Пячора Раства, Грот Нараджэння, Святая Пячора — найвялікшая хрысціянская святыня, пячора ў скале, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос ад Дзевы Марыі. Знаходзіцца пад амбонам Базілікі Нараджэння Хрыстова ў Віфлееме. У захаваўшыхся пісьмовых крыніцах упершыню згадана каля 150 года. Падземны храм размешчаны тут з часоў святой Алены. Належыць Іерусалімскай Праваслаўнай Царкве.

Святая Пячора Раства, праваслаўны прастол над месцам нараджэння Збаўцы. Базіліка Нараджэння Хрыстова ў Віфлееме.

Места Раства правіць

 
Срэбная зорка
 
Срэбная зорка пад прастолам адзначае месца, дзе нарадзіўся Хрыстос.

Месца нараджэння Хрыста адзначана срэбнай зоркай, якая ўпраўлена ў падлогу і ўпрыгожана каштоўнымі камянямі. Зорка мае 14 прамянёў і сімвалізуе Віфлеемскую зорку[1], унутры па кругу ідзе надпіс на латыні: «Hic de virgine Maria Iesus Christus natus est» («Тут нарадзіўся Ісус Хрыстос ад Дзевы Марыі»). Над гэтай зоркай, у паўкруглай нішы, вісяць 16 лампад, з якіх 6 належаць праваслаўным, 6 армянам і 4 каталікам. За гэтымі лампадамі, паўкругам на сцяне нішы, размешчаны невялікія праваслаўныя іконы. Яшчэ дзве невялікія шкляныя лампады проста стаяць на падлозе, адразу за зоркай, каля сцяны.

Непасрэдна над месцам Нараджэння знаходзіцца праваслаўны мармуровы прастол. На гэтым прастоле маюць права здзяйсняць літургію толькі праваслаўныя і армяне. Спераду прастол абапіраецца на дзве маленькія мармуровыя калоны, а ў нішы над ім захаваліся невялікія фрагменты візантыйскай мазаікі[2]. У той час, калі няма багаслужэння, прастол закрыты спецыяльнымі здымнымі кратамі. За прастолам, на сцяне ўмацаваны шэсць невялікіх праваслаўных іконаў.

Прыдзел Ясляў правіць

 
Яслі Хрыстовы.

У паўднёвай частцы пячоры, злева ад увахода, знаходзіцца прыдзел Ясляў. Гэта адзіная частка пячоры, якая знаходзіцца ў распараджэнні каталікоў. Яна нагадвае маленькую капліцу памерам прыкладна 2×2 м ці трохі болей, узровень падлогі там на дзве прыступкі ніжэйшы, чым у астатняй частцы пячоры. У гэтым прыдзеле, у правым баку ад увахода, знаходзіцца месца Ясляў, дзе быў пакладзены Хрыстос пасля нараджэння. Уласна Яслі — гэта кармушка для свойскіх жывёл, якая была ў пячоры, іх Прасвятая Багародзіца з-за неабходнасці выкарыстоўвала як калыску. Унутраная частка Ясляў была вывезена як вялікая святыня ў Рым у царкву Санта-Марыя-Маджорэ, там яна вядома пад назвай Sacra culla, Cunambulum ці Praesepe. Гэта было зроблена ў сярэдзіне VII стагоддзя, пры папу Тэадоры I, праз некалькі год пасля захопу Святой зямлі мусульманамі, магчыма, для таго, каб не дапусціць ганьбавання святыні. Тая ж частка Ясляў, што засталася ў Віфлееме, была абкладзена мармурам і цяпер выглядае як паглыбленне ў падлозе, зробленае ў выглядзе калыскі, над якім гараць пяць незгасальных лампад. За гэтымі лампадамі, каля сцяны, пастаўлена невялікая ікона, на якой відаць пакланенне віфлеемскіх пастухоў[2].

У прыдзеле Ясляў, злева ад увахода ў яго, усталяваны каталіцкі прастол пакланення вешчуноў[3]. Размешчаны тут запрастольны абраз паказвае пакланенне вешчуноў Хрысту[2].

Апісанне пячоры правіць

 
Паўднёвая лесвіца ў Пячору Раства. Парфіравыя прыступкі VI стагоддзя, партал XII стагоддзя.

Пячора мае памеры 12,3×3,5 м і 3 м у вышыню, гэта значыць, што яна даволі вузкая і доўгая, арыентавана па лініі захад—усход. Месца Раства знаходзіцца ля яе ўсходняга канца. У пячору вядуць дзве лесвіцы часоў Юстыніяна Вялікага[1], паўночная і паўднёвая, кожная складаецца з 15 парфіравых прыступак. Паўночная лесвіца належыць каталікам, паўднёвая — праваслаўным і армянам, размешчаны яны ва ўсходняй частцы пячоры, сіметрычна, з абодвух бакоў яе. Звычайна паломнікі спускаюцца па паўднёвай лесвіцы, а паднімаюцца па паўночнай. Гэтыя ўваходы набылі свой цяперашні выгляд у XII стагоддзі, калі бронзавыя дзверы V—VI стагоддзяў былі заключаны ў мармуровыя парталы, а люнеты над дзвярамі былі ўпрыгожаны разьбой па камені. Падлога і ніжняя частка пячоры ўпрыгожаны светлым мармурам, астатняе задрапіравана тканінай ці закрыта шпалерамі XIX стагоддзя, па сценах развешаны іконы. Столь вельмі закурана, на ёй падвешаны 32 лампады, а ўсяго іх у пячоры 53, і гэтая лічба нязменная з даўніх часоў[2]. Пячора не мае прыроднага асвятлення, цяпер асвятляецца электрычнасцю і, часткова, лампадамі і свечкамі.

