Птушкафабрыка «Дружба»

дзяржаўнае сельскагаспадарчае прадпрыемства Беларусі

ААТ «Птушкафабрыка „Дружба“» — найбольшая дзяржаўная птушкафабрыка Беларусі, заснаваная ў лістападзе 1980 года ў пасёлку Жамчужны Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці[3].

«Дружба»
Тып ААТ
Заснаванне 5 лістапада 1980
Заснавальнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР
Размяшчэнне пасёлак Жамчужны, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць, Беларусь
Ключавыя постаці Васіль Пятровіч Маркевіч (генеральны дырэктар)
Галіна птушкаводства
Прадукцыя вяндліна, кілбаса, курыны фарш, мяса птушкі, паштэт
Абарот 1295,365 млрд рублёў[1] (2014; $126,252 млн)[2]
Аперацыйны прыбытак 147,073 млрд руб. ($14,334 млн)
Чысты прыбытак 147,026 млрд руб. ($14,330 млн)
Матчына кампанія Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь
Сайт ptushka.by

Гісторыя правіць

Будаўніцтва птушкафабрыкі пачалося ў красавіку 1979 года паводле кантракту з Венгрыяй і завяршылася да канца 1980 года. 5 лістапада 1980 года быў пасаджаны першы бройлер. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў складаў 28 гадоў. За першы год было выраблена 9949 тон мяса птушкі. 20 мая 1981 года Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР зацвердзіла загад № 108 аб стварэнні бройлернай птушкафабрыкі «Дружба».

У 1993 годзе ў Баранавічах адкрылася першая ўласная крама прадпрыемства. У маі 1996 года да прадпрыемства далучылі птушкафабрыку «Палонка» (Баранавіцкі раён) з 17 птушнікамі на 300 тысяч куранятаў. У снежні 1999 года быў далучаны саўгас «Прыазёрны», у жніўні 2000 года — калгас «Цяплівады». У выніку агульны збор зерня перавысіў 12 тысяч тон пры ўраджайнасці звыш 50 цэнтнераў/га. Вытворчасць малака перасягнула 4 тысяч тон пры сярэднім гадавым надоі на фуражную карову 7 тыс. кг (літраў)[4].

У 2005 годзе даччыныя падраздзяленні «Прыазёрны» і «Цяплівады» стваралі 8 % вырабаў прадпрыемства. Далучэнне земляробчых гаспадарак прывяло да самастойнага забеспячэння звыш паловы патрэбаў у зерні (пшаніца, трыцікале, ячмень). Для вытворчасці камбінаванага корму за мяжой закупаліся соевы шрот (Аргенціна), рыбная мука (Маўрытанія) і большасць кукурузы (Украіна).

У пачатку лістапада 2005 года ў Жамчужным увялі ў дзеянне новы забойны цэх на 6000 птушанятаў за гадзіну. Цэх стаў першым у Беларусі з паветрана-кропельным спосабам ахалоджвання птушкі, што ажыццяўлялася да тэмпературы тушкі +4 °C цягам 82 хвілін патокам вільготнага паветра (без дотыку вады) тэмпературай ад 0°C да +2 °C. Таксама ў забойным цэху паставілі 2 пакоі хуткай замарозкі з тэмпературай −35 °C. Будаўніцтва цэха ажыццявілі за кошт 4,293 млн пазыкі пад 10,5 % гадавой ліхвы ад Нямецкага цэнтральнага кааператыўнага банка (Франкфурт-на-Майне, зямля Гесэн). Савет міністраў Рэспублікі Беларусь узяў на сябе вяртанне 7 % гадавой ліхвы.

На 2005 год птушкафабрыка мела закончаны цыкл вытворчасці мяса куранятаў. Прадпрыемства ўключала цэх бацькоўскага статка і рамонтнага маладняку, інкубатар, бройлерны цэх, цэх забою і паглыбленай перапрацоўкі мяса птушкі, сетку ўласных крамаў. Налічвалася 137 птушнікаў для адначаснага ўтрымання 2,2 млн куранятаў. На прадпрыемстве працавалі амаль 2000 чалавек. Штодзённы выраб мяса куранятаў перавышаў 55 тон у забойнай вазе. Таксама ў 2005 годзе сумесна з кампаніямі «Яравіт» (Мінск) і «Белптушкапрам» (Мінск) адчыніла гандлёвы дом «Белая вежа» ў Маскве (Расія)[4].

