Псалмы (грэч. ψαλμός — пахвальная песня, урачыстае рэлігійнае песнапенне, малітва), творы рэлігійнай лірыкі.

IX
скрутак Псалмаў

Выконваліся пад музычны акампанемент арфы. Тэрмін псалмы цесна звязаны з назвай лірыка-паэтычнага зборніка Псалтыр. У сваім першапачатковым выглядзе псалмы да нашага часу не захаваліся. Яны вядомы толькі ў старажытнагрэчаскіх кананізаваных перакладах-апрацоўках, якія спяваліся ў раннехрысціянскіх храмах папераменна двума хорамі ва унісон. Іх паэтычная форма і метрычная арганізацыя трымаюцца на сінтаксічным паралелізме, які аб’ядноўвае або сінанімічныя варыяцыі адной і той жа думкі, або агульную думку і яе канкрэтызацыю, або дзве супрацьлеглыя думкі, ці, нарэшце, два выказванні, пададзеныя па ўзрастаючай градацыі. Псалмы вызначаюцца жанравай разнастайнасцю. Побач з культавымі ўсхваленнямі яўрэйскага бога Яхве у Псалтыры сустракаюцца пранікнёныя скаргі і пракляцці, гістарычныя агляды і нават шлюбныя песні. Некаторыя псалмы вылучаюцца сваім медытатыўным характарам. Так, у прыватнасці, псалом 8 — гэта глыбокі роздум аб вялікасці чалавека. Аднак у цэлым Псалтыру ўласцівы адзінства жыццеўспрыняцця і светапогляду, агульнасць тэм і матываў, эмацыянальнага ўздыму лірычнага героя.

Псалмы аказалі прыкметны ўплыў на фальклор, для якога яны служылі крыніцай шматлікіх прыказак, а таксама на літаратуру і музычную культуру. У часы сярэднявечча псалмы паслужылі асновай і стымулам для стварэння рэлігійных гімнаў, трапароў, якія ўрачыста спяваліся ў гонар таго або іншага царкоўнага свята ці кананізаванага царквой святога, і іншых музычна-паэтычных апрацовак. Ужо ў 14 ст. на псалмы пачалі ствараць прафесійную музыку. Лепшыя ўзоры гэтага лірычнага жанру, цесна звязанага з вусна-паэтычнымі фальклорнымі традыцыямі, увайшлі ў народны побыт. У эпоху еўрапейскага Адраджэння (16 ст.) у непасрэднай сувязі з развіццём пратэстанцкага руху склалася так званая псалмічная песня. Так, у Францыі вялікай папулярнасцю карысталіся гугеноцкія псалмы кампазітара К. Гудымеля, у Рэчы Паспалітай — пратэстанцкія паэтычныя псалмы Я. Каханоўскага ў музычнай апрацоўцы М. Гамулкі. У Расіі ў 17 ст. В. П. Цітоў паклаў на музыку «Псалтыр рыфмаваны», які ў 1690 годзе напісаў Сімяон Полацкі на ўзор польскага паэта Я. Каханоўскага. Музычныя творы на тэксты псалмоў стваралі многія замежныя і рускія кампазітары. Паэтычную апрацоўку псалмоў у рускай паэзіі пасля Сімяока Полацкага ў 18—19 ст. працягвалі М. В. Ламаносаў, Г. Р. Дзяржавін, Ф. М. Глінка, М. М. Языкаў, А. С. Хамякоў.

Літаратура правіць