Роберт Рафаілавіч Фальк

Ро́берт Рафаілавіч Фа́льк (15 (27) кастрычніка 1886, Масква — 1 кастрычніка 1958, Масква) — расійскі жывапісец яўрэйскага паходжання, які самабытна спалучаў у творчасці плыні рускага мадэрну і авангарда; адзін з найвядомейшых мастакоў яўрэйскага тэатра на ідышы. Выкладаў у Віцебскім мастацкім вучылішчы[7]. Супрацоўнічаў з Беларускім яўрэйскім дзяржаўным тэатрам.

Роберт Рафаілавіч Фальк
Фатаграфія
Дата нараджэння 15 (27) кастрычніка 1886[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 1 кастрычніка 1958(1958-10-01)[4][5][…] (71 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, дзеяч выяўленчага мастацтва, рысавальнік
Жанр партрэт, нацюрморт і пейзаж
Вучоба
Уплыў на Hieorhij Niski[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў сям’і юрыста і шахматыста Рафаіла Аляксандравіча Фалька (1856—1913) і Марыі Барысаўны Фальк (народжанай Банк, 1866—1940).

З 11 гадоў сур’ёзна займаўся музыкай — рыхтаваўся паступаць у кансерваторыю. Аднак у 1902 годзе адбылася падзея, якая перавярнула яго жыццё — у 16 гадоў яму падарылі мальберт, фарбы і малы эцюднік. Фальк пісаў дні напралёт і вырашыў стаць мастаком. Бацькі былі супраць новага захаплення сына.

У 1904—1905 гадах вучыўся выяўленчаму мастацтву ў школе-студыі Канстанціна Юона і Івана Дудзіна, у прыватнай студыі Іллі Машкова, а ў 1905—1909 гадах — Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, дзе асаблівы паўплывалі на яго Валянцін Сяроў і Канстанцін Каровін. Жыў у асноўным у Маскве. У 1909 годзе, каб узяць шлюб з Лізаветай Пацехінай, Фальк ахрысціўся па імем Раман (пасля рэвалюцыі вярнуўся да ранейшага імя).[8]

1910 год прайшоў пад знакам гучнага скандалу, які ўзрушыў вучылішча. Вучні партрэтнага класа, сярод якіх быў Міхаіл Ларыёнаў, зладзілі абструкцыю выкладчыку Леаніду Пастэрнаку, які замяніў Каровіна. Больш за 50 маладых мастакоў, у тым ліку Фалька, выключылі. Пазней Фальк, Ларыёнаў і яшчэ некалькі чалавек падалі заяву пра аднаўленне ў вучылішчы і праз паўгода выключаных аднавілі.

У 1910 годзе стаў адным з заснавальнікаў мастацкага аб’яднання «Бубновы валет», у дзейнасцi якога ўдзельнічаў ў 1910—1916 гадах. На выставе аб’яднання ў 1910 годзе работы Фалька віселі ў першай зале і былі заўважаны прэсай.

Аднак прадалася з выставы толькі адна карціна — «Пейзаж з чырвонай сцежкай» Фалька. На першы ганарар мастак паехаў у Італію. Сума была невялікая, таму амаль увесь маршрут ён адолеў пешшу. Мастак узгадваў:

Я абышоў наступныя гарады: Асізі, Рым, Арв’ета, Піза, Сіена, Фларэнцыя, Равэна, Ферара, Падуя, Венецыя, Верона, Вічэнца, Парма, Мантуя і Мілан. На Паўднёвую Італію грошай не хапіла. <…> Што ж тады асабліва прыцягвала мяне ў Італіі? Прымітывы, мазаікі ў Равэне, Джота, сіенскія майстры[9].

