Раскол рускай царквы

Раскол — рэлігійна-грамадскі рух у Расіі, у выніку якога адбылося аддзяленне ад рускай праваслаўнай царквы самастойнай рэлігійнай плыні — стараабрадства.

Зачэпкай для Раскола сталі рэформы 1653—1660 гг., праведзеныя патрыярхам Ніканам з мэтай павышэння аўтарытэту царквы і патрыяршаства і ўсталявання аднастайнасці ў царкоўнай службе. Рэформа ліквідавала адрозненні паміж рускімі і грэчаскімі чынамі богаслужэння і прадугледжвала выпраўленні розначытанняў у рускіх царкоўных кнігах паводле грэчаскіх узораў.

Нікан шырока выкарыстоўваў богаслужбовую практыку праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, дзе адрозненняў ад грэчаскай царквы не было; святары і манахі з Беларусі і Украіны (напрыклад, Сімяон Полацкі) актыўна удзельнічалі ў правядзенні рэформы.

Так 8-канцовы крыж быў заменены на 6-канцовы, 2-пальцавае хрышчэнне — З-пальцавым, двайная (сугубая) алілуя — трайной і інш.

Супраць новаўвядзенняў і за захаванне старой набожнасці выступіла частка духавенства на чале з пратапопамі Авакумам, Даніілам, Іванам Няронавым і інш.

На царкоўных саборах 1654—1655 і 1666—1667 гг. перамаглі прыхільнікі рэформ. Аднак праціўнікі перамен не падпарадкаваліся саборным пастановам і т.ч. «раскалолі» царкву (адсюль назва «Раскол»).

Раскольнікі падвяргаліся ганенням з боку патрыяршаства і царскай улады: іх высылалі на ўскраіны Расіі, знявольвалі ў турмы і манастыры, катавалі і каралі смерцю; шмат іх уцякло за мяжу, у т.л. на Беларусь.

У 2-й палавіне 17 ст. стараабрадства стала ідэйным сцягам самых розных апазіцыйных рухаў — ад антыфеадальна-сялянскіх да кансерватыўна-баярскіх. Супярэчлівы характар, сацыяльная неаднароднасць удзельнікаў Расколу абумовілі наяўнасць розных па арганізацыі і ідэалогіі груповак стараабрадства.

Літаратура правіць