Русь (верагодна, ад скандынаўскага кораню *roρs-) — першапачаткова назва ваенна-гандлёвых эліт скандынаўскага паходжання на тэрыторыі Усходняй Еўропы, потым сярэднявечнай усходнеславянскай дзяржавы; назва замацавалася за землямі ўкраінскага Падняпроўя, за іх славянскім насельніцтвам; у XIII—XIV стст. набывае этнаканфесійны сэнс, пашыраецца на ўсе ўсходнеславянскія землі, адсюль такія назвы як «Беларусь», «Расія» і пад.

Назва «русь» ва ўсходнеславянскіх крыніцах упершыню згадваецца пры апісанні падзей IX ст., і ўзнікла, відаць, на поўначы Усходняй Еўропы, у будучай Наўгародскай зямлі. Пытанне паходжання назвы ляжыць асобна ад пытання паходжання Кіеўскай дзяржавы і ад замацавання назвы за пэўнай тэрыторыяй або этнасам. Усе гэтыя пытанні моцна палітызаваныя з XVIII ст. і часта разглядаюцца з пазанавуковых пазіцый.

Актуальная тэорыя правіць

За час вывучэння паходжання назвы «Русь» прапаноўваліся славянскія, старажытнарускія, гоцкія, шведскія, іранскія, яфетычныя і іншыя версіі. Канчаткова пытанне не было вырашана, але адносна слова «русь» былі зробленыя дзве дастаткова пэўныя высновы: яно не было саманазвай славянаў; яно не было назвай якога-небудзь паўднёвага ўсходнеславянскага саюза ў перыяд фарміравання ранніх дзяржаўных аб’яднанняў.

У пачатку XXI ст. шырокапрызнанай тэорыяй з’яўляецца развіццё этноніма/хароніма «русь» у некалькі этапаў:

1. Пачатковым значэннем слова было, відаць, «войска, дружына», але магчымыя і вузейшыя значэнні «каманда баявога карабля, весляры» ці «пешае войска, апалчэнне». Да гэтых значэнняў летапіснага «русь» найбліжэй фінскае ruotsi, старажытнаісландскае roρs, рунічнае ruþ. Назва склалася на поўначы Усходняй Еўропы, населенай славянамі і фіна-уграмі, дзе так называлі скандынаваў з веславых суднаў; слова паходзіла ад скандынаўскага кораню *roρs- і было, магчыма, своеасаблівым экзаэтнонімам. Пазней адбыўся перанос назвы на княжацкія дружыны, бо ў іх складзе было шмат прафесійных воінаў-скандынаваў.

2. Назва пашырылася на збіральнікаў даніны (адной з традыцыйных функцый дружыны быў збор даніны) і ў выніку пачынае азначаць шырэйшы, надплемянны грамадскі слой, кансалідаваны вакол князя; прадстаўнікоў дружыны, купецтва, баярска-княжацкай адміністрацыі; але захоўваецца і ранейшае, вузейшае значэнне слова — «дружына».[1] Яшчэ ў XI ст. «русин» у «Рускай праўдзе» Яраслава Мудрага — гэта «гридин, любо коупчина, любо ябетник, любо мечник»[2].

3. Перанос назвы варажскай русі на ўсходнеславянскае дзяржаўнае ўтварэнне, створанае пры ўдзеле скандынаваў — Кіеўскую Русь, а таксама на насельніцтва Сярэдняга Падняпроўя. Такі перанос адбыўся, відаць, на працягу X—XI стст.[2].

4. Назва набывае этнаканфесійны сэнс, ахоплівае ўсе ўсходнеславянскія землі (часам шырэй), што прасочваецца па літаратурных творах і граматах XIII—XIV стст.

Не выключана, што амафанічныя ці блізкія па гучанні тапонімы і этнонімы з каранямі *ros- / *rus-, якія сустракаюцца ў старажытнарускіх, грэчаскіх, скандынаўскіх, гоцкіх, лацінска- і арабамоўных крыніцах, маглі мець рознае паходжанне і толькі пазней былі кантамінаваныя. Гэта магло стварыць дадатковыя цяжкасці ў вывучэнні пачатковых значэнняў такіх тэрмінаў.

Галоўныя праблемы актуальнай тэорыі: назвай азначаюць прадстаўнікоў розных народаў; слова не сустракаецца ў скандынаўскіх крыніцах; незразумела, чаму запазычана было менавіта гэтае слова, а не «варагі» (якое таксама не сустракаецца ў скандынаўскіх крыніцах); калі слова скандынаўскае, то чаму не атрымала ва ўсходнеславянскім ужытку формы множнага ліку (як для ўсіх іншых народаў Еўропы).

Палітызацыя правіць

Навуковы разгляд пытання значна ўскладнены яго палітызацыяй. Так, настойліва шукаліся славянскія карані назвы, асабліва ў вядомых тапонімах (Рось — М. М. Ціхаміраў, паселішча Руса/Старая Руса, востраў Руяна/Руген). У ліку актыўных прыхільнікаў такой тэорыі быў Б. А. Рыбакоў. Рабіліся спробы (О. Н. Трубачоў, Д. Л. Таліс, Д. Т. Беразавец) звязаць назву «Русь» з крымскімі тапонімамі гоцкага паходжання — Расатар, Рукуста, «Rogastadzans» Іардана і інш. Але лінгвістычныя абгрунтаванні такіх тэорый прызнаюцца непераканаўчымі.

Зноскі

  1. Думка пра этап сацыяльнай функцыі назвы абгрунтоўвалася, напрыклад, Г. Ф. Кавалёвым.
  2. а б Кирпичников А. Н., Дубов И. В., Лебедев Г. С. Русь и варяги: Русско-скандинавские отношения домонгольского времени // Славяне и скандинавы. М., 1986, С. 202—205, як працыт. у: Данілеўскі, С.59—61.

Літаратура правіць

  • Данилевский И. И. Древняя Русь глазами современников и потомков (IX—XII вв.); Курс лекций: Учебное пособие для студентов вузов. — М.: Аспект Пресс, 1998. — 399 с. ISBN 5-7567-0219-9
  • Кром М. М. Патриотизм, или Дым отечества / Михаил Кром. — СПб.: Издательство Европейского университета в Санкт-Петербурге, 2020. — 160 с. ISBN 978-5-94380-309-3
  • Мельникова Е. А., Петрухин В. Я. Название «Русь» в этнокультурной истории Древнерусского государства (IX—X вв.) // Вопросы истории. — Москва, 1989. — № 8. — С. 24—38.
  • Толочко А. П. Очерки начальной Руси. — 2-е изд. — Киев: Laurus, 2018. — 333 с. — ISBN 978-966-2449-99-0