Войны-Грычынавічы

шляхецкі род з пінскіх баяр
(Пасля перасылкі з Род Войнаў-Грычынавічаў)

Войны, Войны-Грычынавічы, Грычыны-Войны — вялікалітоўскі шляхецкі род герба «Трубы».

Герб Сямёна Войны. 1630

Гістарыяграфія правіць

Паводле Барталамея Папроцкага род Войнаў паходзіў са Смаленскай зямлі адкуль выехаў пры вялікім князю Казіміры праз войны з Масквой. Пачынальнікам роду ў Літве Папроцкі лічыў Матфея Грычыну і называў двух яго сыноў — Кірдзея, ротмістра, і Войну, падкаморыя пінскага і старосту ожскага. З сыноў Войны Матфеевіча Папроцкі ведаў Лаўрына, падскарбія, і трох яго братоў, невядомых яму імем — старосту палангоўскага, ротмістра і троцкага пробашча. Уласна ад Войны Матфеевіча Грычынавіча пайшоў род Войнаў, бо імя бацькі сыны захавалі як прозвішча. Папроцкі не меў інфармацыі пра Войнаў з першых рук, таму і падаў настолькі няпоўны радавод. Таксама, напэўна, было і з гербам, Папроцкі ведаў толькі падскарбінскі лічман 1577 года з чатырохчасткавым гербам, дзе ў 1-м полі памылкова быў «Корчак», калі на іншых пячатках Лаўрын Война ўжываў «Трубы»[1].

Альберт Віюк-Каяловіч ужо ведаў шасцёх сыноў Войны і іх імёны — ксяндза, віленскага біскупа Бенедыкта, падканцлера Гаўрылу (Габрыэля), падскарбія Лаўрына (Ваўжынца), кашталяна мсціслаўскага Сямёна, кашталяна берасцейскага Рыгора і кашталяна мсціслаўскага і берасцейскага Сокала. Паводле Каяловіча ўжывалі Войны герб «Трубы». У радавод аднак Каяловіч дадаў паміж Войнам Мацвеевічам і яго шасцю сынамі ўяўнае пакаленне — Мацея і Рыгора — такім чынам зрабіўшы сыноў унукамі.

Каспар Нясецкі лічыў, што род паходзіць з Севершчыны, але падаў родавае паданне ўплеценае ў афіцыйную гісторыю ВКЛ, што «gdy Erdywił z Litewskim wojskiem wpadł w Ruskie kraje, trzey Woynowie Ruskich obywatelów, przeciwko niemu nie tylko pobudzili, ale i mężnie go z niemi wojowali. Między Prypeciem i Pinem rzekami mieli kiedyś przodkowie ich obszerną fortunę», — такім чынам, называў Войнаў русінамі, а іх радзімай Пінскі павет. Нясецкі адносіў Войнаў да «Трубаў», але няўпэўнена, бо пад Грычынамі Войнамі запісаў, што яны карысталіся «Корчакам» «że się tym herbem niektórzy z nich w księstwie Litewskiem pieczętują, miałem pewną relacyą», — ад каго атрымаў такую інфармацыя не пазначыў. Нясецкі падаў болей звестак пра пэўных асоб, але іх сувязі не заўсёды верагоднымі, так Мацея Сямёнавіча ён лічыў сынам Лаўрына.

Адмысловых агульных даследаванняў генеалогіі Войнаў няма, радавод патрабуе глыбокага вывучэння.[1]

Паходжанне правіць

На праўдзе, Грычыны — пінскі баярскі род, найраней вядомыя з іх — Пронька і Мацвей — баяры пінскай княгіні Марыі Сямёнавай, Кірыла з тым жа Мацвеем — радцы пінскага князя Фёдара Яраславіча, Святохна з Грычынаў — служэбніца княгіні Марыі і потым сям'і Яраславічаў. Кірыла Грычын у 1514 годзе атрымаў ад князя Фёдара 4 «чалавекі» ў Моталі, Праходзе, Мерчычах і Крайновічах. На Попіс 1528 года шасцёра Грычынаў ставілі 6 «коней».[2]

