Раанок (англ.: Roanoke) — востраў у заліве Краатан каля ўзбярэжжа амерыканскага штата Паўночная Караліна. Вядомы тым, што на ім ў 1585 г. была заснавана першая англійская калонія на тэрыторыі Паўночнай Амерыкі.

Раанок
англ. Roanoke
Узбярэжжа
Узбярэжжа
Характарыстыкі
Плошча46,48 км²
Насельніцтва6 724 чал.
Шчыльнасць насельніцтва144,66 чал./км²
Размяшчэнне
35°52′37,60″ пн. ш. 75°39′34,70″ з. д.HGЯO
АкваторыяКраатанскі заліў
Краіна
Раанок (востраў) (ЗША)
Раанок
Раанок
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Плошча - 46,48 км². Насельніцтва - 6 724 чал. (2000 г.)

Геаграфія правіць

Раанок — бар'ерны востраў, які сфарміраваўся ў выніку ваганняў Атлантычнага акіяна каля 1 600 гадоў таму. Ад адкрытага акіяна ён аддзелены суседнімі бар'ернымі астравамі, таму мясцовае ўзбярэжжа абаронена ад моцных штармоў і высокіх марскіх хваль. У нашы дні злучаны з кантынентам двума мастамі. Востраў даволі нізкі. Вышэйшы пункт ўсяго 22,6 м над ўзроўнем акіяна. Значная частка сушы забалочана або пакрыта лесам.

Клімат мяккі вільготны. Найбольш цёплы месяц — ліпень, калі тэмпература паветра вагаецца ад +18,8°C да +30,5°C. У студзені тэмпература ад -2,2°C да +7,7°C.

Гісторыя правіць

 
Бітва за Раанок у 1862 г.

Археалагічныя раскопкі на поўдні вострава паказалі, што першыя людзі з'явіліся на ім у архаічны перыяд, калі Раанок мог заставацца часткай кантынентальнай сушы. Змены ў культуры насельнікаў супадаюць са зменамі ў астатняй Паўночнай Караліне. Каля 1000 гадоў таму востраў занялі алганкіны, што жылі тут сезонна, здабывалі малюскаў, збіралі жалуды і арэхі, выраблялі вампумы. Англічане, якія адкрылі востраў у 1584 г., назвалі тубыльцаў раанок (ад алганкінскага Rawranoke, літаральна «белыя пацеркі») і ацэньвалі іх агульную колькасць ад 5 000 да 10 000 чалавек. Сучасныя даследчыкі адносяць тубыльцаў да народа секатан.

Канфлікты паміж Іспаніяй і Англіяй у другой палове XVI ст. прывялі да імкнення англічан стварыць свае калоніі ў Новым Свеце. У 1584 г. капітаны Артур Барлау і Філіп Адамс па загаду Уолтэра Рэйлі даследавалі заліў Краатан і прывезлі ў Англію двух выхадцаў з Раанока — індзейцаў Ванчэза і Мантэа. Пасля года жыцця ў Лондане яны вярнуліся на радзіму. У 1585 г. англічане прадпрынялі першую спробу каланізацыі Раанока, але з-за нястач і канфлікта з секатан перасяленцы былі вымушаны адмовіцца ад свайго намера і пакінуць востраў на судне Фрэнсіса Дрэйка.

У 1587 г. Джон Уайт з дапамогай Мантэа заснаваў новую калонію. Ён адбыў за харчамі, але з-за пагрозы іспанскай армады быў вымушаны затрымацца ў Англіі. Пасля вяртання ў 1590 г. ён знайшоў калонію закінутай. Лёс каланістаў застаўся невядомым. Пазней няўдалая спроба Джона Уайта стварыць англійскае паселішча атрымала назву «гісторыя закінутай калоніі». Секатан працягвалі займаць Раанок прыкладна да 1650 г., пакуль не былі выціснуты каланістамі з Джэймстаўна.

Сталае англійскае насельніцтва ўпершыню ўзгадваецца ў 1676 г. У 1776 г. Раанок разам з Паўночнай Каралінай увайшоў у склад ЗША. Падчас грамадзянскай вайны канфедэраты выкарыстоўвалі востраў як ваенную марскую базу. У лютым 1862 г. ваенныя сілы паўночных штатаў высадзілі на ім дэсант і захапілі яго. У 1863 г. на Рааноке быў створаны лагер для вызваленых рабоў, які праіснаваў да 1867 г. Частка сучасных астравіцян з'яўляецца нашчадкамі 300 чарнаскурых вызваленцаў, што засталіся пасля ліквідацыі лагера.

У 1870 г. на поўначы Раанока было заснавана паселішча Мантэа. У нашы дні яно з'яўляецца мясцовым адміністрацыйным цэнтрам. У 1936 г. на поўдні пасля будаўніцтва рыбаперапрацоўчага прадпрыемства ўзнікла паселішча Ванчэз. У 1924 г. быў пабудаваны мост, што злучыў Раанок з мацерыком.

У нашы дні Раанок — важны турыстычны цэнтр Паўночнай Караліны.

Спасылкі правіць