Пётр Арсеола (правільней Петэр Арсеола, венг.: Orseolo Péter, каля 1011, Венецыя — 1046 ці 1059, Секешфехервар) — другі кароль Венгрыі, сын малодшай сястры Іштвана Святога і венецыянскага дожа Атона Арсеола (сына дожа П’етра II).

Пётр Арсеола
венг.: Orseolo Péter
Сцяг2-і кароль Венгрыі
1038 — 1041
Папярэднік Іштван I Святы
Пераемнік Самуіл Аба
1044 — 1046
Папярэднік Самуіл Аба
Пераемнік Андраш I
Нараджэнне 1011
Смерць 1046[1] ці 1059
Месца пахавання
Род Orseolo[d]
Бацька Атон Арсеола
Маці Грымельда Венгерская[d][2]
Жонка Tuta von Formbach[d] і Юдыт фон Швейнфурт[d]
Веравызнанне хрысціянства
Партыя
Дзейнасць палітык, манарх
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Выхоўваўся пры венгерскім двары. Пасля гібелі на паляванні прынца Імрэ (сына Іштвана Святога) 2 верасня 1031 года стаў прэтэндэнтам на венгерскі прастол.

Заняў трон у канцы лета 1038 года пасля смерці караля Іштвана. Каранаваўся ў Секешфехервары. Паслядоўна працягваў палітыку свайго папярэдніка, накіраваную на ўмацаванне дзяржавы і ўзмацненне хрысціянскай рэлігіі. Заснаваў шэраг манастыроў, з яго імем звязана заснаванне Будайскай парафіі, біскупства ў Вацы і будаўніцтва базілікі ў горадзе Печ.

У сваё першае кіраванне Пётр Арсеола вёў актыўную знешнюю палітыку, што праявілася ў сумеснай з чэшскім князем барацьбе супраць імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Генрыха III.

У 1041 годзе Пётр Арсеола быў зрынуты ў выніку змовы, і новым каралём стаў Самуіл Аба, муж яго цёткі па маці. Зрынуты Пётр Арсеола бег і быў вымушаны прасіць прыстанку ў нядаўняга праціўніка — германскага кіраўніка Генрыха III, — з дапамогай якога праз тры гады вярнуў венгерскі трон. У барацьбе за ўладу абапіраўся на фаварытаў Генрыха III, братоў Гуда і Келеда, якія карысталіся яго поўным заступніцтвам.

Вярнуўшы ўладу, Пётр увёў у краіне германскае права і тым самым адышоў ад палітыкі Іштвана. У 1045 годзе Пётр перадаў пазалочаную дзіду, якая сімвалізавала Венгрыю, Генрыху, ператварыўшы краіну ў васала германскай імперыі.

З-за прагерманскай палітыкі Пятра Арсеола супраць яго было арганізавана некалькі змоў, аднак ніводная з іх не атрымалася. У 1046 годзе ў краіне ўспыхнула язычніцкае паўстанне Ваты. Пётр Арсеола быў схоплены на заходняй мяжы Венгрыі і аслеплены. Звесткі пра далейшы лёс Пятра Арсеола супярэчлівыя: паводле адных, Пётр пасля асляплення быў забіты, паводле іншых (менш распаўсюджаных) — застаўся жывы, бег у Чэхію і там у 1055 годзе ажаніўся з удавой чэшскага князя Юдыце са Швейнфурта[3], і памёр толькі праз чатыры гады. Яго прах пахаваны ў Печскай базіліцы, якую ён заснаваў у 1040 годзе.

Зноскі