Ракаўскае прадмесце

Ра́каўскае прадме́сце — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная ўздоўж старадаўняга Ракаўскага шляху. Тут месцілася ўніяцкая царква, кармеліцкі кляштар з касцёлам Святой Марыі Магдалены, Петрапаўлаўскі манастыр, ад якога захавалася Петрапаўлаўская царква. У часы нацысцкай акупацыі частка раёна ўваходзіла ў склад Мінскага гета.

Забудова вуліцы Ракаўскай XIX — пачатку XX стст. Дом з мязузай

На захадзе ад Ракаўскага прадмесця месціцца Раманаўская Слабада, на поўначы — Татарская Слабада (Пятніцкае прадмесце), на ўсходзе — Замчышча, на поўдні — цэнтральны Нізкі Рынак[1].

Гісторыя правіць

 
Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла, адноўленая ў першапачатковым выглядзе

Ракаўскае прадмесце — адзін з найстарэйшых раёнаў Мінска, які пачаў засяляцца ў XI ст. як гандлёва-рамесніцкі пасад старажытнага горада Полацкага княства. Паводле сведчанняў беларускага падарожніка і краязнаўцы Паўла Шпілеўскага, яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. менчукі адносілі Ракаўскае прадмесце разам з Нізкім Рынкам, Траецкай гарой і Пятніцкім (Татарскім) канцом да менскага Старога Горада.[2]

 
Петрапаўлаўская царква, 1864—1867 гш.

У пачатку XX ст. Ракаўскае прадмесце ўваходзіла ў другую паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзілі Ракаўская, Нямігская (цяпер вул. Няміга), Нямігска-Ракаўская (Віцебская), Уваскрасенская (Вызвалення).[3]

 
Нямігска-Ракаўская вуліца, 1942 г.

У 19681973 гадах савецкія ўлады знеслі большую і найбольш каштоўную частку гістарычнай забудовы былога прадмесця ў сувязі з рэканструкцыяй Нямігі. Захаваліся некаторыя камяніцы, што не прымыкалі непасрэдна да вуліцы Нямігі.

У цяперашні час пра існаванне прадмесця сведчыць Ракаўская вуліца. Мінскія ўлады распрацавалі дзяржаўную праграму па рэстаўрацыі старой забудовы, частка яе ўжо рэалізаваная.

Археалагічныя раскопкі правіць

Археолагі выявілі старажытнае прадмесце на тэрыторыі паміж вуліцамі Ракаўскай, Нямігай, Віцебскай і Вызвалення. Пласт шэрага і цёмнашэрага колеру, насычаны рэшткамі драўлянай забудовы XVIXIX стст. і прадметамі матэрыяльнай культуры, даследаваў у 1976, 1979, 1980 гадах Валянцін Собаль. Найвялікшая таўшчыня пласта ўздоўж вуліцы Няміга дасягала каля 4,5 м, паступова яна памяншаецца каля вуліцы Раманаўская Слабада да 1—1,5 м. У раёне вуліц Віцебскай, Ракаўскай і Вызвалення таўшчыня пласта складае 0,5—2 м.

Тэрыторыя Ракаўскага прадмесця, паводле археалагічных даследаванняў, была заселеная ў XV ст. Знойдзеныя ганчарны горан і каробчатая кафля канца XVI ст., упрыгожаная раслінавымі і геаметрычнымі ўзорамі, кавалкі гліняных прэсформаў, пры дапамозе якіх выціскалі ўзор на вонкавай пласціне кафлі. Сярод знаходак — побытавая кераміка XVXVIII стст. Большая частка вырабаў пакрытая палівай зялёнага або карычневага колераў. Трапляюцца чорнаглянцаваныя міскі, талеркі, збаны, а таксама посуд, упрыгожаны ангобным роспісам пад празрыстую зялёную паліву. Знойдзеныя абутак, жалезныя прылады, шкляны посуд, манеты Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі[4].

Старыя адрасы правіць

 
Праект дома яўрэйскіх вяселляў, 1895 г.
  • Рог Нямігі і Ракаўскай. Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла (Жоўтая). Будавалася ў 1611—1613 гадах. У 1795 годзе Кацярына II загадала перайменаваць царкву ў Кацярынінскую. У 1870-я праводзілася рэканструкцыя яе на мэце падагнаць вонкавы выгляд храма ў адпаведнасць з тагачаснымі расійскімі канонамі. Пасля рэстаўрацыі (1972—1979) будынак займалі Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Архіў-музей літаратуры і мастацтва рэспублікі (Ракаўская, 4). Ад 1992 года храм дзейнічае як царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату.
  • Нямігская, 9, дом Шабада. Прадстаўніцтва акцыянернага таварыства мальцаўскіх машынабудаўнічых заводаў у Літве-Беларусі. Будынак стаяў на левым баку сучаснай вуліцы Нямігі, прыблізна паміж пачаткам праспекта Пераможцаў і канцом вуліцы Камсамольскай.
  • Нямігская, 14, дом Давідзон. Тытунёвая фабрыка купчыхі Р. М. Цукерман-Давідзон. Пабудаваная ў 1883 годзе. Выпускала махорку, нюхальны тытунь. Частка вырабаў прадавалася ва ўласнай крамцы. У 1913 годзе на прадпрыемстве працавалі дынама-машына і газавы рухавік. Размяшчалася прадпрыемства ў раёне Нямігі, паміж сучаснымі праспектам Пераможцаў і вуліцай Раманаўская Слабада.
 