У 2006 годзе да птушкафабрыкі «Дружба» быў далучаны Гарадзішчанскі племянны птушкаводчы рэпрадукар. У 2008 годзе ўвялі ў дзеянне цэх перапрацоўкі боенскіх адкідаў, што дазволіла вырабляць мяса-косную муку і зрабіць забой безадкідным. У 2009 годзе далучылі сельскагаспадарчае прадпрыемства «Пачапаўскі». У снежні 2009 года ў забойным цэху пусцілі лінію забою магутнасцю перапрацоўкі 3000 асобінаў матачнага пагалоўя за гадзіну. У 2010 годзе далучылі прадпрыемства «Агра-Стайкі» і адчынілі першую чаргу новага племяннога рэпрадуктара «Дзераўная». У снежні 2010 года было далучана ААТ «Застарынскае».

За 2010 год з племянных яек было вырашчана 18 млн куранятаў, выраблена 15,2 тысяч тон малака і 840 тон ялавічыны. У чэрвені 2011 года была далучана гаспадарка «Зара» прадпрыемства «АграЭлітПрадукт» (вёска Падгорная, Баранавіцкі раён), у выніку чаго землі птушкафабрыкі «Дружба» сталі размяшчацца ў 7 з 21 сельсавету Баранавіцкага раёна[5].

На 2011 год птушкафабрыка «Дружба» з’яўлялася закрытым прадпрыемствам з закончаным цыклам вытворчасці мяса куранятаў і ўключала цэх рамонтнага маладняку, цэх інкубацыі (магутнасць 27 млн яек за год), племянны рэпрадуктар, бройлерны цэх, цэх забою (9 тысяч куранятаў за гадзіну) і паглыбленай перапрацоўкі мяса (30 тон за змену), цэх перапрацоўкі боенскіх адкідаў, вытворчыя падраздзяленні і сетку з 48 крамаў. Прадпрыемства з’яўлялася найбольшым у Беларусі вытворцам мяса птушкі (30 тон за змену): галёнка, грудка, крыло, сцягно, філе, шынка. Таксама выраблялася каўбаса (30 тон за змену). Звыш 85 % вытворчасці складалі вырабы птушкаводства. Для вырошчвання выкарыстоўваўся рамонтны маладняк амерыканскага кроса  (англ.) «Рос-308» (прадпрыемства «Авіяген»; Хантсвіл, акруга Медысан  (англ.), штат Алабама), які быў найбольш распаўсюджаным у свеце гібрыдам куранятаў з найбольшым паказчыкам прыросту вагі на адзінку корму.

У 2011 годзе прадпрыемства стала найбольшым падаткаплатнікам Баранавіцкага раёна. Збыт сутачных куранятаў для дарошчвання перавысіў 250 тысяч асобінаў. Асноўную пляцоўку ў п. Жамчужны пераабсталявалі для адкорму куранятаў. Птушнікі для ўтрымання і бацькоўскага статка перамясцілі за межы галаўнога прадпрыемства. Камбікармы (звыш 92 тыс. тон за год) склалі звыш 40 % усіх выдаткаў прадпрыемства. Звыш паловы кармоў выраблялася самастойна. Збор збожжа перавысіў 40 тыс. тон пры ўраджайнасці звыш 50 цэнтнераў/га. Ураджай зерневых і зернебабовых склаў 25 тыс. тон. Збор кукурузы — каля 18 тыс. тон пры ўраджайнасці 90 ц/га, зерня рапсу — 2253 тоны пры ўраджайнасці 19 ц/га. З адведзеных пад пасевы кукурузы 3200 га 63 % (2000 га) пайшлі на зерне. Рэшта пайшла на сілас[5].