Гаўрыла Грычына, родны брат Святохны, якому яна перадала свае «выслугі» з дазволу каралевы Боны. Брат з сястрою трымалі маёнткамі разам, пасля яе смерці ўладанні ў Варачэвічах, Гліннай, Кожчычах і Кашэвічах засталіся Гаўрылу, потым яго сынам — Андрэю, Якаву, Фальку і Аляксандру. Вядома яшчэ адна галіна Грычынаў — Іванавічы, яны валодалі сялом Бабровічы, мястэчкамі Гаць, Купяцічы, Матковічы. Галіны Гаўрылавічаў і Іванавічаў часта згадваюцца мясцовымі актамі.[3]

Мацвей Грычын у 1495 годзе атрымаў ад княгіні Марыі «чалавека» і два дварышчы ў Парэччы, а ў 1497 годзе ад князя Фёдара 4 «чалавекі» ў Моладаве, Праходзе і Варачэвічах. У 1524 годзе Мацвей запісаў сваёй жонцы Марыне, на 1/3 сваіх маёнткаў вена ў 300 коп грошаў, што пацвердзіў вялікі князь Жыгімонт Стары, у гэтай суме дзеці па смерці бацькі далі Марыне дварэц Моладава. Такім чынам, вядома, што Грычыны на пачатку XVI ст. валодалі маёнткамі Парэчча, Моладава, Праход, Варачэвічы, Моталь, Мерчычы, Крайновічы і іншымі. Попіс 1528 года згадвае сярод пінскіх баяраў удаву Мацвея Грычына ці Грычынавіча і яго сыноў — Кірдзея, Івана і Войну, названы тамсама Гаўрыла Грычынавіч, іх дзядзька. У 1539 годзе Марына запісала Моладава свайму сыну Войне (Барысу) Мацвеевічу. Апроч Моладава Война меў долю ў Любелі, Купяцічах, долю ў родавым Парэцкім маёнтку і 4 дварышчы тамсама, купленыя ў В. Тура.[2]

Нашчадкі Войны Мацвеевіча — Войны, вызнавалі праваслаўе, з канца XVI ст. пераходзілі ў каталіцтва, з XVII ст. некаторыя ўжывалі прыдомак Грычына, з XVIII ст. ужывалі графскі тытул.[4]

Радавод Грычынаў і Войнаў-Грычынавічаў правіць

Грычын (?)

