэфектаў адносіцца да 879 год.

Канстанцінопаль правіць

Калі імператар Канстанцін I Вялікі заснаваў Канстанцінопаль, ён зрабіў начальнікам над горадам прэфекта. У канцы 359 года Канстанцый II пашырыў паўнамоцтвы канстанцінопальскага прэфекта да роўных з рымскім. Такім чынам, прэфект займеў вялікі аўтарытэт і шырокія паўнамоцтвы. Прэфект таксама з'яўляўся фармальным кіраўніком Сената, ён старшынстваваў на яго паседжаннях. Кандыдатура прэфекта зацвярджалася сенатам. Ён нёс аднаасобную адказнасць за адміністрацыю горада Канстанцінопаля. Яго задачы былі разнастайнымі, пачынаючы ад падтрымання парадку ў горадзе да кантролю над калегіямі і дзяржаўнымі ўстановамі. Гарадская паліцыя патрапіла пад уладу прэфекта, а гарадская турма была размешчана ў склепе прэторыі, размешчанай перад форумам Канстанціна. У эпоху Візантыйскай імперыі прэфект лічыўся вярхоўным суддзёй у сталіцы пасля самага імператара. Яго роля ў эканамічным жыцці горада таксама мела прынцыповае значэнне. Акрамя таго, прэфект быў адказным за прызначэнне выкладчыкаў ва ўніверсітэце Канстанцінопаля, а таксама за размеркаванне збожжа ў горадзе. З канца IX стагоддзя ў прэфекта было два памочнікі. Пасада праіснавала да пачатку XIII стагоддзя з адносна некранутымі функцыямі і паўнамоцтвамі, але пасля Чацвёртага крыжовага паходу яна знікла.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Bury, John B. (1911). The Imperial Administrative System of the Ninth Century — With a Revised Text of the Kletorologion of Philotheos.
  • Heather, Peter J.; Moncur, David (2001). Politics, Philosophy, and Empire in the Fourth Century: Select Orations of Themistius.
  • Evans, James Allan Stewart (1996). The Age of Justinian: The Circumstances of Imperial Power.
  • Лукьянец А. В. Институт городской префектуры в античном Риме // Tabularium. Труды по антиковедению и медиевистике. Т. 2. / Отв. ред. В. В. Дементьева. М., 2004. С. 21-31.