Рэджа́нгцы (індан.: Suku Rejang, саманазва: Rejang) — аўстранезійскі народ, жыхары паўднёва-заходняй часткі Суматры. Жывуць пераважна ў правінцыі Бенгкулу. Агульная колькасць (2014 г.) — 401 000 чал.[1]

Рэджангцы (Rejang)
Агульная колькасць 401000
Рэгіёны пражывання Інданезія
Мова рэджангская
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы серавай, пасемё

Гісторыя правіць

Продкамі рэджангцаў з'яўляюцца старажытныя аўстранезійцы. Іх перасяленне на Суматру адбывалася ў выніку некалькіх хваль на працягу 3 - 2 тысячагоддзяў да н. э. Некаторыя лінгвісты на аснове аналізу рэджангскай мовы сцвярджаюць, што галоўную ролю ў фарміраванні рэджангцаў адыгралі перасяленцы з Калімантана.

У першай палове XIX ст. землі рэджангцаў былі падначалены галандцамі. Згодна паведамленням галандскіх чыноўнікаў у Бенгкулу, рэджангцы падзяляліся на 5 моўна-племянных груп, кожная з якіх была падначалена асабістаму правадыру. Арыгінальная культура рэджангцаў моцна пацярпела, калі ў канцы XIX ст. у іх землях было знойдзена золата. У гэты раён накіравалася вялікая колькасць іншаэтнічных здабытчыкаў. Хуткае распаўсюджванне грашовых адносін прывяло да заняпаду мясцовага традыцыйнага побыту. Аднак тубыльцы захавалі звычаёвае права, танцавальнае і песеннае мастацтва. У 1945 г. землі рэджангцаў трапілі ў склад Інданезіі.

Асаблівасці культуры правіць

Рэджангцы жывуць пераважна ў далінах горных рэк. Асноўны занятак — земляробства. Лічацца добрымі рыбаловамі і паляўнічымі. У нашы дні таксама працуюць наёмнымі рабочымі на плантацыях і ў лясной гаспадарцы. Укараненне ў канцы XIX ст. грашовых адносін прывяло да вялікіх страт традыцыйнай матэрыяльнай культуры, перайманню побыту іншаэтнічных груп. Нават вопратку рэджангцы купляюць у суседніх плямён. Разам з гэтым, культура рэджангцаў лічыцца малаадаптыўнай, паколькі яны ігнаруюць многія выгоды сучаснай цывілізацыі і пагардліва ставяцца да іншаземцаў.

Галоўнай сацыяльнай адзінкай з'яўляюцца вясковыя абшчыны, якія складаюцца з 10 - 15 сваяцкіх гаспадарак. Традыцыйныя сем'і вялікія пашыраныя. Адлік сваяцтва вядзецца толькі па лініі бацькі. Дзеці ад сумесных шлюбаў жанчын-рэджангцаў з прадстаўнікамі іншых этнасаў атрымоўваюць ніжэйшы статус у абшчыне, чым карэнныя рэджангцы. Вылучаюцца высакародныя сем'і кутэі, якія лічацца заснавальнікамі вёскі або цэлага населенага раёна. З іх шэрагу выбіраюцца правадыры кутэі-туі-кутэі. Рэджангцы маюць адзіныя для ўсіх традыцыйнае права, што значна адрозніваецца як ад дзяржаўнага заканадаўства, так і ад норм іслама. Правадыры даўно згубілі магчымасць безумоўнага кіравання супляменнікамі, аднак захавалі свае функцыі суддзяў.

Рэджангцы знакаміты песенным і танцавальным мастацтвам, у тым ліку папулярнымі дзявочымі танцамі.

Мова правіць

Рэджангская мова належыць да малайска-палінезійскай групы аўстранезійскай моўнай сям'і. Падзяляецца на 5 буйных дыялектаў. Рэджангцы маюць арыгінальную пісьмовасць каганга на аснове старажытнаіндыйскага пісьма брахмі.

Рэлігія правіць

Большасць вернікаў — мусульмане-суніты.

Зноскі

Спасылкі правіць