Восенню 1911 года сярод «бубновых валетаў» адбыўся раскол. Лянтулаў, Канчалоўскі, Машкоў, Фальк і больш памяркоўныя мастакі адкалоліся ад сваіх радыкальных таварышаў на чале з Ларыёнавым, які аб’яднаў сваіх прыхільнікаў на выставе «Асліны хвост». Былыя паплечнікі аказаліся па розныя бакі барыкад. «Хвасты» абвінавачвалі «валетаў» у рабскім перайманні заходняга мастацтва, у той час самі ларыёнаўцы працягвалі рух да «лубка». Фальк не дужа прыцягваў увагу эпатажнымі паводзінамі, заставаўся ў ценю «ярчэйшых» таварышаў — Машкова, Канчалоўскага, Лентулава. Аляксандр Купрын нават склаў жартоўную «Карту планетнай сістэмы Бубновага валета» ў 1913 годзе, дзе Фальк аказаўся планетай Нептун: «Дзякуючы сваёй аддаленасці ўласцівасці планеты ўяўляюць вялікія няяснасці. Пэўна толькі тое, што ваганні яе арбіты парушаюць слушнасць звароту ўсіх астатніх планет». І ўсё ж талент Фалька, яго выключную цікавасць да прасторы і святла ў карціне адзначалі нават крытыкі. Як пісаў мастацтвазнаўца Якаў Тугендхольд, «ён адзін з нешматлікіх „валетаў“, якія ўмеюць бачыць па-свойму»[9]. З часам бацькоў-заснавальнікаў «Бубновага валета» выціснулі больш радыкальныя мастакі-беспрадметнікі, якія пазней далучыліся да групы. У 1917 годзе адбылася апошняя выстава аб’ядання, у якой не прыняў удзел ні адзін са старажылаў.

 
Роберт Фальк са сваімі вучнямі. Віцебск. 1921

У 1916 годзе ў Роберта Фалька і Лізаветы Пацехінай нарадзіўся сын Валерый. Але іх шлюб быў непрацяглым, у тым жа 1916 годзе ў татарскім паселішчы Козы мастак пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай — Кірай Аляксеевай, дачкой Канстанціна Станіслаўскага.

Пасля рэвалюцыі 1917 года, у 1918—1928 гадах выкладаў у ГСХМ — ВМТМ — ВМТІ (цяпер МДАММ імя Сурыкава); быў дэканам факультэта жывапісу.

У Фалька вучыліся многія выбітныя мастакі, сярод іх — будучы класік сацрэалізму Сямён Чуйкоў, які ўспамінаў: «Ён прышчапляў вучням тое стаўленне да мастацтва, якое спавядаў сам: сумленнасць, шчырасць, адданасць і ахвярнасць. Фальк часта казаў нам пра Рэмбранта. Так, так, не толькі пра Сезана, але і пра Рэмбранта»[9].

У 1918—1921 гадах працаваў у Маскоўскай калегіі па справах мастацтва і мастацкай прамысловасці Аддзела выяўленчых мастацтваў Наркампраса.

У жывапісе мастака таго часу з’явілася асаблівая ўвага да святла. Ён ужывае шматслойную тэхніку пісьма, так што паверхня палатна ператвараецца ў амаль скульптурны рэльеф.

У лістападзе-снежні 1919 года бярэ ўдзел у Першай дзяржаўнай выставе мясцовых і маскоўскіх мастакоў у Віцебску, дзе была набыта адна яго карціна.

Драма ў асабістым жыцці прыводзяць Фалька да нервовага зрыву. Лета 1920 года ён праводзіць у псіханеўралагічным санаторыі ў Пакроўскім-Страшнёва пад Масквой. Меркавана менавіта там мастак напісаў адзін са сваіх шэдэўраў — карціну «Чырвоная мэбля». Ён разводзіцца з Лізаветай Пацехінай і бярэ шлюб з Кірай Аляксеевай, у іх нараджаецца дачка Кірыла. Гэты шлюб таксама быў непрацяглым — у 1922 годзе яны рассталіся.

Увосень 1920 года знаёміцца мастачкай Раісай Ідэльсон, якая паходзіла з Віцебска, яе бацька Веніямін Іванавіч быў земскім урачом і спадчанным ганаровым грамадзянінам Віцебска. Раіса спачатку вучылася мастацтву ў Юдаля Пэна[10].

Увесну 1921 года педагагічны савет Віцебскіх дзяржаўных вольных мастацкіх майстэрняў вырашае запрасіць Р. Фалька і А. Купрына кіраўнікамі майстэрняў. Выязджае ў Віцебск, жыве ў доме бацькоў Раісы Ідэльсон па адрасе вул. Замкавая, 12.

Ёсць пашыранае паданне, што Фальк быў накіраваны ў Віцебск Наркампрасам каб арыштаваць Казіміра Малевіча[11].

У ліпені 1921 года зацверджаны на пасадзе прафесара Віцебскіх дзяржаўных вольных мастацкіх майстэрняў. 20 ліпеня 1921 года Вера Ермалаева падпісвае загад пра прызначэнне Р. Фалька кіраўніком майстэрні жывапіснага аддзялення, якая атрымала найменне «майстэрні Сезана». 4 жніўня 1921 года прызначаны захавальнікам Музея сучаснага мастацтва. У верасні 1921 года адбываецца прыём у мастацкія майстэрні: «У майстэрнях ёсць ніжэйпазначаныя курсы: мастака-кіраўніка Пэна, мастака-кіраўніка Фалька па праграме Уновис, скульптурная майстэрня кіраўніка Якерсона».

