Ра́йца[1] (трансліт.: Rajca, руск.: Райца) — аграгарадок у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, на аўтадарозе Карэлічы — Наваельня. За 16 км на паўднёвы захад ад г.п. Карэлічы, 214 км ад Гродна, 35 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня. 320 жыхароў, 119 двароў (2001). Адміністрацыйны цэнтр Райцаўскага сельсавета.

Аграгарадок
Райца
Царква і плябань
Царква і плябань
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 305 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1596
Паштовы індэкс
231453
Аўтамабільны код
4
Райца на карце Беларусі ±
Райца (Беларусь)
Райца
Райца (Гродзенская вобласць)
Райца

Гісторыя правіць

Вялікае Княства Літоўскае правіць

 
Царква. Н. Орда, 1864—1876 гг.

Першая згадка гэтага маёнтка прыпадае на 1510 год, калі Райца належала Багушу і Мішку Верашчакам. Далей гаспадарылі ў ёй, па чарзе, Наўмовічы і Гаштольды. Але ў другой палове XVI стагоддзя Райца стала ўласнасцю роду, які ўзяў прозвішча ад назвы маёнтка — Раецкіх (або Дунін-Раецкіх)[2].

У дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Новагародскага сабораў 1680—1682 гадоў у Райцы ўпамінаецца царква ў гонар Раства Хрыстова, збудаваная з фундацыі Раецкіх. Святаром у парафіі служыў а. Мікалай Раецкі, яму дапамагаў а. Андрэй Тамашэўскі. Парафія аб’ядноўвала 405 вернікаў[3].

Пад уладай Расійскай імперыі правіць

 
Царква, 21.02.1916 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Райца апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Наваградскім павеце. У 1816—1817 гадах палкоўнік Канстанцін Раецкі адбудаваў у вёсцы знішчаную ў 1811 годзе пажарам Спаскую царкву. Новая царква з бутавага каменю і цэглы выконвала ролю пахавальні Раецкіх. У царкве захоўваўся мясцовашанаваны абраз Божай Маці, пакрыты масіўнай срэбнай рызай.

Пасля смерці ў 1838 годзе Атона, сына навагрудскага маршалка Францішка Раецкага, маёнтак перайшоў у спадчыну да старэйшай дачкі Францішка, Людвікі. А тая прынесла Райцу свайму мужу — навагрудскаму маршалку Юзафу Верашчаку, брату каханай Адама Міцкевіча Марылі[2].

Перад ліквідацыяй Уніі ў 1839 годзе да парафіі Святога Спаса (Перамянення Гасподняга) у Райцы Наваградскага дэканата належалі 1661 вернік, якімі апекаваліся святары: а. Язэп Гарбацэвіч (парах, 50 гадоў) і а. Міхал Бараноўскі (вікары, 30 гадоў). Парафіі належала 2 валокі зямлі, укладавы капітал складаў 3000 рублёў срэбрам, а яе гадавы даход быў 150 рублёў срэбрам[4] Пасля скасаванні царква належала рыма-каталікам, аднак па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864) расійскія ўлады адабралі яе ў Святога Прастола і перадалі Маскоўскаму патрыярхату.

Ва ўласнасці Верашчакаў маёнтак заставаўся да 1898 года, калі Казімір, сын Юзафа, перадаў Райцу сваяку Ваўжынцу Путкамеру, унуку Марылі Верашчакі[2].

У 1910 годзе яго атрымала ў пасаг дачка Ваўжынца Яніна, пабраўшыся шлюбам з прафесарам Кракаўскага ўніверсітэта, графам Адамам Жалтоўскім. Маёнтак, які стаў летняй рэзідэнцыяй прафесара, часам здаваўся ў арэнду[2].

Найноўшы час правіць

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Райца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[5]. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Райца апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Напярэдадні Другой сусветнай вайны Жалтоўскія падаравалі свой маёнтак разам з домам, бібліятэкай, калекцыямі жывапісу і антыкварыяту сёстрам-палацінкам, а самі канчаткова перабраліся жыць у Кракаў. Палацінкі гаспадарылі ў ім з 1933 па 1943 гады[2].

У 1939 годзе Райца ўвайшла ў БССР. Падчас Другой сусветнай вайны ў колішнім шляхецкім доме размясціўся шпіталь, пазней — бальніца і паліклініка, потым — вясковая амбулаторыя. У канцы 1990-х гадоў будынак апусцеў і, як і парк, пачаў прыходзіць у заняпад. У 2009 годзе моцна занядбаны будынак набыла сям’я мастакоў, якія забавязаліся стварыць тут прыватны дом-музей саломкі і сучаснага мастацтва[6].

За савецкім часам улады спрабавалі разбурыць царкву трактарамі. Аднак, зрабіць гэтага не здолелі і далі рады толькі зрынуць статую Дзевы Марыі з фасаду і пабурылі дэкаратыўныя вежы і кантрафорсы, якія ўмацоўвалі будынак. Помнік адбудавалі ў 2000-я гады як царкву Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату пад тытулам Святой Барбары.

На 2001 год у Райцы было 119 двароў. У 2000-я гады яна атрымала афіцыйны статус аграгарадку.

Насельніцтва правіць

  • XX стагоддзе: 1999 год — 319 чал.
  • XXI стагоддзе: 2001 год — 320 чал.[7]; 2010 год — 305 чал.

Інфраструктура правіць

У Райцы працуюць сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддзяленне сувязі.

Славутасці правіць

Галерэя правіць

Крыніцы правіць

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. а б в г д Адрадзіць старую сядзібу… № 22 (1513) 29.05.2021 — 04.06.2021 г
  3. Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг." / Уклад. Д. Лісейчыкаў. — Мн., 2009.
  4. Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796—1839. — Lublin, 2004. S. 21.
  5. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  6. Сляды спадчыны. Райца. Intex-press (27 жніўня 2012 г.).
  7. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. С. 273.

Літаратура правіць

  • Райца // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
  • Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг." / Укладальнік Д. Лісейчыкаў. — Мн.: І. П. Логвінаў, 2009. — 270 с.
  • Radwan M. Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796—1839. — Lublin: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2004. ISBN 83-917615-5-X.

Спасылкі правіць