  • Пронька Грычына
  • Кірыла Грычына
  • Святохна Грычына — служыла яшчэ пінскай княгіні Марыі (†1501), ад яе атрымала востраў Воін з дварышчам у Варачэвічах, таксама валодала людзьмі ў Давячоравічах. Потым служыла пінскім князям Фёдару і Алене, ад іх атрымала 3 «чалавекі» ў Кожчычах і 4 пустыя дварышчы ў Варачэвічах, Гліннай, Кашэвічах. Пазней аказалася, што кашэвіцкія людзі ўжо разаралі нададзеныя ён землі, таму яны былі заменены двума «астравамі» тамсама. У 1507 годзе ў Святохны ўзнік канфлікт з сялянамі Давячоравіч за борцяў, разбіраць спрэчку князі Фёдар і Алена прызначылі Ахмата Пятровіча, які вырашыў яе на карысць Святохны. У першым шлюбе была з Федкам Пятрышчавым (яшчэ ў 1501), у другім з Фёдарам Шчэпай (ужо ў 1506—1507). Перажыла абодвух мужоў і з дазволу каралевы Боны перадала свае «выслугі» роднаму брату Гаўрыле Грычыну.[3][5][6]
  • Мацвей Грычына, або Матфей Грычынавіч (? — паміж 1524/1528) — баярын пінскі, у 1490-я гады атрымаў ўладанні ў Пінскім павеце ад пінскай княгіні Марыі Сямёнавай і князя Фёдара Яраславіча, у 1524 годзе кароль Жыгімонт Стары пацвердзіў яму гэтыя наданні. Жанаты быў з Марынай († пасля 1539) невядомага роду.
    • Кірдзей Грычынавіч (зг. 1528 — да 26.2.1543) — абалецкі, усвяцкі і азярышчанскі «дзяржаўца» (1529—1533) каралевы Боны
      • Казімір Кірдзей Грычына — суддзя земскі пінскі
    • Іван (зг. 1528)
    • Война Мацвеевіч Грычына (Воін Матфеевіч Грычынавіч, хроснае імя Барыс; каля 1492 — 15.5.1582) — падкаморы пінскі (1567—1570), кашталян мсціслаўскі (да 1582), дзяржаўца лабенскі, бярштунскі, бяржанскі, ожскі, пераломскі, юрбаркскі. Станам на 1558 год ляснічы і неваднічы гарадзенскі, дзяржаўца лабенскі, пярстуньскі і бержніцкі[7]. Жанаты быў, паводле Банецкага, з Марынай невядомага роду. Паводле тастамента сына Сямёна, з Багданай Янушаўнай з Любельскіх. Магчыма, жанаты быў двойчы, бо чацвёртыя часткі складаных гербоў яго сыноў Лаўрына і Рыгора розныя.
      • Сямён (?—1599) — маршалак гаспадарскі ў 1584—1588, кашталян мсціслаўскі з 1588; цівун ужвенцкі з 1567, дзяржаўца паштоўскі, паморскі, палангскі, горждаўскі. Выслужыў у вял. кн. Жыгімонта Аўгуста маёнткі ў Жамойці. Жанаты з 1) Фядорай Фёдараўнай з Маноўскіх; 2) Гальшкай Севасцьянавай
        • (1) Мацвей (Мацей) (?—чэрвень 1607) — каралеўскі сакратар, вялікі пісар літоўскі з 1589, адначасова падскарбі надворны літоўскі з 1605; цівун ужвенцкі і паюрскі. Вялікі пасол у Маскву ў 1590—1591 гадах.
          • Станіслаў Казімір (?—11.2.1649) — каралеўскі пакаёвы дваранін, цівун гандынскі з 1637, стараста палангскі, вялікі кухмістр літоўскі з 1640. Жанаты быў з Альжбетай з Крышпін-Кіршэнштэйнаў, нашчадкаў яны не пакінулі, бо пасля смерці Альжбеты (1650-я) спадчыну па Станіславе атрымаў брат Уладзіслаў.
          • Ядвіга Ганна (?—1642), жонка Мікалая Сапегі
          • Кацярына — у шлюбе з 1) Казімірам Мікалаем Сапегам, 2) Пракопам Леснавольскім
          • Уладзіслаў (? — да 1675) — цівун ужвенцкі, староста гарждоўскі. У 1650-я гады атрымаў спадчыну па браце Станіславе. Жанаты быў двойчы, з Катарынай Альжбетай Шцібіх і Марыянай Плятэр.
            • (1) Мацей (? — пасля 1692) — пасля падзелу спадчыны з братам у 1675 годзе, прынамсі да 1692 года валодаў «дваром»[lt] у Грушлауке[lt][8].
            • (1) Бенедыкт
          • Міхал (?—1634) — харунжы жамойцкі, староста паюрскі, ротмістр каралеўскі
        • (1) Вінцэнт (?—1615) — ротмістр каралеўскі, дваранін каралеўскі, староста інтурскі
          • Кацярына
          • Ганна
          • Соф’я
        • (1) Андрэй
        • (1) Бенедыкт
        • (1) Аўдоцця
        • (1) Марына
        • (1) Ганна (? — каля 1644) — жонка 1) Аляксандра Валовіча, харунжага віленскага; 2) Андрэя Станкевіча, пісара земскага ковенскага
        • (2) Рыгор
        • (2) Аляксандр
          • Уладзіслаў
          • Міхал
        • (2) Варвара (Барбара) — жонка 1) Лукаша Мамоніча; 2) Марцыяна Гедройца
        • (2) Алена
        • (?) Юрый
        • (?) Васіль
        • (?) Абрам (Абрагам) (1569—1649) — канонік віленскі з 1599, біскуп-суфраган віленскі з 1611, тытулярны біскуп метонскі, біскуп жамойцкі ў 1627—1630 і віленскі з 1630.
      • Рыгор (?—1605) — суддзя земскі ваўкавыскі, войскі гарадзенскі, кашталян берасцейскі з 1593.
      • Сокал (?—1610) — кашталян мсціслаўскі (1599—1603) і берасцейскі (1603—1610); дзяржаўца і харунжы ожскі і пераломскі.
        • Крыштаф Сокал Война
      • Гаўрыла (Габрыэль) (?—1.1.1615) — сакратар каралеўскі, рэферэндар свецкі і вялікі пісар літоўскі у 1585—1589, падканцлер літоўскі з 1589; стараста мерацкі, краснасельскі, пянянскі, опсаўскі. Вялікі пасол у Маскву ў 1590—1591 гадах.
        • Ян — дзяржаўца мерацкі і краснасельскі (з 1615)
        • Міхал — дзяржаўца дружылаўскі (з 1615)
        • Стэфан — дзяржаўца опсаўскі (з 1615)
        • Станіслаў — езуіт
      • Бенедыкт (?—22.11.1615) — вучыўся ў Віленскай акадэміі і за мяжой. Сакратар каралеўскі пры кар. і вял.кн. Стэфане Баторыі, кусташ віленскі, пробашч троцкі з 1576, біскуп віленскі з 1600. Правёў паўторную кананізацыю св. Казіміра.
      • Лаўрын (Ваўжынец) (? — 23.10.1580) — падскарбі земскі літоўскі (з 1576)[9];
        • Андрэй Лаўрынавіч (? — паміж 19.6.1628/1630) — дваранін каралеўскі, крайчы вялікі літоўскі (1592—1620), падчашы вялікі літоўскі (з 1620), староста гарадзенскі (1602—1615), староста ваўкавыскі (з 1618).
          • Пётр Андрэевіч (? — да 10.3.1633) — староста навадворскі, ваўкавыскі (з 1626), падстолі вялікі літоўскі (з 1631).
        • Кацярына — жонка (з 1591) Яраша Станіслававіча Няміры-Астрамечынскага, лоўчага падляшскага
      • Дарота (да 1540 — да 1620), жонка Станіслава Белазора, падкаморага ўпіцкага[10]
      • Раіна (каля 1540 — пасля 1580) — ігумення (з 1580) пінскага Варварынскага манастыра
      • Ганна (каля 1540 — ?) — жонка Мікалая Дарагастайскага
  • Гаўрыла Грычынавіч (зг. 1521—1528) — войт вогіньскі (з 1521)
    • Андрэй Гаўрылавіч Грычын — мытнік гарадзецкі (1547)