 
Роберт Фальк. Віцебск. 1921. З архіву Е. Громавай.

У кастрычніку 1921 года Фальк пакінуў Віцебск, следам за ім у Маскву перабіраецца некалькі вучняў (Л. Зевін, Е. Розенгольц, Э. Валхонскі, А. Кабішчар, І. Бескін, М. Кунін, Д. Марачоў, Ф. Рабкіна). Сярод яго вучняў у ВХУТЕМАСе быў таксама Міхаіл Філіповіч.

У 1921 годзе стаў сябрам аб’яднання «Култур-ліге», створанага для развіцця яўрэйскага мастацтва, звязанага з традыцыйнай культурай на ідышы.

Стаў членам рэарганізаванага таварыства «Мир искусства» на чале з Іллём Машковым.

У жніўні-верасні 1923 года жыве ў вёсцы пад Віцебскам, разам з Раісай Ідэльсон.

У 1928 годзе мастак выехаў у камандзіроўку за мяжу і да 1937 года жыў і працаваў у Парыжы. У 1929 годзе адбылася яго персанальная экспазіцыя ў галерэі Яўгена Зака ў Парыжы. Выставу наведаў і Амбруаз Валар — легендарны парыжскі гандляр мастацтвам, які адкрыў імпрэсіяністаў, запрасіў «рускага сезаніста» паглядзець яго калекцыю. Фальк не толькі выстаўляўся ў галерэях, але і стаў сталым удзельнікам Салона ў Цюільры і восеньскіх салонаў.

Раіса Ідэльсон вяртаецца ў Маскву, шлюбныя адносіны з ёй фактычна сканчаюцца. Да Фалька прыязджае яго сын ад першага шлюбу Валерый, з якім ён жыве ў Францыі да самага ад’езду.

У Францыі мастак шмат падарожнічаў, але асабліва важнай стала яго паездка ў Экс-ан-Праванс, родныя мясціны яго любімага мэтра, адкуль ён піша: «Тут усё так і напоўнена Сезанам». У Парыжы Фальк меў сувязі з рускімі мастакамі-эмігрантамі: Канстанцінам Каровіным, Аляксандрам Бенуа, Канстанцінам Сомавым, Мсціславам Дабужынскім. А пра сустрэчу з Міхаілам Ларыёнавым і Наталляй Ганчаровай Фальк пісаў так: «З Ларыёнавым мы так сустрэліся, як быццам і не было тых 13 гадоў, якія мы з ім не бачыліся». Акрамя таго, Роберт Фальк адкрыў для сябе Хаіма Суціна, якім бясконца захапляўся, і нават бываў у яго майстэрні. У Парыжы Фальк пасябраваў і з Іллём Эрэнбургам.

У крызісныя гады мастак ратаваўся партрэтамі і даваў урокі жывапісу. У 1937 годзе на прыёме ў савецкім пасольстве ў Парыжы ў гонар пералёту савецкіх лётчыкаў праз Паўночны полюс ў Амерыку Фальк пазнаёміўся з лётчыкам і па сумяшчальніцтве мастаком-аматарам Андрэем Юмашавым, які адыграе велізарную ролю ў жыцці мастака. Фальк вырашыў вярнуцца на радзіму.

З Юмашавым яны здзейснілі своеасаблівае «турнэ» па Крыме і Сярэдняй Азіі, дзе знакаміты лётчык чытаў лекцыі пра свой пералёт цераз Паўночны полюс, а падчас адпачынку ставіў свой любіцельскі мальберт побач мальберта Фалька. У так званым Доме Пярцовай, дзе ўжо жылі яго таварышы па «Бубновым валеце» — Аляксандр Купрын і Канстанцін Раждзественскі, з дапамогай Юмашава Фальк атрымаў майстэрню.

У сакавіку 1939 года на персанальнай выставе ў фае Дома літаратараў у Маскве Роберт Фальк сустрэўся з Ангелінай Васілеўнай Шчокін-Кротавай, з якой пазнаёміўся год таму. Ужо летам яны пачалі жыць разам. Апошняя жонка мастака адыграла велізарную ролю ў захаванні яго спадчыны — як мастацкай, так і тэарэтычнай.

Працаваў афарміцелем сцэны Маскоўскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра (з якім супрацоўнічаў і да свайго ад’езду за мяжу), а таксама яўрэйскіх тэатраў іншых гарадоў.

