Пячатка Міндоўга

Пячатка Міндоўгасярэднявечная пячатка, якая прымацавана да граматы Міндоўга, як караля Літвы, за кастрычнік 1255 г. аб перадачы Тэўтонскаму ордэну латвійскай зямлі Сэлія. Аб сапраўднасці гэтай граматы вядуцца навуковыя абмеркаванні. Калі яна з'яўляецца сапраўднай, то на пячатцы захавалася адзіная прыжыццёвая выява Міндоўга. У якасці найбольш важнага артэфакту, які захаваўся ад часу Міндоўга, пячатка займала цэнтральнае месца на адмысловай выстаўцы, арганізаванай у Нацыянальным музеі Літвы ў 2003 г. у азнаменаванне 750-годдзя каранацыі Міндоўга.

Фрагмент пячаткі, якая прыпісваецца Міндоўгу.

Прыналежнасць правіць

Падчас унутранай барацьбы ў 1250 г. Міндоўг уступіў у саюз з Лівонскім ордэнам і Тэўтонскім ордэнам. З дапамогай ордэнаў ён перамог сваіх ворагаў, прыняў хрысціянства і быў каранаваны як кароль Літвы ў 1253 г.; за дапамогу Міндоўг перадаў розныя зямлі рыцарам у 1253, 1255, 1257, 1259, 1260 і 1261 гг.

Гэтыя 6 грамат выклікаюць шмат спрэчак і дыскусій сярод сучасных гісторыкаў адносна іх сапраўднасці. Толькі адна грамата, за кастрычнік 1255 г. — аб Сэліі, захавалася з пячаткай Міндоўга. Сэлійскую грамату ўзгадаў Папа Рымскі Інакенцій IV у буле ад 13 ліпеня 1257 г., якая пацвярджае тэрытарыяльную перадачу.

Апісанне 1393 г. і існуючы выгляд правіць

 
Сучаснае ўзнаўленне паводле апісання 1393 г.[1]

У маі 1393 г. папскі легат зрабіў транскрыпцыю і падрабязнае апісанне пячаткі. Апісанне дакладна перадае той выгляд, які існуе і цяпер — акрамя шнуроў, якімі пячатка была прымацавана да пергаменту: паводле апісання, шнуры былі белы і жоўты, а цяпер яны белы і сіні. Арыгінал апісання захоўваецца ў Прускім таемным дзяржаўным архіве.

Пячатка мае памер каля 85 мм (3,3 цалі) у дыяметры (дакладны памер немагчыма вызначыць, таму што краі пашкоджаны сколамі). Яна адлюстроўвае правіцеля, які сядзіць на лаўцы, пакрытай падушкай або драпіроўкай. Правіцель апрануты ў каралеўскую мантыю і карону. Правая рука трымае скіпетр, які ўпрыгожаны вялікай лілеяй, левая рука трымае шар з крыжам. Пустое поле вакол фігуры ўпрыгожана гатычнай ромбападобнай рашоткай. Ромбікі маюць маленькі крыж у іх сярэдзіне.

Надпіс (легенда), дзе павінны знаходзіцца імя Міндоўга і тытул, амаль цалкам адколатая. Захаваўся толькі маленькі крыж, які паказвае пачатак тэксту легенды, і літара. Літара можа быць прачытана як M, D, або SІ. Згодна з апісаннем 1393 г., калі легенда была яшчэ цэлая, яна чыталася: + MYNDOUWE DEI GRA REX LITOWIE (лац.) — «Міндоўг Божаю ласкаю кароль Літвы».

Меркаванні даследчыкаў правіць

Яшчэ ў пачатку XIX ст. нямецкі гісторык Э. Хэнінг паставіў пад сумнеў сапраўднасць граматы. Гэтыя сумневы ўзмацніў польскі гісторык Ю. Латкоўскі. Ён вылучыў меркаванне, што грамата падроблена каля 13921393 гг., падчас тэрытарыяльных спрэчак аб літоўскай зямлі Жамойці, але пячатка з’яўляецца сапраўднай — яна была ўзята з іншага дакумента Міндоўга і прымацавана да падробленай граматы. Гэтае меркаванне падмацоўваецца тым фактам, што воск, які выкарыстаны для прымацавання пячаткі да пергаменту, мае розны колер.

Польскі гісторык В. Кентшыньскі звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што легенда з імем Міндоўга і тытулам амаль цалкам адколатая, у той час як астатняя частка пячаткі і грамата ў асноўным добра захаваліся. Ён прыйшоў да высновы, што легенда была сапсавана адмыслова. Ён лічыць, што грамата была падроблена ў той час, калі Міндоўг быў жывы, і што пячатка належала зусім іншаму чалавеку, магчыма, прынцу Магнусу Шведскаму або каралю Андрашу II Венгерскаму.

 
Памятная манета «Каранацыя Міндоўга» з узнаўленнем выявы з пячаткі Міндоўга (рэверс). Банк Літвы, 2003, 200 літаў, золата, серабро; дызайн: П. Рапшыс; чаканка: Літоўскі манетны двор.

Польскі гісторык А. Прохаска адхіліў якія-небудзь сумневы адносна сапраўднасці, грунтуючыся на тым, што грамата была ўзгадана ў папскай буле. Яшчэ адзін з польскіх даследчыкаў — К. Малечыньскі — таксама адхіліў меркаванне пра падробку і сцвярджаў, што ў нейкі час пячатка адарвалася і была прымацавана зноўку, тым самым тлумачацца розныя колеры шнуроў і воску, які выкарыстоўваецца для мацавання.

Літоўскі геральдычны эксперт Э. Рымша прааналізаваў геральдычныя аспекты пячаткі. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на гатычную рашотку, якая з'явілася ў еўрапейскіх каралеўскіх пячатках толькі ў XIV ст. Такім чынам, Э. Рымша прыйшоў да высновы, што пячатка падроблена прынамсі праз 50 гадоў пасля меркаванай даты граматы[2].

Зноскі

  1. Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях = Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimonies / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., пер. на бел. мову, камэнт. А. Жлуткі. — Менск: Тэхналогія, 2005. — 136 с.
  2. E. Rimša Ar Mindaugo majestotinis antspaudas? // Lietuvos dailės muziejaus metraštis. — 2005. — 6. — P. 35-44. — ISSN 1648-6706