Асобы з нявызначаным месцам у радаводзе правіць

  • Антоній Юзаф (? — да 4.7.1747) — канонік віленскі (з 1724), пісар вялікі літоўскі (1730—1740), прэпазіт троцкі (з 1736), сакратар духоўны літоўскі (з 1740).
  • Павел — родзіч і сучаснік Кацярыны Лаўрынаўны Войны. Напэўна, ён жа дваранін каралеўскі Павел Война, які ў 1619 годзе атрымаў пасаг у 10 000 злотых за сваёй жонкай Альжбетай, дачкой наваградскага ваяводы Мікалая Сапегі[11]. Напэўна, гэты ж дваранін каралеўскі Павел Война быў фундатарам кнігі «Сумарыюш кляйнотаў або гербаў дзяржавы і рыцарства Кароны Польскай і ВКЛ» (кампілятыўны гербоўнік з працаў Я. Бельскага і Б. Папроцкага і рукапісаў Станіслава Серафіна Ягадыньскага, багата аздоблены гравюрамі гербаў), які ў 1621 годзе ў Кракаве выдаў Станіслаў Германьскі з прысвечанай Паўлу Войну прадмовай і яго гербам з вершам «Na przezacny Kleynot Starosławnego Domu Jch M. PP. WOYNOM»[12].
  • Лукаш (?—1650) — харунжы ваўкавыскі (з 1645)