У 1939 годзе адбылася персанальная выстаўка мастака ў Доме літаратараў.

У красавіку 1941 года афармляе спектакль «Зачараваны кравец» паводле Шалом-Алейхема ў Беларускім дзяржаўным яўрэйскім тэатры.

У 1941 годзе разам з Яўрэйскім тэатрам эвакуіраваўся ў башкірскае сяло Сцерлібашава, дзе выкладаў гісторыю, геаграфію і нямецкую мову ў школе. А ўжо ў 1942-м перабраўся ў Самарканд. Выкладае жывапіс у Самаркандскім абласным мастацкім вучылішчы і ў эвакуіраваным Маскоўскім мастацка-прамысловым інстытуце. У эвакуацыі Фальк цяжка захварэў на бруцэлёз — на паўгады аказаўся прыкаваным да ложка, з якіх тры месяцы правёў у шпіталі. У 1943 годзе ў Краязнаўчым музеі Самарканда прайшла выстава акварэляў і гуашаў мастака. У 1943 годзе здарылася вялікая асабістая трагедыя — сын мастака Валерый загінуў на фронце. Неўзабаве пасля гэтага Фальк з жонкай вырашыў перабрацца ў Маскву.

Напачатку 1944 года вярнуўся з эвакуацыі ў маскоўскую кватэру-майстэрню ў доме Пярцовай. Лета мастак звычайна праводзіў на дачах сяброў — у Перадзелкіне, Софрыне, Хацькова, Загорску.

Пасля вайны на пэўны час ажывілася выставачная дзейнасць Фалька. Вярнуўся мастак і да працы ў тэатры. Аднак пасля забойства Саламона Міхоэлса ў 1948 годзе ГОСЕТ закрылі, неўзабаве Фальк страціў заказы на афармленне спектакляў.

У час кампаній 1940-х гадоў Фалька крытыкавалі як «фармаліста».

Пасля 1953 года Фальк стаў для маладых савецкіх мастакоў-авангардыстаў своеасаблівым сімвалам мінулай вялікай эпохі жывапісу, мастом паміж вялікім мастацтвам пачатку XX стагоддзя і паслясталінскай адлігай. Яго майстэрня стала адным з цэнтраў неафіцыйнай культуры, дзе сустракаліся навукоўцы, музыкі, пісьменнікі і мастакі. Пабываў там і Жан-Поль Сартр, чыю п’есу Фальк афармляў у тэатры Таірава, прыходзілі будучыя маскоўскія канцэптуалісты.

17 мая 1958 года адкрылася апошняя персанальная выстава Роберта Фалька ў выставачнай залі Маскоўскага Саюза савецкіх мастакоў.

Памёр у Маскве 1 кастрычніка 1958 года. Пахаваны на Калітнікаўскіх могілках.

Галерэя правіць

Памяць правіць

  • У 2018 годзе ў Маскве ў Данілаўскім раёне з’явілася вуліца Роберта Фалька[12].
  • У РГАЛИ ёсць фонд Р. Р. Фалька (№ 3018)

Пасмяротныя выстаўкі правіць

У 1992 годзе ў Рускім музеі адбылася пасмяротная персанальная выстаўка твораў Фалька, аднак каталог выстаўкі не быў выдадзены. У 2020 годзе ў Новай Траццякоўцы адкрылася персанальная выстаўка Фалька, на якой было звыш за 250 графічных і жывапісных твораў мастака (выстаўка правала да 23 мая 2021).

Зноскі

  1. The Fine Art Archive Праверана 1 красавіка 2021.
  2. http://www.theglassmagazine.com/portraying-the-revolution/
  3. http://www.yivoencyclopedia.org/article.aspx/Falk_Robert
  4. RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
  5. Robert Rafailowitsch Falk // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  6. RKDartists Праверана 24 верасня 2020.
  7. https://bis.nlb.by/by/documents/140111
  8. Артыкул «Фальк Роберт» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі
  9. а б в https://lavrus.art/falk-bio(недаступная спасылка)
  10. Крэпак Барыс. Роберт Фальк: «Я ўбачыў у глыбіне пейзажа чырвоную рабіну…» // Вяртанне імёнаў. Кніга 1. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2013. — С. 318—329.
  11. Лисов Александр. Роберт Фальк и Марк Шагал: опыт сравнительного анализа Архівавана 29 студзеня 2020. / // Бюллетень Музея Марка Шагала. — 2011. ― Вып. 19/20. — С. 90―102
  12. Новым улицам на ЗИЛе присвоили наименования. Москва 24. Праверана 24 снежня 2018.