Цывілізацыя п’ю (бірм.: ပျူမြို့ပြနိုင်ငံမျာ) — старажытная гарадская культура ўздоўж ракі Іравадзі (II ст. да н. э. — IX ст. н. э.).

Старажытныя гарады п’ю*
Pyu Ancient Cities**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Рэшткі палаца ў Шры-Кшэтры
Тып культурны
Крытэрыі II, III, IV
Спасылка 1
Рэгіён*** Азія
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 2014  (38 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Гісторыя правіць

Сярэдняе рэчышча Іравадзі з сухім цёплым кліматам — адна са старажытнейшых мясцін Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе ўзнікла земляробства, і дзе былі прыручаны куры. Каля II ст. да н. э. сюды перасяліліся плямёны п’ю. Мяркуюць, што яны былі тыбета-бірманскім народам. Найбольш старажытныя артэфакты перасяленцаў нагадваюць тыя, што археолагі знаходзяць у раёне ад возера Цынхай да заходняй Юньнані. П’ю сталі самымі раннімі жыхарамі М’янмы, пра якіх захаваліся пісьмовыя звесткі. Яны прынялі будызм напрамку тхеравада, а разам з ім — варыянты індыйскай пісьмовасці брахмі. Дзякуючы знаходке надпіса на 4 мовах, у тым ліку п’ю, каля храма Мьінкаба Куб’яук-г’і ў Пагане (XII ст.), вучоныя здолелі ў 1911 г. дэшыфраваць іх мову.

Запісы імперыі Тан паведамлялі пра 18 гарадоў-дзяржаў п’ю, 9 з іх былі крэпасцямі. Але да нашых дзён даследчыкі знайшлі 12 гарадоў-крэпасцяў, а таксама некалькі меншых па памерах паселішчаў. Яны не былі пашкоджаны падчас археалагічных раскопак, размежаваны добра захаванымі мурамі і ровамі, з рэшткамі манументальных будынкаў і калягарадскімі сельскагаспадарчымі палеткамі. Мяркуецца, што іх агульнае насельніцтва дасягала некалькі сотняў тысяч чалавек. Пра высокую ступень урбанізацыі сведчыць тое, што плошча гарадоў дасягала 660 — 1400 га.

Найлепей захаваныя гарады: Бейктана, Халін і Шры-Кшэтра. Бейктана, прысвечаны богу Вішну, — найбольш старажытны, заснаваны каля 180 г. да н. э. Аднак ён праіснаваў толькі да V ст. н. э. Самым вялікім па плошчы з'яўляўся Халін. Ён дамінаваў да VIIVIII стст., пакуль не саступіў Шры-Кшэтры. Апошні горад найлепей вывучаны. Ён быў важным рачным транзітным цэнтрам. Порт Шры-Кшэтры мог прымаць дастаткова буйныя судны, якія вандравалі не толькі ўздоўж ракі, але і па моры.

Развіццё гарадоў-дзяржаў стала магчыма дзякуючы поспехам сельскай гаспадаркі. П’ю актыўна змянялі навакольны ландшафт, займаліся ірыгацыяй, вырошчвалі рыс і іншыя культуры. Акрамя таго, яны здабывалі і апрацоўвалі жалеза. Каля V ст. гарады пачалі чаканіць срэбраныя манеты. У запісах імперыі Тан таксама ўзгадваліся залатыя манеты. На працягу 1 тысячагоддзя праз тэрыторыю, населеную п’ю, прайшоў гандлёвы шлях, які аб'ядноўваў Кітай і Індыю, часцяком разглядаецца як адгалінаванне шаўковага шляху. У другой палове 1 тысячагоддзя ён заставаўся болей прыбытковым для жыхароў поўдню, адкуль вывозіліся рыс, жалезная зброя, слановая скура (з яе выраблялі даспехі), пахошчы, прадметы раскошы.

Пасля VI ст. адбывалася новая хваля перасяленняў тыбета-бірманскіх народаў з тэрыторыі сучаснай кітайскай правінцыі Юньнань. У VIII ст. на захадзе Юньнані сфарміравалася дзяржава Наньчжаа, валадары якой з 760 г. вялі заваёніцкія войны супраць п’ю. У пачатку IX ст. п’ю даслалі 2 пасольствы ў імперыю Тан. Аднак у 830-я гг. яны былі канчаткова заваяваны. Відавочна, пасля заваявання цывілізацыя п’ю працягвала сваё існаванне, але паступова асімілявалася мігрантамі з Юньнані. Тым не меней, нават у XII ст. мова п’ю заставалася важнай у Паганскай дзяржаве.

Культура правіць

Хаця п’ю карысталіся пісьмовасцю, захаваныя запісы на іх мове надзвычай рэдкія. Галоўнай крыніцай пра культуру заснавальнікаў гарадоў-дзяржаў уздоўж Іравадзі з'яўляюцца археалагічныя даследаванні. Яны сведчаць пра наяўнасць значнага ўплыву з Паўднёвай Азіі ў выніку распаўсюджвання будызму. Да IV ст. гэта рэлігія хутка заваявала сэрцы мясцовага насельніцтва ад простых сялян да кіруючых колаў. Падчас раскопак былі знойдзены будысцкія храмы, ступы, дробныя культавыя артэфакты. Відавочна, будызм распаўсюджваўся з рэгіёна Андхра ў форме тхеравады. Даследчыкі таксама сцвярджаюць, што пэўны ўплыў аказваў будысцкі напрамак ваджраяна. Поруч з будызмам працягвалі існаваць мясцовыя анімістычныя вераванні.

У кітайскіх пісьмовых крыніцах грамадства п’ю адлюстроўвалася як надзвычай мірнае, пазбаўленае гвалту і войнаў. Мясцовыя жыхары аддавалі перавагу бавоўне перад шоўкам нібы таму, што не жадалі забойства шаўкапрадаў. На чале гарадоў стаялі манархі, якія адначасова выконвалі цывільныя і сакральныя функцыі. Насельніцтва крэміравала памерлых і хавала іх попел у дэкараваных пахавальных урнах або збанах каля ці нават знутры жытлаў. Археолагамі выяўлена каля 700 такіх урн.

П’ю дасягнулі значных поспехаў у архітэктуры і будаўніцтве. Характэрна, што пазнейшая архітэктура эпохі Пагана паўтарала асноўныя формы храмаў Шры-Кшэтры. Пераемнасць заўважна ў планаванні гарадоў і ірыгацыйных збудаванняў. У гарадах квітнела ганчарства. Керамічны посуд з'яўляўся звычайным у паўсядзённым жыцці. Абпаленая цэгла была асноўным будаўнічым матэрыялам у манументальным дойлідстве. Пасольства п’ю ў імперыю Тан здолела ўразіць імператарскі двор музыкай і спевамі на санскрыце.

Сусветная спадчына правіць

У 2014 г. рэшткі гарадоў Бейктана, Халін і Шры-Кшэтра былі ўнесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць

  Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 1444
рус.англ.фр.