Зноскі

  1. а б Шаланда 2011.
  2. а б Грушевский 1903, с. 114.
  3. а б Грушевский 1903, с. 115.
  4. ЭнцВКЛ 2005, с. 461.
  5. Груша 2021, с. 59.
  6. Груша 2021, с. 61.
  7. НГАБ, ф. 694, воп. 4, адз.з. 1271, арк. 18.
  8. Paulius Vaniuchinas. Salantų dvaro valdytojai // Pajūrio naujienos. — 2004. — Nr. 55
  9. Peregrinationes sive peregrinationem Heinrichi Wolphii Tigurini brevis et compendiaria descriptio. — Polskie przypadki Henryka Wolfa z Zurychu z lat 1570—1578. — Warszawa, 1996. Паводле: Вольф Г. Перэгрынацыі або кароткае і сціслае апісанне вандраванняў Генрыха Вольфа з Цюрыха / Перакл. А. Белага // Спадчына. 1998. № 3(98). — С. 172—195.
  10. Olszewski J. Kazanie na pogrzebie Wielebnego w Bogu Prałata IMX Karola Jana Białozora Proboszcza Wileńskiego, Referendatora WKL. — Wilna, 1631.
  11. Сліж Н. Выпасажанне шляхцянак у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI—XVII стст. Архівавана 28 красавіка 2021. // Журнал беларускіх даследаванняў. — 2013. — Vol. 7, № 1. — С. 107.
  12. Шаланда 2011, с. 136.

Літаратура правіць

  • Груша А. И. Кого и за что князь Федор Иванович Ярославич одарил деревянным образком с сюжетом «Премудрость созда себе храм»? // Древняя Русь: вопросы медиевистики. — 2021. — № 2 (84), июнь. — С. 52-67.
  • Грушевский А. С. Пинское полесье : Ист. очерки. Ч. 1-[2]. — Киев : тип. Ун-та св. Владимира Н. Т. Корчак-Новицкого, 1901—1903. — 2 т.; 25. [Туров, Городок и Пинск в составе В. К. Литовского. Пинское староство к. Боны]. XIV—XVI вв.; [Пинские акты XV—XVI вв.]. — 1903. — 398 с. разд. паг., 2 л. карт. — Ч. 2. С. 114—115.
  • Пазднякоў В. Войны; Войны, Грычыны-Войны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 460-461. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  • Сліж Н. У. Сямейнае і штодзённае жыццё Гальшкі Гаслаўскай // Леў Сапега (1557―1633 гг.) і яго час : зборнік навуковых артыкулаў / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я. Купалы». ― 2007. — С. 270—276.
  • Спрогис И. Духовное завещание мстиславского каштеляна Семена Войны — 1599 г., 1-го марта // Чтения в Историческом обществе Нестора-летописца. Киев, 1898. Кн. 12.
  • Шаланда А. Сапраўдны гербоўнік шляхты Ваўкавыскага павета ў другой палове XVI—XVIII ст. (В) // Герольд Litherland № 18, 2011. — С. 129—142.
  • Ks. Wojciecha Wijuka Kojałowicza herbarz rycerstwa W. X. Litewskiego tak zwany Compendium czyli O klejnotach albo herbach, których familie stanu rycerskiego w prowincyach Wielkiego Xięstwa Litewskiego zażywają. — Kraków: Wydawnictwo «Herolda Polskiego», 1897. — S. 312—313.