Праект дома яўрэйскіх вяселляў, 1895 г.
  • Рог Нямігскай, 26, і Новараманаўскай. Начлежны прытулак для бедных прыезжых яўрэяў. Будынак стаяў на рагу сучасных вуліц Нямігі і Рэвалюцыйнай.
  • Рог Ракаўскай і Няміга-Ракаўскай, дом Дам’е. Шпалерная фабрыка І. С. Шыфрановіча. Саўладальнік — Ліфшыц. Заснаваная ў 1892 годзе. У 1898 годзе з’явіўся паравы кацёл (дагэтуль вытворчасць была цалкам ручной). У 1906 годзе з’явіліся паравая машына (45 конскіх сіл) і дынама-машына. У 1912 годзе паміж кампаньёнамі пачаліся грашовыя рознагалоссі, і фабрыка спачатку трапіла ў рукі да Сыркінай, а праз год — да Гельфанда. Цяпер у гэтым будынку размешчаны хлебазавод № 1 (Ракаўская, 25).
  • Ракаўская, 8, дом Рубінштэйна. Другая мужчынскае аднакласнае прыходскае вучылішча. У 1901—1906 гадах пры ім працавала мужчынская нядзельная школа, арганізаваная К. Ізмайловіч. Будынак захаваўся (Ракаўская, 14).
  • Ракаўская, 13, дом Чэрчыса. У 1905—1906 у глядзельнай зале будынка адбываліся рэвалюцыйныя сходы. Будынак захаваўся (Ракаўская, 17).
  • Ракаўская, 26, дом Поляка. Шпалерная фабрыка А. С. Эпштэйна. Пачала дзейнічаць у 1898 годзе. У крызісным 1901 годзе гаспадар спыніў выплаты ўласных пазыковых абавязацельстваў, але, дзякуючы нечай падтрымцы, здолеў выйсці з цяжкага становішча. Тады на прадпрыемстве дзейнічаў газавы рухавік. У 1909 годзе Эпштэйн разам з сынам стварылі суполку і ўзвялі на Вялікай Татарскай вуліцы новы корпус для другой фабрыкі. Закупілі спецыяльнае вытворчае абсталяванне і паравую машыну. Але ў 1911 годзе на новай фабрыцы здарыўся пажар, пасля чаго яна закрылася. У 1912 годзе ў старым будынку надбудавалі другі паверх, перанеслі туды частку ўцалелага пасля пажару абсталявання. У савецкі перыяд на базе шпалерні Эпштэйна ўзнікла шпалерная фабрыка імя В. Вароўскага (1924). Старыя будынкі захаваліся (Ракаўская, 28—30). У тым жа будынку ад 1910 года знаходзілася і абутковая фабрыка «Праца» Г. I. Гольдберга, Ф. Я. Бенцмана, Л. Н. Гурвіча. У 1913 годзе на ёй быў электрарухавік магутнасцю 40 конскіх сіл. У красавіку 1905 года прайшоў забастоўка.
  • Уваскрасенская. Талмуд-Тора (рэлігійная школа па вывучэнні законаў іудзейскай веры і асноў яўрэйскй граматы). Размяшчалася ў некалькіх двухпавярховых камяніцах, мела сад і ўласны адасоблены двор. Захаванасць будынкаў не вызначаная[5].

Вуліцы і плошчы правіць

Цяперашняя назва Першапачатковая назва Былыя назвы
Віцебская вуліца Наваракаўская вуліца
Няміга-Ракаўская вуліца
Нямігскі завулак
Вызвалення вуліца Уваскрасенская вуліца

Татарская вуліца
Уваскрасенскі завулак
Вялікая Татарская вуліца

Кальварыйская вуліца Кальварыйская вуліца

Кальварыйска-Ракаўская вуліца
Кальварыйскі тракт

Максіма Танка вуліца Новая вуліца
Навакрасная вуліца
Танкавая вуліца (19281998)
Мельнікайтэ вуліца Высокая вуліца
Глухоўская вуліца (частка)
Людамонцкі завулак (частка)
Глухая вуліца

Татарская Глухая вуліца
Ратамская вуліца (да 1976)


Няміга вуліца Нямігская вуліца

Няміга-Школьная вуліца (частка)
Няміга-Раманаўская вуліца (частка)

Кацярынінская вуліца (частка, 18661926)
Кастуся Каліноўскага вуліца (частка, 19261940-я)
Ракаўская вуліца Ракаўская вуліца

Юраўская вуліца (частка)
Новафранцысканская вуліца (частка)

Астроўскага вуліца (19371993)
Шпалерная вуліца Уваскрасенская вуліца

Уваскрасенскі завулак

Вызвалення вуліца
Юбілейная плошча Юбілейная плошча Плошча 25 Кастрычніка
Юрава-Завальная вуліца Юрава-Завальная вуліца
Завальная вуліца
Хлебная вуліца
Не існуе Нямігска-Ракаўская вуліца[3][6]

Галерэя правіць

Зноскі правіць

  1. «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  2. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому края. Мн., 1992. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 459
  3. а б Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008.
  4. В. Е. Собаль. Ракаўскае прадмесце // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 552
  5. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с.
  6. Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы // «Минск старый и новый»

Літаратура правіць

Спасылкі правіць