У заходняй частцы пячоры ёсць дзверы, якія вядуць у паўночны бок сістэмы гротаў, размешчаных пад базілікай, у тым ліку ў грот, у якім жыў святы Еранім Стрыдонскі. Звычайна дзверы замкнёныя.

Старажытная, срэбная з пазалотай, зорка была скрадзена ў 1847 годзе (невядома кім, хутчэй за ўсё туркамі). Гэты крадзеж стаў новай падставай для ўзаемных крыўдаў праваслаўных грэкаў і каталікоў і нават часткова абудзіў у 1848 годзе «пытанне аб Святых мясцінах» (гл. Крымская вайна). Зорка, якую магчыма ўбачыць цяпер, была выраблена па дакладнаму ўзору старажытнай і замацавана ў 1847 годзе па загаду султана Абдул-Меджыда I і на яго сродкі[2].

Першыя згадванні аб пячоры правіць

Кананічныя тэксты не кажуць аб пячоры напрамую. Аб тым, што Хрыстос нарадзіўся ў Віфлееме, паведамляюць евангелісты Лука і Мацвей, але ніводны з іх не згадвае пячору, толькі Лука ўскосна называе яе, кажучы, што Багародзіца «паклала Яго ў яслі, таму што не было ім месца ў гасцініцы».

Найстаражытнейшы, верагодна, пісьмовы доказ аб пячоры як аб месцы Раства, які дайшоў да нас, належыць святому Юстыну Філосафу. У творы «Дыялог з Трыфанам Іўдзеем», напісаным у 150155 годзе, ён сцвярджае, што Святая Сям'я знайшла сховішча ў пячоры каля Віфлеема:

  Калі ж немаўляці прыйшоў час нарадзіцца ў Віфлееме, то Іосіф, з-за недахопу ў тым паселішчы месца, дзе спыніцца, прыйшоў у адну пячору паблізу ад паселішча. І калі яны былі там, Марыя нарадзіла Хрыста і паклала Яго ў яслях, дзе і знайшлі Яго вешчуны, якія прыйшлі з Аравіі[4].  

Пячора як месца Раства шматразова згадваецца ў апакрыфічным Протаевангеллі Якава  (руск.) (главы 18-21), напісаным, верагодна, каля 150 года. Арыген наведаў Віфлеем амаль за стагоддзе да будаўніцтва базілікі Раства, прыкладна ў 238 годзе[5]:909. Пазней, у творы «Супраць Цэльса  (руск.)», напісаным каля 247 года, ён згадвае пячору ў Віфлееме, якую мясцовыя жыхары лічылі месцам Раства Хрыстова:

  Дапусцім, што адносна нараджэння Ісуса ў Віфлееме нехта пажадае атрымаць пацверджанне яшчэ якім-небудзь іншым спосабам, незалежна ад прароцтва Міхея і сказання, запісанага вучнямі Ісуса ў Евангеллях: такі чалавек можа звярнуць увагу на тое, што згодна з Евангельскім сказаннем аб Яго нараджэнні сама пячора Віфлеемская паказвае на тое, дзе ён нарадзіўся, а таксама яслі пячорныя сведчаць аб тым, дзе Ён быў спавіты пялёнкамі. У тых месцах жывое яшчэ паданне аб гэтай падзеі, вядома таксама і ворагам веры, што ў той пячоры нарадзіўся Ісус, Якога шануюць і якому дзівяцца Хрысціяне[6].  

Паходжанне пячоры правіць

 
Старажытны дом у Віфлееме, фота 1898 года.

Што гэта была за пячора і каму яна належала, невядома. Хутчэй за ўсё, яна была натуральнага паходжання, а потым яе прыстасавалі для гаспадарчых патрэб, у тым ліку для ўтрымання свойскай жывёлы. У Віфлееме шмат якія са старых дамоў узведзены над пячорамі ў вапняковых скалах. Часта ў дамах, якія стаяць на схіле, першы паверх — гэта пячора, уваход у якую знаходзіцца на ўзроўні вуліцы. Гэты паверх выкарыстоўваўся як хлеў, а сям’я жыла на другім паверсе. Шмат якія з такіх памяшканняў мелі каменныя кармушкі ці яслі, выразаныя ў скале, а таксама жалезныя кольцы, каб было магчыма прывязаць жывёлу на ноч. Гэтыя пячоры, дакладна такія ж, як і грот Раства, выкарыстоўваліся для ўтрымання жывёлы аж да сярэдзіны XX стагоддзя. Магчыма, у адной з такіх пячор і нарадзіўся Хрыстос[5]:174—176.

Галерэя правіць

Прыдзел Ясляў правіць

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б Святая земля. Исторический путеводитель по памятным местам Израиля, Иордании и Ливана / Ред. М. В. Бибиков. М., 2000. С. 96.
  2. а б в г д Архимандрит Леонид Кавелин. Старый Иерусалим и его окрестности. Из записок инока-паломника. М.: Индрик, 2008. С. 269—276.
  3. Тимаев Н. Иерусалим и Палестина. Гл. 85.
  4. Юстын Філосаф. Дыялог з Трыфанам іўдзеем (руск.), глава LXXVIII.
  5. а б Мортон Генри В. Святая земля. Путешествие по библейским местам. М.: Эксмо; СПб.: Мидгард, 2007.
  6. Арыген. Супраць Цэльса (руск.), кніга I, глава LI.

Спасылкі правіць