Пячку́р, пячкур звычайны (Gobio gobio) — рыба сямейства карпавых. Народныя назвы: дудорга, келб, келбук, коблік, крумель, піскіж, пяскар, стаўпец.

Пячкур
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Gobio gobio Linnaeus, 1758

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  163658
NCBI  27704
EOL  207392

Апісанне правіць

Невялікая рыбка з падоўжаным, верацёнападобным целам, пакрытым буйнай луской. Даўжыня да 22 см, але звычайна не больш за 12-15 см, маса да 80 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Рот ніжні, дугападобны, у вуглах рота па аднаму вусіку. Ніжняя губа шырока перарвана. Рыла доўгае, удвая большае за дыяметр вока. Вочы адносна буйныя.

Афарбоўка тыпова донная, забяспечвае маскіроўку на цёмным грунце. Спіна шэра-бурая, бакі і бруха серабрыстыя, у буйных асобін жаўтаватыя. Па баках цела размешчаны каля 10 чорных ці бурых плям уздоўж бакавой лініі. Спінны і хваставы плаўнікі шэра-жоўтыя, з шэрагамі дробных цёмных плямак, астатнія плаўнікі бясколерныя. Хваставы плаўнік прыкметна выразаны.

Пашырэнне правіць

Пашыраны ў рэках і азёрах Еўропы і Азіі. Мае разарваны арэал. Сустракаецца ад Партугаліі да басейна Амура і рэк паўночна-заходняга ўзбярэжжа Японскага мора. У Расіі звычайны ў вадаёмах як еўрапейскай (за выключэннем Кольскага паўвострава і Паўночнай Карэліі), так і азіяцкай частак, не адзначаны на ўсход ад Енісея, дзе яго арэал перарываецца; зноў з’яўляецца пячкур у басейне Амура, сустракаецца ў Манголіі і Кітаі (рэкі Ялу і Ляахэ), даходзіць да п-ва Карэя.

Шырока распаўсюджаны від. Жыве і ў азёрах, і ў нізоўях рэк з павольным цячэннем, і ў вярхоўях хуткіх рэк. Сустракаецца нават у слабасалёных водах Паўночнай Балтыкі.

Асаблівасці біялогіі правіць

Трымаецца каля дна. Жыве невялікімі чародамі ў месцах з пясчаным або камяністым грунтам. Корміцца бентасам (лічынкі, дробныя малюскі і інш.). Летам трымаецца на мелкаводдзі, зімуе на глыбокіх мясцінах.

Палаваспелым становіцца пры дасягненні даўжыні 8 см. Нераст у красавіку—чэрвені, калі вада прагрэецца да 15 °C. Адкладванне ікры парцыённае, на плыні, ў неглыбокіх месцах з камяніста-пясчаным дном. Ікрынкі дыяметрам 1,3-1,5 мм прыклейваюцца да грунту. Плоднасць 1-3 тыс. ікрынак. Ікра развіваецца каля 8 дзён. Лічынкі і маляўкі паядаюць планктон і іншых найдрабнейшых бесхрыбетных. Моладзь трымаецца ля самага берага, а па меры росту сыходзіць на больш глыбокія месцы.

Дасягае ўзросту 8-10 год, але рэдка перавышае 3 гады.

Промысел правіць

Прамысловага значэння не мае. Аб’ект аматарскага лову. Яго звычайна ловяць вудой на чарвяка або матыля. Сам пячкур — прынада для лоўлі драпежных рыб.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 178. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13).

Спасылкі правіць