У лістападзе 2011 года налічвалася 176 птушнікаў для ўтрымання 2,9 млн куранятаў, 170 тыс. нясушак племяннога статка, 89 тыс. асобінаў рамонтнага маладняку. Агульная плошча зямельных угоддзяў складала 226 км², у тым ліку 193 км² (85 %) сельскагаспадарчых. 125 км² (55 %) адводзілася пад раллю для вырошчвання сакавітых кармоў для буйной рагатай жывёлы. Будынкі для вырошчвання і забою птушкі займалі 224 га. Налічвалася каля 7000 асобінаў буйной рагатай жывёлы (БРЖ), у тым ліку 3084 — дойнага статка. Ва ўласнасці знаходзіліся каля 500 аўтамабіляў і сельскагаспадарчых самаходаў. У межах Баранавіцкага раёна працавалі 8 даччыных падраздзяленняў: «Гарадзішча», «Заастрынскае», «Зара», «Палонка», «Пачапаўскі», «Прыазёрны», «Стайкі» і «Цяплівады». Уласная гандлёвая сетка з 48 крамаў, што мела звыш 500 супрацоўнікаў, ахоплівала 11 гарадоў Брэсцкай (Баранавічы, Брэст, Бяроза, Івацэвічы, Ляхавічы, Пінск), Гродзенскай (Ліда, Навагрудак, Слонім) і Мінскай абласцей (Клецк, Мінск).

За 2011 год праз уласныя крамы збылі каля 30 % вырабаў прадпрыемства. У Расію экспартавалі звыш 30 % вырабаў[5]. Гадавая вытворчасць склала 50 тыс. тон мяса птушкі. У 2012 годзе плошчу раллі павялічылі да 136 км². Ва ўласнасці птушкафабрыкі таксама знаходзіліся 12 жывёлагадоўчых фермаў з агульным пагалоўем у 7175 асобінаў БРЖ, з іх 2965 (41 %) кароваў[6]. У 2014—2015 гадах ураджай збожжа перавышаў 40 тысяч тон[7], што рабіла прадпрыемства найбольшай гаспадаркай паводле яго збору ў Баранавіцкім раёне[8].

На 2013 год мела 158 птушнікаў агульнай змяшчальнасцю на 3 млн куранятаў. Цэх забою і перапрацоўкі меў магутнасць 9000 птушанятаў за гадзіну. Выраб кармоў ажыццяўляўся на даччыных Баранавіцкім і Наваельнянскім камбінатах хлебапрадуктаў. Увесну і ўлетку збываліся сутачныя кураняты. Збытавая сетка налічвала 32 уласныя крамы, у тым ліку 21 у Брэсцкай вобласці (Баранавічы, Белаазёрск, Брэст, Бяроза, Драгічын, Івацэвічы, Кобрын), 7 у Мінску і 4 у Гродзенскай вобласці (Ліда, Навагрудак і Слонім). Таксама вырабляліся газіраваныя напоі.

Прадукцыя правіць

На 2013 год асноўнымі вырабамі птушкафабрыкі былі ахалоджаны і замарожаныя тушкі куранятаў, курыныя субпрадукты (галава, нага, страўнік, печань, сэрца, шыя) і паўфабрыкаты (галёнка, грудка, крыло, спіна, філе, сцягно, чвэрцінка, шынка), курыныя вэнджаніна, вяндліна, кілбаса і фарш.

Зноскі

  1. "Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2014 год" [руская]. Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. 29 мая 2015. Праверана 15 лістапада 2015.(недаступная спасылка)
  2. "Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2014 год (10 260,18 руб за $)". Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Праверана 15 лістапада 2015.
  3. «Дружба», птушкафабрыка (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць). Нацыянальная бібліятэка Беларусі (18 красавіка 2005). Праверана 15 лістапада 2015.
  4. а б Уладзімір Здановіч. За чвэрць стагоддзя мы навучыліся вырошчваць птушку па лепшых еўрапейскіх стандартах // Звязда : газета. — 4 лістапада 2005. — № 216 (25548). — ISSN 1990-763x. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.
  5. а б в Уладзімір Здановіч. Да новых мэтаў праз бездакорную якасць прадукцыі // Звязда : газета. — 5 лістапада 2011. — № 212 (27076). — С. 4-5. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  6. Вольга Кабяк. Большасць сельгасарганізацый рэканструюе фермы ва ўстаноўленыя тэрміны - А.Якабсон. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (20 чэрвеня 2013). Праверана 15 лістапада 2015.
  7. Алена Клімушка. Жніво паказала нашыя сілы і магчымасці. Газета «Навіны Палесся» (15 верасня 2015). Праверана 15 лістапада 2015.(недаступная спасылка)
  8. Святлана Бяляк. Хлеб сабралі, у Іванаве спявалі(недаступная спасылка). Газета «Сельская праўда» (23 верасня 2015). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 15 лістапада 2015.

Спасылкі правіць